Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Расейскія сьцяжкі ў салёнах машын


У беларускіх гарадах, асабліва на ўсходзе краіны, нямала аўтаўладальнікаў вывешваюць у салёнах сваіх машын расейскую сымболіку.

Расейскія сьцяжкі з расейскім жа гербам, як правіла, прадаюць аўтамабілістам за бесцань глуханямыя вулічныя гандляры. Шмат хто купляе. Чаму кіроўцы вывешваюць атрыбутыку суседняй дзяржавы, што яны гэтым дэманструюць? Што думаюць пра калегаў аўтамабілісты, якія прынцыпова ня маюць расейскіх сьцяжкоў у сваіх машынах?

Бальшыня магілёўскіх аўтаўладальнікаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, пераконвалі, што расейскую сымболіку ў салёне машыны вывесілі бязь нейкіх думак. Тлумачылі, што сьцяжкі набылі, спагадаючы глуханямым прадаўцам, якія прапаноўваюць іх купіць на скрыжаваньнях буйных гарадзкіх магістраляў, пакуль машыны стаяць на сьвятлафоры.

Некаторыя, аднак, заяўлялі, што вывесілі расейскую атрыбутыку з прынцыповых перакананьняў. Для іх такой краіны, як Беларусь, не існуе, альбо яна можа існаваць толькі дзякуючы падтрымцы Расеі.

«Беларускі і расейскі народ — браты. Яны павінны жыць разам — у адной моцнай, дружнай краіне», — даводзіць сваю пазыцыю ўладальнік багатага з выгляду аўто. Сябе называе прадпрымальнікам. «Рэспубліка Беларусь, — працягвае ён, — проста існаваць ня зможа. Мы арыентаваныя на расейскі рынак. Уся прадукцыя прадаецца там. Без расейскага газу, сыравіны, нафты мы ня можам спакойна існаваць», — кажа аўтаўладальнік з расейскім сьцяжком у салёне.

Беларусь, лічыць ён, страціла шанец стаць сапраўды незалежнай: «Той час даўно мінуўся. Гэта трэба было рабіць у 1992–93 гадах. Калі разваліўся Савецкі Саюз, у нас была прамысловасьць, якая працавала. Трэба было ўкладаць грошы ў мадэрнізацыю, і тады б мы ні ад кога не залежалі».

Суразмоўца перакананы, што такой краіны, як Беларусь, ніколі не існавала. «Мы ўвесь час былі зь некім», — лічыць ён. «Вось, у прыватнасьці, Магілёў, — даводзіць аўтаўладальнік, — заўжды быў у Расейскай Фэдэрацыі. І Мікалай ІІ адрокся ад прастолу тут, у Магілёве. Я лічу сябе практычна расейцам. Хоць я нарадзіўся ў Беларусі — я люблю гэтую краіну, я люблю гэты талерантны народ. Але гэтую краіну я ня бачу „самасьційнай“».
Я лічу сябе практычна расейцам. Хоць я нарадзіўся ў Беларусі — я люблю гэтую краіну, я люблю гэты талерантны народ. Але гэтую краіну я ня бачу „самасьційнай“

Іншая група магілёўскіх аўтамабілістаў, якія сьвядома прымацавалі расейскі сьцяжок у сваёй машыне побач зь дзяржаўным беларускім, не паглыбляюцца ў эканамічныя выкладкі наконт узаемадачыненьняў Беларусі і Расеі. Беларусь, націскаюць яны, ня можа быць сувэрэннай краінаю, і ўсё тут.

«Я не падзяляю Беларусь і Расею. Я лічу іх адным цэлым», — зазначае адзін з такіх аўтаўладальнікаў. Расейская гаворка ягоная — з моцным беларускім акцэнтам. «Мы ўсё жыцьцё былі разам, і гэтак павінны заставацца. Яны ж таксама бяз нас ня могуць. І мы бязь іх. Вось брат бяз брата ці можа? Вось і тут так».

Некаторыя ўладальнікі аўто з расейскімі сьцяжкамі адказвалі каротка: «Я падтрымліваю саюз Расеі і Беларусі — брацкіх славянскіх народаў». Часам дадавалі мацюкоў на адрас украінцаў, якія нібыта парушылі гэты саюз.

У Магілёве сярод мноства расейскіх сьцяжкоў у машынах ёсьць і іншыя. У адным са сквэраў гораду ў прыпаркаваным аўто ўгледзеў украінскі сьцяг. Высьветлілася, што ўладальнік машыны ўкраінец. Называе сябе ўкраінскім нацыяналістам. Быў на Майдане.

«Я ўкраінскі нацыяналіст, а гэта азначае, што я ня лезу ў справы Беларусі, пакуль самі беларусы не захочуць нешта ў сябе зьмяніць. Дужа прыкра, што беларусаў ужо амаль няма. Я калі сюды прыехаў, то думаў — як тут буду жыць, бо ня ўмеў па-беларуску гаварыць. А па-беларуску я ўбачыў, калі прыехаў, толькі адзін надпіс: «Квітней, Беларусь», — тлумачыць сваю пазыцыю адносна расейскіх сьцяжкоў у аўтамабілях беларусаў магілёўскі ўкраінец.

Суразмоўца адзначае: ягоныя знаёмцы-беларусы прызнаюцца, што такая сытуацыя дужа кепская, але мяняць нічога ня хочуць, дый ня ведаюць, як мяняць. За маленькімі расейскімі сьцяжкамі беларусы ня бачаць вялікіх: «Яны ўжо вырасьлі. Беларусь ужо акупаваная», — лічыць магілёўскі ўкраінец. Мякка выйсьці з такой сытуацыі ня ўдасца, — працягвае ён. «Толькі пры рэзкіх зьменах у Расеі Беларусь можа сама сябе вярнуць. Вярнуцца да сваіх каранёў. Да сваёй самастойнасьці».

Трапляюцца яшчэ на магілёўскіх вуліцах і машыны з нацыянальнай беларускай сымболікай. Адна такая з вывешанай Пагоняю стаяла непадалёк ад аўто, у якой быў украінскі сьцяг.
Рэдкае выключэньне. Магілёўская машына зь беларускай нацыянальнай сымболікай
Рэдкае выключэньне. Магілёўская машына зь беларускай нацыянальнай сымболікай

Кіроўца пытаньню, чаму ён вывесіў вымпел з Пагоняю, зьдзівіўся. «Таму што гэта нацыянальны старадаўні беларускі герб», — адказаў ён каротка. Тым жа, хто чапляе расейскія сьцяжкі ў сваіх машынах, суразмоўца параіў спачатку падумаць, што яны вывешваюць: «Спачатку пачытайце, вывучыце гісторыю свайго краю, а потым вешайце», — раіць ён.

«Я адмоўна стаўлюся да такіх людзей, — працягвае ўладальнік мінівэна з Пагоняю. — Яны паддаюцца ідэалёгіі Крамля. Людзі мала цікавяцца сваёй гісторыяй. Прывыклі давяраць тым СМІ, якія ў нас, а яны ўсе прарасейскія, таму гэтыя людзі асабліва і не задумваюцца, што вывешваюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG