Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Рудакоў сыходзіць з Іркуцкага таварыства беларускай культуры (ФОТА)


Алег Рудакоў
Алег Рудакоў

Алег Рудакоў, адзін з самых актыўных прапагандыстаў беларушчыны ў замежжы, канчаткова разьвітаўся з Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК).

На чале заснаванай ім арганізацыі спадар Рудакоў адпрацаваў 17 гадоў, пасьля чаго адмовіўся пераабірацца на новы тэрмін і фактычна перадаў паўнамоцтвы сваёй наступніцы Алене Сіпаковай. Да ліпеня гэтага году Алег Рудакоў заставаўся ў складзе рады таварыства, але ўрэшце пастанавіў выйсьці і адгэтуль. Чым выкліканы такі радыкальны крок? Інтэрвію запісаў Ігар Карней.

Прыбайкальскія беларусы
Прыбайкальскія беларусы

— Спадар Алег, вы, безь перабольшваньня, адна з самых пазнавальных асобаў беларускай дыяспары. Чаму вырашылі спыніць супрацоўніцтва з уласным жа дзецішчам?

— Год таму я сышоў толькі з пасады кіраўніка, але заставаўся ў складзе абласной рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры. Шмат якія мерапрыемствы на працягу гэтага году я арганізоўваў альбо сумесна з новым кіраўніцтвам, альбо нават дзесьці браў на сябе поўную адказнасьць за правядзеньне той ці іншай імпрэзы. А гэты год я акрэсьліў такім чынам (у мяне гэта было нават у плянах), каб паглядзець, як новае кіраўніцтва будзе наладжваць стасункі, як будзе арганізоўваць мерапрыемствы, ці здолее стварыць новую каманду, якая была б дзейснай. Паназіраўшы збоку, я бачу: усё адбылося як трэба, на што я спадзяваўся, так яно і атрымалася. У нас тут на сёньня я ўвогуле магу зьехаць куды-небудзь у далёкую краіну ці да родзічаў у Беларусь, але хачу засьведчыць: у Іркуцку стварылася вельмі моцная беларуская дыяспара, яна будзе працаваць у любым выпадку.

Сьпеў ад “Крывічаў”
Сьпеў ад “Крывічаў”

Тут зьявіліся самастойныя лідэры, прычым ня толькі ў самім горадзе Іркуцку, але паўсталі вельмі моцныя лідэры ў нашых суполках па Іркуцкай вобласьці, у раёнах. Гэта і ў Балаганскім раёне, і ў Баяндаеўскім раёне. Напрыклад, вёска Тургенеўка, вёска Ахіны, іншыя вёскі. То бок там ёсьць свае суполкі, грамадзкія аб’яднаньні, дзіцячыя гурты. Некаторыя, як у вёсцы Чарчэт Тайшэцкага раёну і ў вёсцы Тургенеўка Баяндаеўскага раёну, стварылі нават свае батлейкі. У Іркуцку няма батлейкі, а ў іх ёсьць. Дзеці туды ходзяць, ставяць зь лялькамі розныя спэктаклі і такім чынам вучаць беларускую мову. Дарэчы, самі робяць гэтыя лялькі. Іншымі словамі, у Іркуцкай вобласьці стварылася вельмі моцная беларуская плынь, і гэтая плынь усё пашыраецца і пашыраецца. І таму, пабачыўшы, што ўсё атрымліваецца як мае быць, я вырашыў: паколькі ёсьць каму займацца дзейнасьцю Іркуцкага таварыства беларускай культуры, то няхай людзі надалей гэтым і займаюцца.

Падчас фэстывалю культураў
Падчас фэстывалю культураў

— І ўсё ж прызнайцеся: супярэчнасьці з новым кіраўніцтвам ёсьць?

— Справа ў тым, што калі застаесься ў кіраўніцтве альбо нават у шэрагах таварыства, то ўсё роўна выказваеш сваю пазыцыю, выказваеш пэўныя думкі, погляды. І зразумела, што гэтыя погляды не зусім супадаюць з думкамі, поглядамі новага кіраўніцтва. Узьнікаюць нейкія спрэчкі. А гэтых спрэчак у грамадзкай арганізацыі, я думаю, быць не павінна. Таму акурат праз год, літаральна 5 ліпеня, я напісаў заяву, што ўвогуле выходжу са складу ІТБК, і новаму кіраўніцтву (хоць, безумоўна, яны гэтага не хацелі) патлумачыў, што ад гэтага моманту зусім ня буду ня тое што арганізоўваць мерапрыемствы Іркуцкага таварыства беларускай культуры і адказваць за іх правядзеньне, але ня буду нават прыходзіць на гэтыя мерапрыемствы. Менавіта дзеля таго, каб новае кіраўніцтва, так скажам, зацьвердзілася ў сваіх пасадах, у сваіх кірунках, у сваіх дзеяньнях і г. д. То бок каб усе ўжо зразумелі: усё, няма тут Алега Рудакова, тут ёсьць іншыя людзі, яны вядуць сваю працу па-свойму. Вось няхай яны яе надалей і вядуць.

У атачэньні суровай Сыбіры
У атачэньні суровай Сыбіры

— Але ж гэта ж не азначае, што вы цалкам спыняеце працу на карысьць беларушчыны?

— Не, вядома. У нас тут ёсьць яшчэ адно грамадзкае аб’яднаньне, якое называецца моладзевы клюб «Крывічы». Пры гэтым моладзевым клюбе ёсьць гурт аўтэнтычнага сьпеву «Крывічы» (кіраўніца гурту і старшыня клюбу — Воля Галанава). Я таксама ў гэтым гурце сьпяваю і ўдзельнічаю ў некаторых іншых праектах. Што тычыцца моладзевага клюбу «Крывічы», то я застаюся актыўным яго сябрам. Бо гэта трошкі іншае, іншы кірунак, ён больш вузкі. Там не такая маштабная дзейнасьць, як у Іркуцкім таварыстве беларускай культуры, тут накіраваньне крыху вузейшае. Дык вось у гэтых вузейшых накіраваньнях я буду актыўна ўдзельнічаць.

Цяпер я ў большай ступені хачу ладзіць этнаграфічныя вандроўкі па беларускіх вёсках. І ня толькі вандроўкі, а таксама шукаць актыўных людзей, каб яны таксама ў гэтых вёсках нейкім чынам спрычыняліся да беларускай справы. Безумоўна, буду зьбіраць этнаграфічны матэрыял, буду зьбіраць старажытныя сьпевы, будзем у межах гурту «Крывічы» гэтыя сьпевы адраджаць, сьпяваць іх па-новаму. І гістарычныя веды, якія буду паралельна атрымліваць, я спадзяюся, што таксама займеюць працяг — праз год, можа праз паўтара будзе выдадзена кніга, прысьвечаная беларусам Прыбайкальля. Гэта будзе такі збор розных расповедаў пра тое, як беларусы тут зацьвердзіліся, у гэтым рэгіёне. Ён будзе аб’ядноўваць розныя гады — пачынаючы ад XVII стагодзьдзя і заканчваючы сёньняшнім днём. Такія вось у мяне пляны, насамрэч глябальныя. Усё ахапіць і зрабіць усё роўна немагчыма, таму чым больш жывеш, разумееш: жыцьцё ўсё ж не такое вялікае, як хацелася б, таму трэба ад чагосьці адмаўляцца. Тым больш, ёсьць каму ўжо мяне замяніць — на тых самых відах дзейнасьці ў Іркуцкім таварыстве беларускай культуры.

Купальле пад Іркуцкам
Купальле пад Іркуцкам

— Спадар Алег, ці ёсьць усё ж жаль ад такога павароту падзеяў? Столькі сілаў, энэргіі, нават, патасна кажучы, душы ўкладзена ў беларускую справу?

— Ведаеце, каб я бачыў, што наша таварыства зьнікае і ўсё, скажам так, развальваецца, тады быў бы, безумоўна, жаль. Але я гэтага ня бачу. Я, наадварот, бачу, што ёсьць новы актыў, што будзе ісьці нейкая праца. Само сабой, я нават не сумняюся ў тым, што некаторыя кірункі дзейнасьці, якія заклаў я, відаць, новае кіраўніцтва будзе адхіляць. Але ўсё роўна сам рух беларускі будзе працягвацца, будзе разьвівацца. Я думаю, што тое ж самае новае кіраўніцтва — яно амбітнае. Яно пажадае зацьвердзіцца, пажадае сказаць: о, ды мы без Алега Рудакова яшчэ лепш будзем рабіць! Ну і хай гэта робяць, бо гэта для мяне і пэўны выклік таксама! Так што наадварот: я вельмі задаволены і вельмі шчасьлівы. І пры гэтым спадзяюся, што ўсё будзе добра. Самае галоўнае, што шмат хто з этнічных беларусаў тут пачаў сябе лічыць сапраўдным беларусам, нашчадкам беларусаў. Некалі забыліся пра свае карані, забыліся, што іх продкі калісьці там даўно прыехалі сюды зь Беларусі. А цяпер яны гэта ўзгадалі. Магу канстатаваць: у нас у Іркуцку сфармавалася вельмі шчырая беларуская плынь, людзі будуць беларусамі ўжо заўжды. Бязь лішняй сьціпласьці скажу: так, шмат у якіх выпадках гэта я разбудзіў такое пачуцьцё ў нашых прыбайкальскіх беларусаў. І гэта нікуды ўжо не падзенеш, гэта будзе ўсё роўна існаваць. Таму я думаю, што ўсё добра. У нас усё добра.

Яднаньне з таямнічым Байкалам
Яднаньне з таямнічым Байкалам

Алег Рудакоў нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Бязьдзевічы на Полаччыне. Пасьля сярэдняй школы паступіў у ваенную вучэльню ў Цюмені. Ад 1989-га цягам наступных 5 гадоў служыў афіцэрам, але па стане здароўя з войска звольніўся. Скончыў эканамічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту і гістарычны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996-м стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — найбуйнейшае сярод чатырох дзясяткаў нацыянальна-культурных утварэньняў у рэгіёне і адно з найлепшых у Расеі сярод беларускіх. Афіцыйна ў таварыстве — больш за 700 сябраў, якія адзначаныя ў паўтара дзясятку беларускіх аддзяленьняў. Суполкі таварыства «расьцягнутыя» на 1000 кілямэтраў — ад гораду Сьлюдзянка на ўсходзе да вёскі Чарчэт у Тайшэцкім раёне на захадзе. Летась у красавіку Алег Рудакоў сышоў з пасады старшыні на той падставе, што падрыхтаваная моладзь можа самастойна выяўляць сваю актыўнасьць.

Алег Рудакоў
Алег Рудакоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG