Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцам і выратавальнікам забаранілі атрымліваць «карту паляка»


Варшава, сьвяткаваньне Дня Свабоды
Варшава, сьвяткаваньне Дня Свабоды

Да асобаў, якім беларускія ўлады забаранілі атрымліваць «карту паляка», дадалі вайскоўцаў і выратавальнікаў. Раней такога права былі пазбаўленыя супрацоўнікі МУС, дэпутаты і чыноўнікі.

Паводле апублікаванага закону аб вайсковай службе, гэтым асобам «забараняецца атрыманьне ад замежных дзяржаў дакумэнтаў, якія даюць права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасьцю».

Пры гэтым вайскоўцам, якія праходзяць службу па прызыву, «карту паляка» пакінулі.

Анкета на атрыманьне карты паляка
Анкета на атрыманьне карты паляка

Раней Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў, што шэраг палажэньняў закону Польшчы пра «карту паляка» пярэчыць нормам міжнароднага права, а яе ўвядзеньне закранае інтарэсы Беларусі.

«Карта паляка» — гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. Уласьнік карты паляка мае правы, замацаваныя законам «Аб карце паляка», які быў прыняты Соймам Рэспублікі Польшча 7 верасьня 2007 году.

«Карту паляка» мае права атрымаць асоба, якая ня мае польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і пры тым заяўляе пра сваю прыналежнасьць да польскага народу і выконвае абавязкі, якія вынікаюць са згаданага закону.

Каб атрымаць карту, трэба валодаць польскай мовай на базавым узроўні, мець сваякоў-палякаў альбо тых, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля). Карта сапраўдная цягам 10 гадоў з дня выдачы і пры наяўнасьці адпаведнай заявы падаўжаецца на наступныя 10 гадоў.

Уладальнік карты мае права атрымліваць доўгатэрміновую шматразовую візу для знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы і легальна працаваць там без атрыманьня дазволу на працу, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з польскімі грамадзянамі, праяжджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай зьніжкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG