Група беларускіх дзяцей, якія раніцай 19 ліпеня на трасе Варна — Русе трапіла ў аварыю, атрымала ў Румыніі шэнгенскія візы і вяртаецца на радзіму. Пра гэта распавёў начальнік упраўленьня інфармацыі, прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык:
«Дзецям і асобам, якія іх суправаджаюць і ў якіх скончыўся тэрмін дзеяньня дакумэнтаў для ўезду ў шэнгенскую зону, былі выдадзеныя шэнгенскія візы, яны вяртаюцца на радзіму».
Паводле паведамленьняў баўгарскіх СМІ, аўтобус зь беларускімі дзеткамі рухаўся на невялікай хуткасьці па трасе Варна — Русе і нечакана зьехаў у кювэт. Паводле папярэдняй інфармацыі, у 48-гадовага баўгарскага кіроўцы здарыўся інсульт. Ніхто зь дзяцей не пацярпеў. Пасьля замены аўтобуса каля сотні чалавек мусілі затрымацца ў Румыніі, бо ў некаторых з прычыны затрымкі скончыліся шэнгенскія візы. Сытуацыя была на кантролі беларускіх амбасадаў у Баўгарыі, Румыніі і Вугоршчыне.