Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паехалі на футбол у Бразылію беларусы


У Бразыліі стартаваў чэмпіянат сьвету па футболе. Да маштабнай дзеі вялікая ўвагу з боку мільёнаў заўзятараў, сотні тысяч фанатаў прыехалі ў Паўднёвую Амэрыку падтрымаць свае любімыя каманды. Ці ёсьць у Бразыліі беларусы? Ці так небясьпечна ў гэтай краіне, як пішуць СМІ?

Трапіць на матчы ўсясьветнага першынства могуць дазволіць сабе нямногія беларусы: надта высокія кошты. У Беларусі арганізацыяй паездак на бразыльскі мундыяль займаецца дзяржаўны апэратар «ЦэнтарКурорт». «Прыманка» на ягоным сайце досыць нечаканая: «Нарэшце зборная Расеі зноў гуляе на чэмпіянаце сьвету пасьля 2002 году!». Ці адэкватныя грошы, каб паглядзець на расейскага «фэнікса»?

Прапановы наступныя: прэміюм-тур (15–29 чэрвеня) — ад 9635 даляраў; тур на два паўфіналы і фінал (5–14 ліпеня) — ад 13 290 даляраў; спэцыяльны тур на чатыры матчы (16 чэрвеня — 2 ліпеня) — ад 14 656 даляраў. Гэта з улікам візавай падтрымкі, квіткоў на матчы, пражываньня ў гатэлях, харчаваньня, экскурсіяў, але без авіяквіткоў, мінімальны кошт якіх стартуе ад 2000 даляраў.

У «ЦэнтарКурорце» прызнаюцца, што не ўдалося рэалізаваць ніводнага набору па схеме «гатэль+матч». Між тым некалькі чалавек празь іншыя агенцтвы ўсё ж скарысталі магчымасьць набыць асобна квіткі на футбол і выправіліся ў Бразылію праз эўрапейскія аэрапорты. У такім выпадку выдаткі ўдвая меншыя — але пры ўмове, што пра жыльлё падарожнікі паклапаціліся загадзя.

А ці бясьпечна ў Бразыліі? Ці вялікая рызыка быць абрабаваным, або, як напампоўваюць грамадзкую думку СМІ, страціць здароўе і нават жыцьцё? Карэспандэнт «Эўрарадыё» Яўген Валошын ня раз наведваў лацінаамэрыканскі рэгіён, уключна з Бразыліяй. Ягоныя парады, як сябе варта паводзіць у краіне вечнага карнавалу:

«
Яўген Валошын
Яўген Валошын
Тут ёсьць такая тонкая асаблівасьць: калі ты ведаеш пэўныя правілы, то адчуваць сябе можна даволі бясьпечна. Прыкладам, Рыё-дэ-Жанэйра. Ёсьць раёны, дзе абсалютна бясьпечна, як у Менску. Найперш, раён Копа-Кабаны і Іпанэмы, я там жыў. Там бясьпечна ня толькі днём, а нават увечары. Але галоўнае правіла, калі ты, скажам, на пляжы, — то заставацца ў зоне дзеяньня ліхтароў. Як толькі адыходзіш 10 мэтраў за сьвятло ліхтароў, дзе нічога ня бачна, там ужо могуць абрабаваць, цалкам рэальна.

Правіла нумар два. Калі такая сытуацыя здарылася (яны самі раяць, бо там зусім іншае стаўленьне да чалавечага жыцьця), упірацца і „петушыцца“ ня трэба, а трэба аддаваць. Ты можаш быць адзін і бяз зброі, а там — узброеныя людзі, якія будуць страляць без пытаньняў. Але, зноў жа, гэта вялікая рэдкасьць для такіх турыстычных раёнаў. І нават у раёне Лапа, дзе клюбы і г.д., там таксама адносна бясьпечна».

Карэспандэнт: «А як наконт фавэлаў, дзе ўзровень крыміналу, і гэта прызнана афіцыйна, адзін з найвышэйшых у сьвеце?»

«Сапраўды, разнастайныя фавэлы, іншыя раёны з дрэннай рэпутацыяй — гэта не напускное, там рэальна ты ідзеш і фактычна 50 на 50, што прыставяць пісталет. Зрэшты, калі ведаць пэўныя правілы, праблемаў ня будзе. Яшчэ адзін важны момант для Бразыліі: калі ты ўжо ідзеш гуляць, то крочыць і размахваць дарагім мабільнікам, гадзіньнікам ці гаманцом ня трэба. Узяў з сабой, паклаў у кішэню дваццатку-трыццатку, і, у прынцыпе, усё будзе нармальна. Плюс там можна і трэба карыстацца таксоўкамі, яны там недарагія, нават таньнейшыя, чым тут у Менску. Так што маё меркаваньне такое: так, небясьпечна, калі ты з разяўленым ротам дурань. Але калі ты ведаеш правілы, то можна сябе абсалютна нармальна адчуваць».

Самы просты спосаб выправіцца на падзею плянэтарнага маштабу — увайсьці ў склад нацыянальнай футбольнай фэдэрацыі. Яшчэ на пачатку тыдня за акіян адляцелі старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас, ягоны першы намесьнік Сяргей Сафар’ян, а таксама кіраўнік міжнароднага дэпартамэнту Сяргей Ільіч. Адметна, што чэмпіянат Беларусі на час футбольнага сьвята ў Бразыліі спыняцца ня будзе, і заўзятары мусяць выбіраць, каму аддаць перавагу — усясьветным грандам ці мясцовым улюбёнцам. Былы галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Юры Пунтус лічыць, што хоць сытуацыя і абсурдная, але з календаром унутранага першынства іншага варыянту папросту няма:

«
Юры Пунтус
Юры Пунтус
Хто ведае нашу кухню знутры, у курсе: мы і так заканчваем чэмпіянат невядома дзеля чаго ў сьнежні месяцы. А калі мы яшчэ на месяц спынімся, то ўвогуле з такімі тэмпамі да канца году ня скончым першынства. Або потым давядзецца праз два дні, а то і кожны дзень гуляць. Разумееце, якая сытуацыя ў нашага чэмпіянату? Сёньня ў нас стаіць дата пераігроўкі — я маю на ўвазе трэцюю каманду першай лігі, якая будзе змагацца за выхад у лігу вышэйшую — 4 сьнежня. Гэта ўжо ня ёсьць нармальна. А месяц яшчэ дадайце — калі ўвогуле гэта будзе? З улікам таго, што мы ўсё ж гуляем паводле схемы вясна-восень, а не наадварот, у нас проста фізычна няма такога люфту. І, як на маё меркаваньне, сэнсу спыняцца няма. Такое пытаньне можа хіба ўзьнікнуць, калі наша зборная трапіць на чэмпіянат сьвету. Вось тады вышэйшую лігу варта было б прыпыніць. А цяпер, калі мы там ня ўдзельнічаем, а толькі як заўзятары, гледачы, то я ня бачу мэтазгоднасьці».

Тым часам Беларусь прэтэндуе на тое, каб прыняць некалькі матчаў чэмпіянату Эўропы 2020 году, калі будзе адзначацца 60-гадовы юбілей першага кантынэнтальнага першынства. Ці не завышаныя чаканьні ва ўмовах, калі ў краіне дагэтуль няма ніводнага стадыёну, адпаведнага стандартам FIFA — нават арэна Барысаўскага БАТЭ, хоць і ультрасучасная, мае занадта нізкую ўмяшчальнасьць? Юры Пунтус наконт амбітных плянаў такога меркаваньня:

«Нават ня ведаю. Падчас хакейнага чэмпіянату мы паказалі, што ў прынцыпе прыняць спаборніцтвы высокага рангу здольныя. Але калі браць пад увагу, што мы сёньня ня маем адпаведных футбольных арэнаў, то пытаньне застаецца адкрытым. Гэта ж ганьба, што ў Менску няма стадыёна для гульні зборнай! Відаць, на гэты выпадак цяпер будзе разглядацца стадыён у Барысаве. Але я сумняюся, што пры такім раскладзе нешта з гэтай задумы атрымаецца. Калі толькі зноў, як мы ўмеем рабіць, аўральнымі тэмпамі не пачнём ляпіць, груба кажучы, з г... цукерку — то бок нічога не было, і раптам нешта зьяўляецца. Але, зноў жа, пакуль гэта выглядае з шэрагу фантастыкі».

Менск прымаў футбольныя спаборніцтвы падчас Алімпійскіх гульняў 1980 году, пры канцы мінулага году сталічны стадыён «Дынама» зачынілі на перабудову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG