Паводле новых зьвестак аб шукальніках прытулку ў Эўропе, назіраецца рэзкі рост колькасьці ўкраінцаў, а таксама ўсё большая колькасьць сырыйцаў і эрытрэйцаў, якія жадаюць застацца ў Эўропе.
Усяго ў краінах Эўразьвязу ў 2013 годзе было атрымана 435 760 хадайніцтваў аб прытулку — на 30 працэнтаў болей, чым за папярэдні год. Пра гэта паведамляе ў сваёй справаздачы Эўрапейскае бюро падтрымкі прытулку.
Грамадзяне Ўкраіны, якія папрасілі аб прытулку, ужо працуюць у розных краінах Эўразьвязу. Паміж сакавіком і траўнем сёлета паступіла больш за 2000 хадайніцтваў, хоць за папярэднія 20 гадоў у сярэднім за месяц прытулку прасіла каля 100 чалавек. Наагул, колькасьць просьбаў аб прытулку за першыя пяць месяцаў 2014 году павялічылася ў параўнаньні з папярэднім годам на 19 працэнтаў.
Найбольшая колькасьць шукальнікаў прытулку зафіксаваная сярод грамадзянаў Сырыі, Расеі і заходнебалканскіх краінаў (Альбаніі, Босьніі, Македоніі, Косава, Чарнагорыі і Сэрбіі). Краіны Эўразьвязу, якія прымаюць найбольш уцекачоў — Нямеччына, Францыя, Швэцыя, Вялікабрытанія і Італія.
Колькасьць хадайнікаў з Расеі істотна ўзрасла. Хоць колькасьць уцекачоў з Расеі ад 2008 году заставалася адносна стабільнай — каля 20 000 хадайніцтваў штогод, у 2013 яна рэзка ўзрасла — на 71 працэнт больш чым у 2012 годзе, дасягнуўшы ўзроўню 41 485 хадайнікаў. Пераважная большасьць гэтых людзей паходзяць з Паўночнага Каўказу і шукаюць прытулку ў Польшчы і Нямеччыне.