Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 ліпеня: 99 гадоў Антону Шукелойцю


Антон Шукелойць
Антон Шукелойць

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У музэйным комплексе «Дудуткі» (вёска Пціч, Пухаўскі раён Менскай вобласьці) пройдзе міжнародны фэстываль сярэднявечнай культуры і музыкі «Наш Грунвальд», прысьвечаны 604 гадавіне Грунвальдзкай бітвы. Цэнтральнай падзеяй фэстывалю стане рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 году на полі каля мястэчка Грунвальд паміж войскамі Тэўтонскага Ордэну і войскамі саюзьнікаў: Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. У рэканструкцыі бітвы возьмуць удзел прадстаўнікі клюбаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі зь Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы. У канцэртнай праграме паўдзельнічаюць больш за 25 музычных калектываў зь Беларусі, Украіны і Расеі.

Каля Гарадка на Беласточчыне пройдзе другі дзень Фэстывалю музыкі Маладой Беларусі «Басовішча». Сёлета фэстываль адбываецца 25-ты раз. Фэстываль арганізуе Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС) у Польшчы супольна з культурніцкім фондам «Villa Sokrates».

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1930 — па абвінавачваньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» арыштаваны Максім Гарэцкі.

Найбольш яснасьці маюць людзі ў саўсім маладым ці саўсім старым веку. А людзі веку сярэдняга ня маюць на тое часу сярод клопату і клуму жыцьця.

Максім Гарэцкі

1972 — Івану Мележу і Івану Шамякіну прысвоены званьні народных пісьменьнікаў Беларусі.

1988 — у Віцебску пабудаваны летні амфітэатар. Менавіта тут штогод праводзіцца «Славянскі Базар у Віцебску».

1994 — прэзыдэнтам Украіны стаў Леанід Кучма.

За незалежнасьць заўсёды трэба быць гатовымі плаціць. Калі трэба – крывёю. У больш спакойны час – можна грашыма, калі не хапіла палітычнай мудрасьці і эканамічнага разьліку.

Леанід Кучма

У гэты дзень нарадзіліся:

1893 — Уладзімер Маякоўскі, расейскі савецкі паэт.

1898 — Гербэрт Маркузэ, нямецкі філёзаф, сацыёляг, ідэоляг студэнтаў-пратэстоўцаў на Захадзе ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя.

Машына – гэта раб, які служыць таму, каб рабіць рабамі іншых.

Гербэрт Маркузэ

1915 – Антон Шукелойць, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША. Скончыў аддзяленьне славянскай філялёгіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэту Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя (1939). Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павету. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940-м стаў дэпутатам Ашмянскага гарадзкога савету, загадчыкам гарадзкога аддзела народнай асьветы і школьным інспэктарам-мэтадыстам Ашмянскага раёну. 23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКВД, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэя (потым Краязнаўчы музэй). З 1944 году ў эміграцыі. У пачатку 1950-x пераехаў у ЗША. Актыўны ўдзельнік жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, сябра рэдакцыі газэты «Беларус», сябра Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Спадар Антон Шукелойць у маім жыцьці практычна заменьваў дзеда. З самага малку ці ня кожны дзень ён быў чаканым госьцем у нашай хаце. Чалавек глыбока духоўны, разважлівы, шчодры, зь вялікім пачуцьцём гумару. Памятаю, як гадоў 10 таму назад Сп. Шукелойць нібыта жартаваў, што ягоны шматгадовы лекар абяцаў яму, што «давядзе» яго да ста гадоў. Вось таго-ж лекара самога ўжо няма ў жывых, а Спадар Шукелойць ня толькі на радасьць нам усім жыве, але дагэтуль удзельнічае у грамадзкім жыцьці. Сёньня, у дзень ягонага 99-годзьдзя віншую Спадара Антона Шукелойця і жадаю яму абяцанай лекарам сотні – ды далёка ня толькі!

Багдан Андрусішын (Данчык)

Ян Максімюк (зьлева) і Антон Шукелойць (справа) у пабе МакСорлейс у Нью-Ёрку, вясна 1992. Пасярэдзіне – уласьнік пабу. Здымак зь сямейнага архіву Яна Максімюка
Ян Максімюк (зьлева) і Антон Шукелойць (справа) у пабе МакСорлейс у Нью-Ёрку, вясна 1992. Пасярэдзіне – уласьнік пабу. Здымак зь сямейнага архіву Яна Максімюка

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Песьня брандмайстра. 19 ліпеня 64 Нэрон даведваецца, што Рым гарыць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG