Адказвалі мінакі на магілёўскай плошчы Славы, якая ўпрыгожаная трыма дзясяткамі дзяржаўных беларускіх сьцягоў.
Спадар: «Я наагул ня ведаю, навошта яны іх вывешваюць. Нібыта ж мы ў Беларусі жывём. Пры чым тут Расея? Мне бліжэй беларускія, свае».
Спадар: «Пры чым тут у нас расейскае? Няхай у сябе ў Расеі вывешваюць. Некаторыя кажуць, што прыгожа. Ведаю, што некаторыя вывешваюць як цацку якую. Мо некаторыя лічаць сябе расейцамі. У нас сымболіка павінна быць свая. Я за стары наш сьцяг — бел-чырвона-белы».
Спадар: «Нармальна стаўлюся. Расея ж — саюзная дзяржава. Я ніводнага разу ня бачыў, каб некаму: „Ах, ты з расейскім трыкалёрам, то на табе за гэта“. У мяне беларуская вісіць. Я ж беларус, чаму павінен вывешваць расейскую?»
Спадар сталага веку: «Няма ў мяне расейскай. Навошта яна мне трэба? Яны самі па сабе, а мы самі па сабе. Я наагул лічу, што Расея — бандыцкая краіна. Маладым жа людзям усё роўна, што вешаць. Ім жа грошы трэба зарабляць. Які гонар? Вы гаворыце па-беларуску, а я ня ўмею. З маіх сяброў мо пяцёра толькі могуць гаварыць па-беларуску. Вось вам і Беларусь».
Малады спадар: «Гэта іхная справа. Я б ня вешаў — мне гэта не патрэбна. Што я гэтым буду паказваць? У мяне Беларусь, навошта мне Расея?»
Спадар сталага веку: «Хочуць яны сымбалі чужой краіны насіць, то калі ласка. Я не магу ім гэтага забараніць. Я крыху стараўся лепей гісторыю вывучаць — не заўжды мы з Расеяй былі настолькі дружныя. Мне сьцяг не перашкаджаў бел-чырвона-белы. Ён да 95-га быў дзяржаўны, як і герб „Пагоня“. А гэтыя во, дык яны падпраўленыя з узору 1951 году — усяго толькі».
Малады спадар: «Я б не вывешваў ніякай сымболікі ў сваёй машыне, бо гэта абмяжоўвае агляднасьць. А што да астатніх, якія вывешваюць, дык у нас свабодная краіна. Некаторыя ж носяць майкі з амэрыканскім сьцягам. Тут кожны на што здольны».
Спадар сталага веку: «У кожнага свае інтарэсы. Я гэтага не асуджаю. Мы ж ад Расеі залежым. Мы ж яшчэ братэрскія краіны. Не было б Расеі — мы б значна горш жылі».
Юнак: «У гэтым няма ніякага сэнсу, акрамя таго, што яны паказваюць сваю прыхільнасьць да пэўнай дзяржавы. І калі яны хочуць жыць у Расеі, то няхай бы яны там і жылі ды вывешвалі там свае сьцягі».
Юнак: «Стаўлюся нармальна да гэтага. Ну, можа, гэтыя людзі з Расеі. Я б сам не ўпрыгожваў іхнымі сьцягамі сваю машыну, бо я беларус, а Расея — чужая краіна».
Спадар сталага веку: «Ну й няхай. Мы адна дзяржава брацкая. Я магу і амэрыканскі павесіць, калі мне падабаецца. Але я аддаю перавагу сваёй беларускай. Во тут беларускія сьцягі. Прыгожа? Прыгожа!»