ПАДЗЕІ ДНЯ
Minsk Street Gamez – фэстываль вулічнай культуры і спорту. Пачатак а 11:00. «Менск-арэна» (Менск, пр-т Пераможцаў, 111). Кошт: 60 000-90 000 рублёў. Праграма фэстывалю: 11.00-16.30 – вуліца перад Арэнай: на спэцыяльна абсталяваных пляцоўках самыя яркія прадстаўнікі скэйтбордынгу, вулічнага баскетболу, роллерспорту і хіп-хопу будуць змагацца за тытул найлепшага на прызы спонсараў імпрэзы. 11.00-16.30 – усярэдзіне Арэны, сярод іншага, брэйк-данс. 18.00-21.00 – усярэдзіне Арэны: фінальнае шоў вулічнай культуры з удзелам запрошаных зорак і ўзнагароджаньне пераможцаў вулічных спаборніцтваў.
У Берасьці ў клюбе «Сфэра» (Суворава, 108) адбудзецца канцэрт гурта «Litvintroll». Пачатак а 18.00.
Ва Ўкраіне інаўгурацыя прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1927 – у Варшаве супрацоўнікам «Беларускага слова» Барысам Кавердам забіты савецкі амбасадар Пётр Войкаў.
1958 – пачалося будаўніцтва гораду Наваполацку.
1976 – Памёр Міхась Машара, заходнебеларускі паэт, савецкі празаік і перакладчык. У вершы, напісаным у Заходняй Беларусі, паэт такім чынам апісваў сваё падарожжа зь вёскі ў Вільню:
Ўжо блізка Вільня – горы, горы,
Пакрыты густа хвайніком;
Адна з аднэй, як хвалі ў моры,
Бягуць, каб стрэцца зь цягніком.
А між гарамі хаты-цацкі,
Вузкія вулкі і муры,
Якбы з прыгожай нейкай казкі
Абраз, узяты кімсь сюды.
І замільгалі камяніцы,
Касьцёлы, вежы і муры,
Гара Замковая са шпіцам
І гістарычных тры крыжы.
Уходжу ў вір жывы, кіпучы,
Ў натоўп людзей, паміж валіз,
І зьліўшысь ўсе рухомай кучай
Плывём ў тунэль па сходах ўніз.
У гэты дзень нарадзіліся:
1848 – Поль Гаген, францускі мастак.
1880 – Вацлаў Іваноўскі, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч. У 1906 узначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менску. Загінуў 7 сьнежна 1943 у выніку тэрарыстычнага замаху.
З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА
Горад успамінаў. 7 чэрвеня 1952 нарадзіўся Архан Памук.