Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская армія выглядае то магутнай, то слабой – у залежнасьці ад бітвы


Поўная боегатоўнасьць? Няроўныя посьпехі ўкраінскай арміі ў баях з апалчэнцамі.

Баі ва ўсходняй Украіне працягваюць узмацняцца. Пры гэтым прадэманстраваная ўкраінскай арміяй баяздольнасьць вар'юецца ад вельмі дрэннай да вельмі добрай. Чым абумоўленая гэтая нераўнамернасьць?

Украінская армія выглядае то магутнай, то слабой – у залежнасьці ад бітвы.

Да яе значных посьпехаў належыць перамога 26 траўня, калі ў апалчэнцаў быў адваяваны аэрапорт у Данецку. Аднак астатняя дзейнасьць украінскай арміі характарызуецца ў лепшым выпадку няпэўнасьцю або нават прыкметнымі паразамі.

Напэўным посьпехам на гэтым тыдні ўвянчаліся ваенныя дзеяньні 2 чэрвеня ў Луганску. Памежнікі, якія былі ў значным меншасьці, зьвярнуліся па дапамогу да вайсковага спэцназу і паветраных сілаў Украіны і здолелі сумеснымі намаганьнямі адбіць трохэтапную атаку апалчэнцаў. Згодна са зьвесткамі, якія паступілі з Кіева, прынамсі 5 сэпаратыстаў забітыя; цяжка параненыя чацьвёра салдат урадавых войскаў.

Аднак 4 чэрвеня Кіеў пакінуў вайсковую частку палка патрульнай службы. Згодна з інфармацыяй памежнай службы Ўкраіны, салдаты вайсковай часткі перадысьлякуюцца ў неназванае «бясьпечнае месца». Прарасейскія апалчэнцы захапілі вайсковую частку разам зь вялікай колькасьцю боепрыпасаў, што знаходзяцца там. Таксама ў начной бітве ў байцоў Нацгвардыі скончыліся боепрыпасы, што дазволіла сэпаратыстам захапіць аб'ект.

Самыя буйныя няўдачы ўкраінская армія пацярпела ў сутыкненьнях з апалчэнцамі за устаноўленыя імі вакол Славянска блёкпосты.

29 траўня пад Славянскім апалчэнцы зьбілі вайсковы верталёт, які ажыцьцяўляў перавозку вайскоўцаў. 14 чалавек загінулі, у тым ліку генэрал. 2 траўня каля Славянска былі зьбітыя сэпаратыстамі 2 ўкраінскія верталёты-разьведчыкі. Загінулі 2 члены экіпажу.

Кіеўскі вайсковы аналітык і прэзыдэнт Асацыяцыі «Ўкраінскія абаронныя тэхналёгіі» Ўладзімір Грэк лічыць, што няроўныя ваенныя посьпехі адлюстроўваюць саму прыроду ўладкаваньня ўкраінскіх войскаў. Элітныя падразьдзяленьні аснашчаныя добра, у той час як аснашчэньне кадравай арміі састарэла, што, паводле яго, робіць яе лёгка ўразьлівай.

«І ў тым, і ў іншым выпадку (у Славянску і Данецку) ужываюцца існуючыя МІ-24 баявыя верталёты, – адзначае ён. – Але ў дадзеным выпадку (у Данецку) ужываліся мадэрнізаваныя баявыя верталёты, на якіх быў сродак супрацьдзеяньня ПЗРК – ён дазваляе даць ілжывы сыгнал на галоўку саманавядзеньня гэтай ракеты, і яна сыходзіць у бок ад верталёта».

Сыстэма супрацьракетнай абароны, якая засьцерагла верталёты падчас апэрацыі ў Данецку, была, паводле Грэка, распрацаваная і вырабленая абароннай прамысловасьцю Ўкраіны. Адсутнасьць сродкаў на мадэрнізацыю азначае, што гэтай сыстэмай будуць абсталяваныя толькі некаторыя верталёты, а большасьці гэта не закране.

Недахоп сродкаў на вайсковыя патрэбы працягваецца з часоў здабыцьця Ўкраінай незалежнасьці ў 1991 годзе. Яго вынік выявіўся з усёй відавочнасьцю ў бітвах украінскай арміі на ўсходзе краіны.

Кіраўнік кіеўскага Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Сяргей Журэц лічыць, што «практычна 100% узбраеньня і абсталяваньня, якія выкарыстоўваюць узброеныя сілы Ўкраіны, вырабленыя ў канцы 1980-х гадоў».

Паводле яго падлікаў, сродкі, якія выдзяляюцца за апошнія гады ўкраінскім парлямэнтам, забясьпечвалі толькі 10% неабходных на мадэрнізацыю выдаткаў. Украінскія вайскоўцы лічаць, што на пераўзбраеньне неабходны 131 мільярд грыўняў (11,3 мільярда даляраў). Аднак у 2013 годзе парлямэнт прызначыў на абарону толькі 15,6 мільярдаў грыўняў (1,3 мільярда даляраў).

Польскі абаронны бюджэт, для параўнаньня, складае каля 10 мільярдаў даляраў, расейскі – каля 70 мільярдаў даляраў, а абаронны бюджэт ЗША – каля 640 мільярдаў даляраў.

3 чэрвені генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што для дапамогі ўкраінскай арміі альянс рыхтуе «пакет доўгатэрміновых мер, якія зробяць больш эфэктыўнымі ўкраінскія рэформы і ўмацуюць яе ўзброеныя сілы». Пакет будзе гатовы ў бліжэйшыя тыдні. Якія будуць яго складнікі, Расмусэн не ўдакладняў.

Аднак няўдачы ўкраінскай арміі абумоўленыя ня толькі дрэнным абсталяваньнем.

Іншай прычынай зьяўляецца адсутнасьць баявога вопыту. За мінулыя гады ўкраінскія падразьдзяленьні атрымалі некаторы ваенны вопыт дзякуючы ўдзелу ў міжнародных міратворчых апэрацыях у Афганістане, Іраку і на Балканах. Аднак, паводле Грэка, з тых часоў многія вайскоўцы, якія прымалі ў гэтых апэрацыях удзел, даўно пакінулі ўзброеныя сілы.

Яшчэ адна праблема – немагчымасьць карыстацца бранявой і паветранай перавагай над сэпаратыстамі, якія заселі ў гарадах і вёсках.

За два месяцы распальваных сэпаратыстамі беспарадкаў Кіеў дзейнічаў вельмі асьцярожна, імкнучыся пазьбегнуць ахвяр сярод мірнага насельніцтва, што магло б настроіць грамадзкую думку супраць ураду.

Цяпер украінскім войскам прыходзіцца змагацца з ворагамі, якія з рознамаснай банды паўстанцаў ператварыліся ў сілу, здольную на значныя ўзброеныя напады.

Штурм асноўнай базы пагранатраду ў Луганску 2 чэрвеня прадэманстраваў ня толькі выдатнае ўзбраеньне апалчэнцаў, але і іх рашучасьць захаваць дзейнасьць лініяў паставак з Расеі, неабходных для працягу барацьбы.

На думку некаторых аналітыкаў, больш за ўсё ўкраінскай арміі цяпер неабходна дамагчыся дастатковай колькасьці перамог, каб посьпех перайшоў, нарэшце, на бок Кіева.

«Калі Кіеву ўдасца пачаць паварот у хадзе падзей, то, па-першае, гэта павысіць самаацэнку яго ўласных войскаў. А гэта – ненамацвальны, але вельмі важны фактар у вядзеньні ваенных дзеяньняў. А па-другое, гэта можа дэмаралізаваць баевікоў на ўсходзе», – лічыць прафэсар Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту і спэцыяліст у пытаньнях бясьпекі ў пост-савецкім сьвеце.

Аднак канчатковы посьпех украінскай арміі ў барацьбе з сэпаратыстамі залежыць, паводле яго, ад Расеі. Масква да гэтага часу ігнаравала заклікі аб дапамозе з боку апалчэнцаў з Луганскай і Данецкай абласьцей, але тым ня менш, не спыняла і пранікненьне праз сваю мяжу зброі і баевікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG