Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы» ў Беларусі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Па сеціве гуляе ў розных мадыфікацыях показка пра хлопца, якому мама гаворыць, што татуіроўка – гэта на ўсё жыцьцё.

А ён адказвае, маўляў, а ты калі выбірала (варыяцыі: Лукашэнку, Пуціна – С.К.), ты разумела, што гэта на ўсё жыцьцё?

А я прыгадаў сапраўдную гісторыю ад мастака Юрыя Вінаградава:

– «Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так сталася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытаньні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасьць», я ні сэкунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!».

Адразу ў цішы кабінэту прагучаў кінэматаграфічны, добра пастаўленым голасам крык маёй мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыцьцё!».

***

У мяне ёсьць двое знаёмых. Назавем іх умоўна Саша і Сярожа. Абодва беларусы дэ-факта і дэ-юрэ. Яны ходзяць у адзін і той жа бар, і глядзяць чэмпіянат сьвету па футболе. «Нашы раскатаюць (пэўную каманду)», – гаворыць Сярожа. Тыя, хто яго кепска ведае, зьдзіўляюцца, а тыя, хто добра – толькі пасьміхаюцца. Пад «нашымі» Сярожа мае на ўвазе нямецкую каманду.

«Ты дастаў ужо сваімі «нашымі» немцамі!» – кажа Саша. Але празь пяць хвілінаў сам трапляе ў лужыну: называе «нашымі» расейскую зборную. «Дык чаму ты расейцаў можаш называць «нашымі», а я немцаў – не?» – добразычліва іранізуе Сярожа.

«Гэта ня тое ж самае! Расейцы сапраўды нашы!..» – Саша ўзрушана спрабуе падшукаць аргумэнт. Робіць паўзу, а пасьля тлумачыць: «Я вырас у СССР, і мне дарагое ўсё савецкае, таму расейцы — «нашы».

Зь іншым прыяцелем – Віцем – абмяркоўваем гэты фэномэн, калі немалая частка беларусаў ужывае да расейцаў слова «нашы». Пачалося з узгадак пра Чэмпіянат сьвету па хакеі. Віця распавёў, як біўся ў «зоне гасьціннасьці» з двума расейскімі фанатамі з-за таго, што заўзеў за фінаў у матчы зборных Фінляндыі і Расеі.

«Уяўляеш, яны кажуць, можа вам танкі трэба ўвесьці, каб вы за фінаў не заўзелі!» – сьмяецца Віцёк, сам здаровы, спрактыкаваны ў вулічных баях з прафашысцкімі групоўкамі і проста гопнікамі розных краінаў сьвету.

Мы пагаджаемся, што візыты такіх вось расейскіх заўзятараў – карысныя для беларусаў. Асабліва для тых, хто ведае сьвет, у тым ліку суседнія краіны, толькі дзякуючы тэлевізару.

– Беларуская дзяржава ёсьць, а краіны няма. Я нацыяналіст краіны, якой няма, – кажа Віця.

Я выказваюся ў тым сэнсе, што даўно заўважыў, як нашым заўзятарам, і шырэй – проста людзям – хочацца мець сваё. Таму і можна пабачыць, як малады хлопец ідзе з чырвона-зялёным сьцяжком на шчацэ і скандуе «Жыве Беларусь!».

Незалежная беларуская дзяржава дваццаць гадоў заганяе беларускае зьмесьціва ўглыб, прапануючы наўзамен няякасную падробку ў выглядзе старой БССРаўскай ідэалёгіі. Сапраўднае, то бок, разнастайнае і якаснае, пакуль што застаецца «апазыцыйным», а афіцыйнае не задавальняе патрэбаў у «сваім».

Ня ўсе могуць, як той хлопец, спалучыць яжаку з вужакам – чырвона-зялёны сьцяжок з бел-чырвона-белым лёзунгам. Таму пачынаюць шукаць «сваё», «нашых» у бліжэйшых суседзях. Хтосьці ўзгадвае пра «бабулю польку», і ідзе здаваць іспыт на паляка. Хтосьці заўзее за расейцаў ці распавядае па электрычках пра «Крым наш».

А хтосьці насуперак усім неспрыяльным умоваў у выглядзе гуманітарных рэпрэсій дзяржавы, прапагандысцкай атакі расейскіх СМІ, і проста неадукаванасьці свайго асяродку, прабіваецца, шукае, здабывае веды, і робіць пэўны чын.

Гэта як з помнікам Вялікаму князю Літоўскаму, Рускаму і Жамойцкаму Альгерду ў Віцебску.

Яшчэ год таму «расейская супольнасьць» вяла вялікую ідэалягічную працу супраць спадчыны ВКЛ.

Але ўрэшце «наш» Альгерд перамог «іхнага» Аляксандра Неўскага.

Хочам мы таго ці не, у панятак «беларус» звонку будуць спрабаваць укласьці розныя сэнсы. І ўжо ёсьць, і будуць далей ідэалягемы, якія падзяляюць беларусаў на розныя групы.

Тое, што мама Юры Вінаградава перажывала за нацыянальнасьць сына ў 1985 годзе, я разумею. Колькі б не казалі нам пра інтэрнацыяналізм, але «расеец» у пятай графе лічылася больш пэрспэктыўным. Сёньня «беларус» – гэта яшчэ больш няўцямны для многіх панятак.

З аднаго боку, нельга патрабаваць ад усіх насельнікаў дзяржавы фэнамэнальных ведаў па гісторыі і культуры Беларусі. Проста трэба ўсьведамляць, што наперадзе яшчэ вялікая праца найперш у сфэры адукацыі і СМІ. Чалавек мусіць мець увесь спэктар ведаў, каб выбраць, што для яго «наша».

На ўсё жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG