У інтэрпрэтацыі ўкраінскіх падзеяў у Беларусі дамінуе расейскі канцэпт. Яны падаюцца адназначна з пункту гледжаньня Масквы, заявіў у інтэрвію «Беларускаму партызану» беларускі сацыёляг Андрэй Вардамацкі.
Ён спасылаецца на дадзеныя апытаньняў, паводле якіх крыніцы інфармацыі для беларусаў — найперш дзяржаўнае тэлебачаньне (як расейскае, так і беларускае), якое глядзяць 75% рэспандэнтаў, дзяржаўныя друкаваныя СМІ, дзяржаўнае радыё. Сацыяльныя сеткі — крыніца інфармацыі для 24% апытаных, недзяржаўныя інтэрнэт-сайты — для 21%, недзяржаўнае тэлебачаньне — для 20 % беларусаў. Рэгулярна глядзяць расейскае тэлебачаньне да 90% беларусаў, зусім яго не глядзіць толькі 10%.
Расейскі прапагандысцкі канцэпт перацякае ў беларуская сьвядомасьць спачатку ў жорсткай ўпакоўцы, а потым ужо ў больш мяккай — празь беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, перакананы Вардамацкі. У выніку ўяўленьне пра тое, што Майдан — гэта дрэнна, было і працягвае заставацца, колькасьць тых, хто ставіцца да Майдану нэгатыўна, павялічылася ў траўні сёлета. І падзеі на ўсходзе Ўкраіны, на думку большасьці беларусаў, выкліканыя ня дзеяньнямі Расеі, але Майданам.
65% апытаных беларусаў вясной падтрымлівалі анэксію Крыму. Толькі 15% лічылі, што далучэньне Крыму — гэта незаконна. Пры гэтым 76% беларусаў упэўнены, што анэксія Беларусі па сцэнары Крыму не адбудзецца.
«Мы бачым выразны ўзьлёт прарасейскіх настрояў і арыентацый — 2/3 арыентаваныя на інтэграцыю з Расеяй, — кажа сацыёляг. — Расея ўспрымаецца як рашучая дзяржава, якая дасягае сваіх мэтаў. Людзі ня бачаць эканамічнай прывабнасьці Эўропы, яны бачаць закрытасьць Эўропы у адрозьненьне ад адкрытай Расеі».
На думку экспэрта, Лукашэнка баіцца больш Расеі, чым Захаду. Апошні час усе фіксуюць разварот беларускай дзяржаўнай прапаганды ў бок крытыкі расейскіх дзеяньняў ва Ўкраіне.
«У сьвядомасьці беларуса Расея вялікая, а Эўропа — маленькая, хоць паводле эканамічнага патэнцыялу усё наадварот — падкрэсьлівае А. Вардамацкі. — Успрыманьне Расеі ў Беларусі з пункту гледжаньня моцы не параўнальнае зь яе рэальнай эканамічнай моцай. Гэта малады магутны зьвер у добрым сэнсе слова, які робіць тое, што хоча. А ёсьць іншая істота ў выдатных строях, але якая нічога ня робіць па сутнасьці. Больш прывабнай для простага чалавека выглядае першая істота, і так выглядае Расія. Калі просты беларускі грамадзянін думае пра Эўропу, ён ня бачыць вялікай колькасьці магчымасьцяў, а бачыць вялікую чаргу перад амбасадамі і неабходнасьць заплаціць 60 эўра за візу. А калі ён думае пра убогую Расею, ён ведае, што сядзе ў цягнік і заўтра пачне зарабляць там свой першы рубель».