Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад успамінаў


«Я нарадзіўся ў Стамбуле 7 чэрвеня 1952 году ў маленькай прыватнай клініцы ў раёне Мода трохі па паўночы. Калідоры клінікі і сьвет вакол яе былі занураныя ў начную цішыню. На нашай плянэце, за выключэньнем вывяржэньня італійскага вулькана Стамбаліні, які нечакана прачнуўся два дні да таго, усё было спакойна. Сярод газэтных артыкулаў пра турэцкіх жаўнераў, якія ваявалі ў Паўночнай Карэі, зьявіліся паведамленьні пра тое, што паўночныя карэйцы, магчыма, рыхтуюцца выкарыстаць хімічную зброю... Пабачыўшы мяне ўпершыню, мама падумала, што ў параўнаньні з маім братам я выглядаю кволым, крохкім і худзенькім. „Мама падумала...“ Я ўжыў тут мінулы час, а трэба было б — мінулы з канчаткам -miş. Я вельмі люблю гэты граматычны час, які ў турэцкай мове выкарыстоўваецца, калі мы расказваем казкі, гаворым пра свае сны і наогул пра тое, што з намі не адбывалася або адбывалася, але ня з намі, калі мы пераказваем тое, што чулі ад іншых...»

Адданаму чытачу Архана Памука пашанцавала. Дзякуючы Памуку Стамбул, дарма што ён можа быць недасяжны, як месяц, робіцца сваім за дзьве ночы — а роўна столькі трэба, каб прачытаць кнігу пра «горад успамінаў». Яго ўжо ніколі не забудзеш — як не забудзеш свой Менск, як бы ні хацеў, як бы ні гнаў ад сябе па берасьцейскай шашы або аўтабане. Пасьля Памука İstanbul сьніцца ў вобразах, сьніцца ў колерах — а яны, некалі такія багатыя, як на кіліме, ад якога вочы разьбягаліся: адно на Захад, другое на Ўсход, у Памука сыходзяцца да амаль што манахроміі, велічнай і тужлівай у сваёй велічы. Стамбул — «занураны ў прыцемкі, сьвінцова-шэры горад» фатаздымкаў, не настолькі старых, каб страціць пазнавальнасьць, і абсалютна пазбаўленых усялякай рэклямнасьці. Горад, дзе любое, нават самае неістотнае скрыжаваньне — паміж Захадам і Ўсходам, і выбраць паміж імі немагчыма.

Гэты Стамбул зачароўвае, а не запрашае. Падзяліцца такой любоўю дадзена ня кожнаму.

Мала хто зь пісьменьнікаў пакінуў такія падрабязныя ўражаньні пра пачатак свайго жыцьця і так асэнсаваў яго — дзяцінства займае сваё законнае месца ў космасе з упэўненасьцю далёкай нованароджанай зоркі і з каралеўскай непасрэднасьцю. Рэканструюючы сваё стамбульскае маленства, Памук наноў будуе сусьвет — толькі так і можа існаваць літаратура, калі яна яшчэ на нешта здольная ў такі нелітаратурны век, калі любы неасьцярожны рух аўтара імгненна вырастае да памераў Прэтэнзіі на. Паміж вульканам Стамбаліні і Стамбулам заўжды ёсьць сувязь, і ня толькі фанэтычная — як паміж Менскам і Мінатаўрам.

Стамбул ёсьць гісторыяй, ва ўсіх сэнсах: не адзін раз, чытаючы, скажам, «Мяне завуць чырвоны», адчуваеш, што перад табой заўжды (дарма што гэтая кніга, па сутнасьці, гістарычны дэтэктыў) — нешта большае. Больш чым горад, больш чым слова, больш чым аповед. Больш чым турэцкі kar, Памукаў жывы сьнег з IQ, роўным чалавечаму. Памук — гэта голас, якім Турцыя сказала тое, на што ў яе доўгі час не хапала ці то сьмеласьці, ці то пэўнасьці, ці то проста здольнасьці зірнуць на сябе... не, ня збоку — з вышыні радка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG