Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаленка: Цікавасьць да конкурсу «Прэс-фота Беларусі» ня ўпала

2-е месца ў катэгорыі «Навіны». Наталія Аблажэй. Беларускі салдат бярэ ўдзел у парадзе падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Беларусі
2-е месца ў катэгорыі «Навіны». Наталія Аблажэй. Беларускі салдат бярэ ўдзел у парадзе падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Беларусі

Журы конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2014» вызначыла пераможцаў у дзевяці намінацыях, аднак упершыню ў гісторыі конкурсу не прысудзіла гран-пры.

Сёлета ў конкурсе бралі ўдзел 93 фатографы, якія даслалі больш за 2000 працаў.

Прызэрамі сталі фотамайстры з 11 гарадоў Беларусі: Менску, Горадні, Дзяржынску, Крэва, Баранавічаў, Жодзіна, Стоўбцаў, Віцебску, Берасьця, Баранавічаў і Слуцку.

«Гран-пры няма, бо журы ня выбрала такой працы, якая б стала значнай і знакавай. У некаторых намінацыях, як і раней, не абралі першыя, другія ці трэція месцы. Намінацыя „Рэпартажны партрэт, сэрыі“ нават не набрала шорт-ліст», — апавёў карэспандэнту Свабоды адзін з арганізатараў конкурсу, фатограф Сяргей Міхаленка.

Карэспандэнт: «А гэта не азначае, што пасьля леташняга суду, які прызнаў альбом экстрэмісцкім, да конкурсу ўпала цікавасьць?»

Міхаленка: «Не, я думаю, што цікавасьць да конкурсу ня ўпала. Яна такая ж, як і была, бо конкурс перайшоў ужо такую стадыю, калі да яго ёсьць сталая цікавасьць. Я думаю, гэта хутчэй зьвязана з тым, што не было ў мінулым годзе падзеяў, якія б сталі асноватворнымі для конкурсу. Відаць, падзеяў было меней. Ну, і шмат што залежыць ад складу журы. Калі яго погляды разнастайныя, то дамовіцца ім складаней, каб вызначыць пераможцаў. А колькасьць удзельнікаў застаецца той жа ўсе гэтыя пяць гадоў».

1-е месца ў катэгорыі «Навіны». Аляксандар Саенка. Лідэр міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч пасьля свайго вызваленьня трымае за руку жонку Настасьсю. У сакавіку 2011-га яго асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па абвінавачаньні ў хуліганстве.

Карэспандэнт: «А ці зьбіраецеся вы выпускаць па выніках конкурсу альбом „Прэс-фота Беларусі 2014“?»

Міхаленка: «Калі атрымаецца — канечне, жаданьне вялізнае выдаць альбом. Шукаем магчымасьць, каб надрукаваць, бо сталага фінансаваньня ў нас няма. Ведаеце, у якой краіне жывём і якая тэматыка конкурсу. Таму мы тут ня можам гарантаваць стопрацэнтна, але мы да гэтага імкнёмся».

2-е месца ў катэгорыі «Рэпартажны партрэт». Васіль Зянько. Піянэр у час залевы не пакінуў свой ганаровы пост ля стэлы на плошчы Несьмяротнасьці
2-е месца ў катэгорыі «Рэпартажны партрэт». Васіль Зянько. Піянэр у час залевы не пакінуў свой ганаровы пост ля стэлы на плошчы Несьмяротнасьці

Карэспандэнт: «А фотавыстава будзе?

Міхаленка: «Канечне, будзе».

Карэспандэнт: «Ці будзе „Прэс-фота Беларусі 2015“?»

Міхаленка: «Так. Магчыма, насьпела яго рэфармацыя, бо ён існуе ўжо пяць гадоў. Але ў любым выпадку конкурс будзе. Ён ужо перайшоў стадыю, калі ўзьнікае пытаньне, быць ці не. Тут адназначна: конкурсу быць».

Працы пераможцаў сёлетняга конкурсу «Прэс-фота Беларусі» можна пабачыць у інтэрнэце.

У красавіку 2013 году суд Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці прызнаў фотаальбом «Belarus Press Photo 2011» экстрэмісцкім.

41 асобнік альбома «Belarus Press Photo 2011» канфіскавалі ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 году на памежным пераходзе «Каменны Лог».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG