Нягледзячы на тое, што колькасьць патанулых зьнізілася на 28,7% у параўнаньні з 2013 годам, практычна штодзённа летам паступаюць тэлефанаваньні пра такія здарэньні, — паведамляюць у МНС.
У 2014 годзе ў Беларусі патанулі 239 чалавек, зь іх 14 непаўналетніх. Яшчэ 260 асобаў удалося ўратаваць, паведамляе БелаПАН.
Неасьцярожных адпачыньнікаў ратуюць працаўнікі МНС, працаўнікі Таварыства ратаваньня на вадзе і выпадковыя сьведкі. На жаль, не заўсёды ўдаецца пазьбегнуць трагедыі. Гэтак, 9 ліпеня абарвалася жыцьцё мужчыны ў Мастоўскім раёне ў рацэ Нёман. Выкінуўшы з хуткай плыні 14-гадовага падлетка, сам ён быў падхоплены ракой і патануў.
У Берасьцейскай вобласьці 11-гадовы вучань 4-га клясы, жыхар Пружанаў, які ня ўмеў плаваць, трапіў на глыбокае месца, але яго выцягнулі з вады ратаўнікі.
На возеры Дрывяты ў Віцебскай вобласьці ў зоне дзеяньня ратавальнай станцыі 7 ліпеня падчас плаваньня на чоўне пры рэзкім парыве ветру не змагла справіцца з кіраваньнем жыхарка Менску. Яе таксама выцягнулі з вады ратаўнікі.