Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея распачала газавую вайну з Украінай


Расейскі газавы манапаліст «Газпром» уключыў для Ўкраіны рэжым папярэдняй аплаты паставак газу. Прычынай сталі нявыплачаныя пазыкі за папярэднія пастаўкі.

«Газпрам» падаў пазоў у Стакгольмскі міжнародны арбітраж да кампаніі «Нафтагаз Украіны» аб спагнаньні 4 з паловай мільярдаў даляраў доўгу за пастаўлены, але не аплачаны газ. У сувязі з неплацяжамі «Газпрам» таксама ў панядзелак, 16 чэрвеня з 10 раніцы па маскоўскім часе перавёў «Нафтагаз» на перадаплату паставак газу, што фактычна азначае спыненне падачы паліва ва Ўкраіну.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк даручыў прафільным ведамствам рыхтавацца да адключэньня паставак прыроднага газу з 16 чэрвеня 2014 году. Міністэрства юстыцыі завяршыла працэдуру падрыхтоўкі да абароны інтарэсаў Украіны ў дачыненьні паміж «Нафтагазам Украіны» і «Газпромам» у Стакгольмскім арбітражы.

Кіраўнік «Нафтагазу Ўкраіны» Андрэй Кобалеў растлумачыў: ЭЗ прапанаваў ўсталяваць часовую прамежкавую цану ад 300 даляраў (улетку) да 385 даляраў (узімку) за тысячу кубаметраў газу, але расейскі бок ня даў адказу на гэтую прапанову.

У сьнежні 2013 Расея зьнізіла кошт на газ для Ўкраіны з 400 да 268,5 даляраў за 1000 кубамэтраў пасьля адмовы былога прэзыдэнта Віктара Януковіча падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ.

Аднак, пасьля таго як у выніку грамадзянскага супрацьстаяньня ў Кіеве Януковіч быў адхілены ад улады, «Газпрам» адмяніў зьніжку на газ, спаслаўшыся на тое, што Кіеў ніяк ня можа расплаціцца па папярэдніх даўгах.

У лютым гэтага году цана за 1000 кубамэтраў расейскага газу ўзрасла для Кіева да 485 даляраў за 1000 кубамэтраў. На сённяшні дзень гэта самая высокая цана у Эўропе.
Перамовы па газу ў Кіеве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:38 0:00
Наўпроставы лінк


Апошнія раўнды трохбаковых газавых перамоваў дэманструюць, што Эўразьвяз дыстанцуецца ад пазыцыі Ўкраіны, мяркуе прэзыдэнт кіеўскага Цэнтру «Стратэгія ХХI», дырэктар энэргетычных праграм цэнтру «Номас» Міхаіл Ганчар:

— Расейскі бок вылучыў у канцы мінулага тыдня своеасаблівы ультыматум і Эўропе, і Ўкраіне: калі будуць ажыцьцяўляцца рэвэрсныя пастаўкі газу ва Ўкраіну, то Расея будзе скарачаць пастаўкі блакітнага паліва краінам ЭЗ. Такая пазыцыя Расеі стала магчымай з-за таго, што ў Брусэлі няма цалкам адэкватнага разуменьня сытуацыі. Справа ў тым, што Расея вядзе гібрыдную вайну ня толькі супраць Украіны, але і супраць Эўрапейскага саюзу. Аднак у выпадку з ЭЗ выкарыстоўваецца не ваенны, а інфармацыйны і энэргетычныя кампанэнты. У Маскве выразна пралічылі, што галоўнае для Эўракамісіі (ЭК) — забясьпечыць камфортнае праходжаньне зімовага сэзону і камфортную тэмпэратуру для эўрапейскіх спажыўцоў газу. Гэта не ўяўляе асаблівай каштоўнасьці для Расеі, паколькі для яе галоўная каштоўнасьць — гэта своечасовы грашовы паток, а, акрамя ўсяго іншага, Расея традыцыйна выкарыстоўвае энэргарэсурсы, у прыватнасьці газ, як інструмэнт уплыву на эўрапейскі бок. І ў гэтым сэнсе Крэмль якраз цяпер спрабуе даказаць неабходнасьць рэалізацыі праекту «Паўднёвы паток» (гэты газаправод закліканы істотна скараціць транзыт газу праз Украіну), які, па сутнасьці, заблякаваны Эўракамісіяй.

Можна сказаць, што гэты адэкватны крок ЭК па прыпыненьні праекту (у прыватнасьці, Баўгарыя на патрабаваньне ЭЗ часова спыніла працу па будаўніцтве газаправоду) даў эфэкт, але разам з тым у Маскве ўсьвядомілі, што дзеяньні ЭК па-за рамкамі пэўнай сыстэмы. Той факт, што ЭК не спыніла праект, а толькі прыпыніла яго, дадае аптымізму расейскаму боку, што з новым складам ЭК, які зьявіцца празь некалькі месяцаў, праект будзе працягнуты. Усё гэта дае магчымасьць Расеі праводзіць такую бескампрамісную палітыку і ў дачыненьні да пытаньняў, зьвязаных з пастаўкамі газу ва Ўкраіну і газавым транзытам. Самае галоўнае, што Масква не адчувае на апошніх раўндах перамоваў кансалідаванай пазыцыі Эўрапейскай камісіі і Ўкраіны. Больш за тое, сам ЭЗ падштурхоўвае да двухбаковага фармату перамоваў. Уласна, гэта і служыць падставай для ўсё больш дзёрзкіх заяў і дзеяньняў расейскага боку.
Масква не адчувае на апошніх раўндах перамоваў кансалідаванай пазыцыі Эўрапейскай камісіі і Ўкраіны. Больш за тое, сам ЭЗ падштурхоўвае да двухбаковага фармату перамоваў. Уласна, гэта і служыць падставай для ўсё больш дзёрзкіх заяў і дзеяньняў расейскага боку.


— Ці адыгрывае ролю ў газавым ціску Крамля на Ўкраіну той факт, што Эўракамісія да гэтага часу не апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці «Газпрому» у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе?

— Такая пазыцыя «Газпрому» стала магчымай з-за таго, што, нягледзячы на неаднаразовыя заявы ЭК аб тым, што расьсьледаваньне завершана, яго вынікі вось-вось будуць апублікаваныя і «Газпрому» пагражаюць вялікія санкцыі (10-15 мільярдаў даляраў) за антыканкурэнтныя паводзіны на эўрапейскіх газавых рынках, нягледзячы на гэта ЭК да гэтага часу нічога выразнага з гэтай нагоды не паведаміла. Расьсьледаваньне ў Брусэлі ў дачыненьні да «Газпрому» было завершана яшчэ ў мінулым годзе. Такім чынам, мы бачым, што існуе раскаарданаванасьць у працы ЭК, у прыватнасьці, паміж дырэктаратамі, якія адказваюць за розныя напрамкі. І гэта спрыяе таму, што «Газпром» і расейскія ўлады, якія за ім стаяць, працягваюць атакаваць Украіну, дзейнічаючы на газавых перамовах настойліва, ігнаруючы існуючыя нормы і адмаўляючыся ісьці на якія-небудзь кампрамісы. У дадзеным выпадку яны разглядаюць ЭК як слабага гульца, таму што кадэнцыя эўракамісара Гюнтэра Этынгера і гэтага складу ЭК завяршаецца.

— Калі чарговы раўнд газавых перамоваў у Брусэлі скончыцца правалам, Украіна мае намер зьвярнуцца з пазовам да «Газпраму» ў міжнародны арбітражны суд Стакгольму. Эўракамісар па энэргетыцы Гюнтэр Этынгер лічыць, што справядлівая цана газу для Украіны $ 350-390 за тысячу кубамэтраў.

— Пазыцыя ЭК выклікае некаторае зьдзіўленьне. Калі сярэдняя экспартная цана «Газпраму» для экспарту паліва ў так званае далёкае замежжа на 2014 год вызначана ў $ 372 за тысячу кубамэтраў, то наўрад ці цана для Ўкраіны павінна быць вышэй за гэтую адзнаку, а эўракамісар Гюнтэр Этынгер кажа пра $ 390. Дзесьці $ 350 за тысячу кубамэтраў — гэта максымальная цана для Ўкраіны з пункту гледжаньня сёньняшніх рэалій газавага рынку. Калі ўлічваць яшчэ адзін фактар, а менавіта тое, што сёньня на спотавым рынку Эўропы цэны на газ ніжэй за $ 268,5, то сярэднеўзважанай цаной для Ўкраіны можа быць $ 320-330 за тысячу кубамэтраў. Вядома, складана спрагназаваць вынік разгляду ўкраінскага пазову ў Стакгольмскім арбітражы, дый ня будзе ён называць нейкую цану. Суд проста ў сваім вэрдыкце назаве суму пераплаты, якую павінен будзе кампэнсаваць Украіне «Газпрам». Мы бачым, што Масква ў гэтым кантэксьце праводзіць кампанію такога інфармацыйна-псыхалягічнага націску. Акрамя прэтэнзій па кантракце куплі-продажу, украінскі бок можа выставіць і прэтэнзіі па невыкананьні «Газпрамам» транзытнага кантракту, у якім зафіксавана абавязацельства «Газпраму» транспартаваць праз украінскую ГТС ня менш як 110 млрд. кубамэтраў газу ў год. Гэта ні разу не выконвалася за ўвесь пэрыяд дзеяньня дзесяцігадовага кантракту (быў падпісаны паміж «Нафтагазам» і «Газпромам» у студзені 2009 году).

Паколькі ў ходзе ўкраінска-расейскіх перамоў пры пасярэдніцтве ЭЗ і на працягу апошніх трох гадоў, яшчэ пры ранейшым ўрадзе Мікалая Азарава, Украіна ня здолела пераканаць Маскву ў неабходнасьці перагляду кантракту, то арбітражная інстанцыя застаецца, напэўна, своеасаблівым маяком. Хочам мы гэтага ці ня хочам, хоча ці ня хоча гэтага «Газпрам», але ёсьць высокая верагоднасьць, што бакам давядзецца даваць тлумачэньні ў Стакгольмскім арбітражным судзе, — канстатуе дырэктар энжргетычных праграм Цэнтру «Номас» Міхаіл Ганчар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG