Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы жывуць у альтэрнатыўным сусьвеце»


Расея не жыве ў той самай рэчаіснасьці, у якой жывуць іншыя грамадзтвы.

Да такой высновы прыходзіць амэрыканскі журналісты Марк Адаманіс, які спэцыялізуецца ў расейскіх эканамічных і дэмаграфічных пытаньнях.

«Я нядаўна пераехаў у Маскву, дзе цяжка не заўважыць, да якой ступені расейскае грамадзтва апынулася ў альтэрнатыўным сусьвеце. Нават высокаадукаваныя, рафінаваныя людзі, якія шмат падарожнічалі па Эўропе і Паўночнай Амэрыцы, часта выказваюць меркаваньні, якія, у амэрыканскім кантэксьце, характэрныя тым асобам, хто носіць шапачку з фальгі, каб абараніць сябе ад паражэньня сакрэтнай псыхічнай зброяй», — піша Марк Адаманіс у The Washington Post.

Пра расейскую рэакцыю на зьбіваньне малайзійскага авіялайнэра MH17 журналіст адзначае наступнае:

Расейцы падтрымліваюць і памнажаюць свае ўласныя тэорыі наконт шмат якіх падзеяў міжнароднай значнасьці

«Расейскія СМІ поўняцца тэорыямі змовы: MH17 быў зьбіты НАТО, каб выклікаць канфлікт з Расеяй; у MH17 былі не жывыя пасажыры, але трупы тыднёвай даўнасьці; MH17 быў зьбіты таму, што яго памылкова прынялі за асабісты рэактыўны самалёт Уладзіміра Пуціна (як быццам зэнітныя ракеты былі нацэленыя не радарам, а некім з сапраўды вялікім біноклем). Адзіная тэорыя, якая ва ўсім гэтым адсутнічае, гэта: прарасейскія сэпаратысты выпадкова зьбілі цывільны авіялайнэр, прыняўшы яго за ўкраінскі вайскова-транспартны самалёт».

Расейцы, заўважае аўтар, падтрымліваюць і памнажаюць свае ўласныя тэорыі наконт шмат якіх іншых падзеяў міжнароднай значнасьці:

«Расейскія меркаваньні пра любое іншае пытаньне, якое толькі можа прыйсьці вам у галаву, радыкальна адрозьнівацца ад кансэнсусу, які існуе наконт іх у Амэрыцы. Расейцы маюць моцна адрозныя меркаваньні пра канфлікт у Сырыі — яны глядзяць на вайну ў гэтай нешчасьлівай краіне не як на мужнае змаганьне за свабоду, але як на хаатычную вайну ўсіх супраць усіх. Яны маюць розныя погляды на вайну ў Лібіі, дзе яны бачаць скіданьне Кадафі не як новы пачатак для краіны, але як пачатак хаосу і беспарадку. Яны маюць розныя погляды на тэрарыстычныя атакі 11 верасьня 2001 году — шакуе вялікая колькасьць расейцаў, якія падтрымліваюць „альтэрнатыўныя“ вытлумачэньні аднаго з найбольш старанна дасьледаваных і дакумэнтаваных тэрактаў у гісторыі. Нават нешта такое, здавалася б, простае і непалітычнае, як удар мэтэарыта, спарадзіў шэраг мудрагелістых тэорый і псэўданавуковых „вытлумачэньняў“, як, прыкладам, пачатак іншаплянэтнага ўварваньня або тэставаньне новай амэрыканскай супэр-зброі. Гэтыя вар’яцкія ідэі („прышэльцы атакуюць Сыбір!“, „масоны адказваюць за атакі 9/11!“) былі б даволі пацешнымі, калі б у іх не выяўляўся такі трагічны дэфіцыт розуму».

Марк Адаманіс заключае:

«Як і многія амэрыканцы, я раней лічыў, што гэтыя адрозьненьні зьнікнуць з часам, і што пасьля таго, як яны пападарожнічаюць па сьвеце, папрацуюць і разбагацеюць, расейцы нарэшце пачнуць думаць усё больш і больш падобным з намі чынам. Пасьля выбуху ўкраінскага канфлікту і крушэньня малайзійскага авіялайнэра я значна менш аптымістычны наконт гэтага. Нягледзячы на адпрэчаньне камунізму зь яго заклікам да сусьветнай рэвалюцыі, Расея, падобна, становіцца ўсё больш, а ня менш адрознай ад Злучаных Штатаў. Яна ня толькі мае сваю ўласную сыстэму думаньня — яна цяпер мае свае ўласныя факты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG