Невядомая са зьмешчанага на сайце беларускай міліцыі відэа аказалася грамадзянкай Малдовы Вольгай Прэйдай. Паводле яе расповеду, дзяўчыну скралі, калі ёй было 4 гады, і прадалі цыганам у Малдове. Там ёй далі імя Марыя. Але яна да яго так і не звыклася. Вось што Вольга распавяла пра сваё зьяўленьне ў цыганскай сям’і са словаў сваёй цыганскай бабулі:
«Як мне казала бабуля, мая маці не была з Малдовы, яна была зь іншай краіны. І не была асабіста знаёмая з маёй бабуляй, а ведала іншую цыганку. І вось менавіта тая цыганка мяне прынесла бабулі. У іх у сям’і не было дзяўчынкі, толькі хлопчык. І дала за мяне грошы. Карацей, купілі мяне».
Цяпер Вользе 21 год, 17 зь якіх яна пражыла ў малдаўскім горадзе Сарокі ў сям’і Віёры Чэрары. Віёра, якую Вольга называе «сваёй бабуляй», а насамрэч яна замяніла дзяўчынцы маці, нядаўна памерла. Паводле Вольгі, перад сьмерцю Віёра Чэрары была ня супраць, каб дзяўчына высьветліла, хто яе сапраўдныя бацькі і адкуль яна родам.
Між тым у Беларусі Вольгу працягвалі шукаць сваякі, міліцыя абвясьціла яе ў міжнародны вышук. У МУС Беларусі паведамляюць, што нядаўна пошукі далі плён. Вользе прапанавалі прайсьці адмысловую экспэртызу, дзеля чаго яна прыехала ў Менск і спынілася ў людзей, якія лічылі яе сваякамі. Экспэртыза дала станоўчы вынік, і цяпер Вольга мае ўсе падставы атрымаць новыя дакумэнты і нават беларускае грамадзянства. Ці будзе яна гэта рабіць? Сваячка Вольгі, якая адказала па яе тэлефоне, сказала, што з Вольгай можна будзе паразмаўляць літаральна празь некалькі хвілін:
«Прабачце, яна цяпер выйшла, зьявілася неадкладная справа. Проста вельмі шмат званкоў. Яна вернецца. Перазваніце, калі ласка, пазьней».
На жаль, пазьней Вольга слухаўку не зьняла. Паводле зьвестак, дзяўчыну чакае інтэрвію на тэлебачаньні ды іншыя праекты, якія зьменяць яе спакойнае жыцьцё. Ці надоўга? На відэа для сайту МУС Вольга казала, што адчула ў сабе сілы да зьменаў пасьля таго, як перамагла на конкурсе прыгажосьці ў Сароках у траўні гэтага году. Прафэсія манікюршчыцы, якой Вольга валодае, яе яўна не задавальняе, і, магчыма, яна пойдзе вучыцца. Але на каго і якім чынам, калі яе расейская мова далёка не дасканалая, застаецца гадаць.
Гісторыя, якая пачыналася як у індыйскім кіно, яшчэ далёка не завершаная, пагатоў далёкая яна ад шчасьлівага канца. У інтэрвію беларускім мэдыям Вольга ўжо паведаміла, што сустракалася з роднай маці, але больш на гэтую тэму — нічога.
Паводле дадзеных МУС, у Беларусі штогод губляюцца да 2 тысяч чалавек. Большасьць зь іх сваякі і міліцыя знаходзяць ужо празь некалькі дзён ці тыдняў, але пошукі некаторых зацягваюцца на доўгія гады. Як паведамілі ў прэсавай службе, на 1 ліпеня ў вышуку лічацца 2399 зьніклых бяз вестак грамадзянаў Беларусі.