На гэтым тыдні Мікалай Аўтуховіч лёг ў вайсковы шпіталь ў Менску. Былы палітвязень праходзіць абсьледаваньне, ў яго ўжо знайшлі язву страўніка, ад якой давядзецца доўга лячыцца. Мяркуе, што атрымаў язву ад спажываньня ежы, якую давалі ў гарадзенскай турме. Пэрсанал шпіталя да яго ставіцца нармальна, некаторыя лекары на знак павагі размаўляюць зь ім па-беларуску. Пры гэтым, паводле Мікалая Аўтуховіча, за ім ў шпіталі нехта вядзе адмысловы нагляд.
«Вось літаральна пару хвілін таму была такая сытуацыя. Заходзіць да мяне мэдычная сястра і кажа: „Вы — тут? А мне зараз тэлефанавалі зь міліцыі і я сказала, што вы пайшлі дахаты“. А тут ўсё аддзяленьне на выходныя ўходзіць да дому, пішуць паперы і ідуць дадому. Кажу ёй, што кепска нарабіла, бо я ж пад наглядам. „А я ня ведала“, — адказвае. Бяру тэлефон, званю гэтаму інспэктару, які ставіў мяне на ўлік ў Менску, распавядаю, як адбылося, а ён кажа, што не шукаў мяне і ня ведае, хто шукаў. Вось і думаю цяпер, якая ж міліцыя мяне шукае?»
Мікалай Аўтуховіч, калі адбываў другі тэрмін зьняволеньня ў 5 гадоў, некалькі разоў трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту. Мэдыкі лічаць, што гэта магло спрычыніцца да пагаршэньня здароўя былога палітвязьня. Акрамя хворага страўніка, у Мікалая Аўтуховіча праблемы з зубамі — у турме адпаведнага лячэньня ён не атрымліваў і таму зараз яму можа дапамагчы толькі імплянтацыя зубоў.
Мікалай Аўтуховіч вызваліўся сёлета ў красавіку, але застаецца пад пільным наглядам міліцыі.