Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А ты хто такі?» Пра беларускіх клясыкаў і аўтарытэтаў


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Празь дзесяць дзён пасьля ўручэньня прэміі імя Гедройця я скалямбурыў па тэме ў сеціве: «А калі б прэмія была імя Адама Міцкевіча? І калі б больш падкрэсьлівалі ў мэдыйных матэрыялах лічбу 10 000? Абмеркаваньні ў сеціве былі б значна больш жвавымі і бадзёрымі :)».

Такая не абы якая падзея прайшла досыць непрыкметна, і пасьлякамунікацыя ў сеціве была толькі сярод спэцыялістаў і аматараў. Я зыходзіў з таго, што Ежы Гедройця мала хто ведае, а Адама Міцкевіча – практычна ўсе ў Беларусі.

І што, чым большая сума, тым больш абураных галасоў: «А хто гэта такі?!», «А за што яму столькі грошай?!»

У Беларусі крытэры не сфармаваныя ня толькі для літаратуры. Па вялікім рахунку – для ўсяго, што спрабуе існаваць па-за ўладнай пірамідай і міні-пірамідамі, якія людзі самі міжволі капіююць у сваіх жыцьцях.

Мяне адкамэнтавалі, маўляў, а што – вы пра гэтую падзею ўсё яшчэ думаеце? Кшталту, было б з чаго, не вялікая нагода. І яшчэ:

– «У гэтай прэміі адсутнічае фармулёўка «за што?», а ёсьць толькі «каму?»

***

У мяне ў фэйсбуку ёсьць адна апанэнтка. Ёй важна ня толькі давесьці сваю рацыю, але і разьмяцца перад псыхалягічнымі баямі ў рэальным жыцьці.

Я часам вядуся на прапанову двубою, часам не. Бо ведаю, што практычныя вынікі звычайна мінімальныя, ідзе прабуксоўка, і вось чаму.

Для маёй апанэнткі вельмі важна пацьвердзіць той ці іншы тэзіс спасылкай на аўтарытэт. Калі ж я заяўляю, што спасылкі ня будзе, бо думка цалкам мая, мая апанэнтка толькі хмыкае. Маўляў, а чым ты лепшы/разумнейшы/больш абазнаны за мяне?

Мая апанэнтка ў фэйсбуку ўвесь час падмацоўваецца імёнамі розных людзей, якія я часам ведаю нават са школьных падручнікаў. Але ў той жа час я разумею, што міталягізацыя гэтых аўтарытэтаў былых часоў, а цяпер клясыкаў, адбылася з волі толькі пэўнай групы людзей, і ня факт, што я быў бы ў той самай групе.

Ад апанэнта я чакаю пэрсанальнага бачаньня тэмы, якую мы абмяркоўваем. Нават калі ідзе спасылка на кагосьці. Спасылка можа толькі падмацаваць аўтарскі тэзіс суразмоўцы, а не наадварот.

Мая спасылка на тэкст Хорхе Луіса Борхеса «З нагоды клясыкаў»:
Клясычнай ёсьць тая кніга, якую пэўны народ ці група народаў цягам доўгага часу вырашаюць чытаць так, як бы на ейных старонках усё было прадумана, непазьбежна, глыбока, як космас, і дапускала бязьмежныя тлумачэньні.
«Клясычнай ёсьць тая кніга, якую пэўны народ ці група народаў цягам доўгага часу вырашаюць чытаць так, як бы на ейных старонках усё было прадумана, непазьбежна, глыбока, як космас, і дапускала бязьмежныя тлумачэньні».

У беларускім грамадзтве такой кнігі няма. А калі браць шырэй за літаратуру, то няма і такіх асобаў. Можна захапляцца раньнімі Коласам ці Купалам, але разумець, што за савецкім часам яны працавалі на агітпроп адной з самых бесчалавечных сыстэм сьвету.

Можна захапляцца чыстым і сьветлым, незаідэалягізаваным Максімам Багдановічам, але разумець, што ён не пасьпеў стварыць тэксты, якія б чаплялі за жывое больш шырокія колы, чым аматары хараства.

Зь іншага боку, схаваныя на дзесяцігодзьдзі аўтары, якіх савецкая ўлада палічыла варожымі, дагэтуль вядомыя адно вузкім спэцыялістам. Каб увесьці Максіма Гарэцкага зь ягонымі «Дзьвума душамі» ці апавяданьнем «Рускі» ў сучасны кантэкст, патрэбная воля групы людзей, якія лічаць яго клясыкам, то бок актуальным і ўчора, і сёньня, і заўтра. Пытаньне наколькі вялікая мусіць быць група, і наколькі моцныя аргумэнты для сучасных жыхароў Беларусі.

***

«Сыходзяць дзяды-тытаны», – кажа мне прыяцель пасьля пахаваньня Генадзя Бураўкіна. Так, мы жывем у час, калі сыходзяць людзі, якія ў савецкія часы здолелі стаць аўтарытэтамі ў пэўных групах грамадзтва, і дзякуючы СМІ быць вядомымі, і часткова ўплываць на грамадзкую думку.

«А новых падобных няма», – уздыхае прыяцель. Падобных у якім сэнсе? Творчы талент ці ўплыў на сьветагляд людзей? Падманка ў тым, што многія з нас працягваюць параўноўваць «тады» і «цяпер» як нешта арганічна і несупынна зьвязанае.

«Тады» скончылася разам з манаполіяй КПСС на ўладу, яшчэ раней за канец СССР. Са зьяўленьнем незалежных СМІ раптам многія «аўтарытэты» савецкай сыстэмы сталіся не пры справах. Праз 1990-я прайшлі, перайшлі ў ХХІ ст. і засталіся ў кантэксьце зусім нямногія. Тыя, хто і без падтрымкі сыстэмы быў цікавы і важны для многіх.

Але ўжо далёка ня той вялікай аўдыторыі, якая слухала голас аўтарытэтаў думкі ў савецкія часы.

У СССР было ўяўнае кіраванае грамадзтва. І калі чалавек прабіваўся да рэспубліканскага ці ўсесаюзнага мікрафону, ён падаваўся паўбогам ці богам. Такі шанец выпадаў адзінкам. А таму чалавечыя якасьці абранай асобы падаваліся звышмагутнымі.

А калі палітычныя перапоны зьніклі, удзел каля мікрафону згубіў сваю сакральнасьць. Адсюль узьнікла падманнае адчуваньне, што падобных тытанаў больш няма і ня будзе.

Зьнікла старая герархія, і стала незразумела, хто мусіць насіць малінавыя штаны, і каму рабіць тры разы «ку».

І якім бы ты ні быў тонкім і глыбокім аўтарам, якім бы ты ні быў разумным і харызматычным грамадзкім дзеячом, у сыстэме, дзе рухнула герархія, у цябе дапытаюцца: «Дай спасылку на тое, пра што ты пішаш/гаворыш». Няма спасылкі? А хто ты такі?
І толькі калі ў дзяржаве гульня пачнецца па-чэснаму, калі СМІ стануць грамадзкімі, толькі тады сама сабой пачне вымалёўвацца карціна, у якой натуральная канкурэнцыя выведзе ў top новыя імёны аўтарытэтаў сучаснага і мінулага.
А ты такі, што можаш паспрабаваць упісацца ў дзяржаўную, замаскаваную пад БССРаўскую сыстэму. Ці існаваць па-за ёю.

Каб зразумець сучасную культурную сытуацыю па-за дзяржавай, мне падаецца вартым разглядзець дзьве рэчы.

1. У 1991 пачалася новая краіна, новае грамадзтва і новае мастацтва. Спроба ўвязаць беспасярэднюю традыцыю між БССР і РБ штучная, бо БССР базавалася і трымалася на жорсткай ідэалёгіі і падпарадкаванай ёй мадэлі грамадзтва. Чаго цяпер у Беларусі няма.

2. Незалежніцкая частка беларусаў наогул, і творцаў у прыватнасьці жыве ў прасторы, збудаванай як антонім да піраміды ўлады і грамадзтва. У гэтай прасторы па вызначэньні ня можа быць «малінавых штаноў» і адсылак да аўтарытэтаў мінулых гадоў. Гэта прастора крэатыву, а не кансэрвацыі створанага.

І толькі калі ў дзяржаве гульня пачнецца па-чэснаму, калі СМІ стануць грамадзкімі, толькі тады сама сабой пачне вымалёўвацца карціна, у якой натуральная канкурэнцыя выведзе ў top новыя імёны аўтарытэтаў сучаснага і мінулага.

Мусіць зьнікнуць міжчасьсе між БССР і РБ, у якім мы жывем апошнія 20 гадоў. Напрацоўкі незалежнікаў пачатку 1990-х, якія прыдумлялі і стваралі новую Беларусь, застаюцца актуальнымі, сьвежымі, нібы толькі з гароду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG