Сёньня на радзіму будуць дастаўлены целы першых 50 ахвяр трагедыі ў небе над Данбасам.
З 298 чалавек, якія загінулі на борце самалёта «Малайзійскіх авіяліній», 193 былі галяндцамі.
Паводле назіральнікаў АБСЭ ва Ўкраіне, больш за 200 цел былі дастаўленыя 22 ліпеня з кантраляванай прарасейскімі баевікамі тэрыторыі ў Харкаў. Каманда Інтэрпола пачатку ідэнтыфікацыю цел загінуўшых.
Назіральнікі АБСЭ сьцьвярджаюць, што на месцы крушэньня яшчэ ёсьць рэшткі цел. Украінскія і заходнія афіцыйныя асобы кажуць, што ўсё больш дадзеных сьведчыць аб тым, што самалёт 17 ліпеня быў зьбіты прарасейскімі сэпаратыстамі.
Самалёт авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі», які ляцеў рэйсам MH17 Амстэрдам (Нідэрлянды) — Куала-Лумпур (Малайзія), пацярпеў крушэньне 17 ліпеня на ўсходзе Украіны. Загінулі 298 чалавек.
СБУ распачала крымінальную вытворчасьць па артыкуле «тэракт». Акрамя таго, СБУ апублікавала запісы размоваў прарасейскіх баевікоў, з якіх вынікае, што самалёт зьбілі менавіта іх людзі. СБУ таксама заяўляе, што мае і доказы, што дастаўленымі з Расеі зэнітна-ракетнымі комплексамі «Бук» кіравалі расейскія ваенныя спэцыялісты.