Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея ня могуць дамовіцца пра цану на газ


«Нафтагаз Украіны» накіраваў расейскай кампаніі «Газпром» праект дадатковага пагадненьня, прапаноўваючы зьмяніць ва ўмовах кантракту 2009 году цану, аб’ём і ўмовы паставак газу.

У ходзе перамоваў на мінулым тыдні ў Бэрліне паміж прадстаўнікамі Расеі, Украіны і Эўразьвязу была распрацаваная схема, паводле якой «Нафтагаз» павінен быў часткова пагасіць доўг за пастаўкі расейскага газу да канца траўня. У адказ Масква заявіла пра намер працягнуць перамовы, у тым ліку аб магчымых зьніжках для Кіева.

30 траўня ўкраінскія ўлады пералічылі «Газпрому» амаль 800 мільёнаў даляраў. У Кіеве заяўляюць, што цалкам расплаціліся за атрыманае паліва. Аднак у Маскве сьцьвярджаюць, што Ўкраіна не стрымала абавязацельстваў. Паводле дадзеных міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака, на канец траўня засталіся неаплачанымі 10 мільярдаў кубамэтраў газу. У сувязі з гэтым расейскі міністар не выключыў увядзеньне перадаплаты за чэрвеньскія пастаўкі.

«Мы дамовіліся, што пасьля пацьверджаньня „Газпромам“ паступленьня грошай на яго рахунак, мы працягнем перамовы па пакетным пагадненьні. Гаворка ідзе пра цану на будучыя пастаўкі і, адпаведна, аб графіку пагашэньня запазычанасьці, якая яшчэ застаецца», — заявіў расейскі міністар энэргетыкі Аляксандр Новак, указваючы на тое, што яго краіна гатовая «праявіць добрую волю» і абмеркаваць у Брусэлі магчымую адмену перадаплаты газу, пра якую Масква пагражае ўвесьці з пачатку чэрвеня.

У Брусэлі газавы канфлікт Украіны і Расіі расцэньваюць не як камэрцыйны, а як палітычна матываваны.

У панядзелак, 2 чэрвеня, у Брусэлі адбудзецца чацьвёрты раўнд трохбаковых перамоваў у фармаце Расея-Ўкраіна-ЭЗ. Калі прэтэнзіі Масквы захаваюцца, то Кіеў накіруе пазоў у Міжнародны арбітражны суд у Стакгольме. Украінскія ўлады мяркуюць, што менавіта гэтая інстанцыя павінна вырашыць пытаньне аб правамернасьці новай цаны на газ, якая зараз складае амаль 500 даляраў за тысячу кубамэтраў. Зьніжкі на расейскі газ для Ўкраіны былі адмененыя ў сакавіку пасьля зьмены ўлады ў краіне і далучэньня Крыму да Расеі.

Кіеў тым часам, заявіў, што ня будзе плаціць за расейскі газ па цэнах, на якіх настойвае Масква. Прэм’ер-міністр Арсені Яцанюк заявіў, што «Ўкраіна ніколі не пагодзіцца на кошт амаль 500 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Па такім кошце Ўкраіна ня будзе купляць газ», — сказаў кіраўнік урада.

Некаторыя эўрапейскія экспэрты па энэргетычных пытаньнях прагназуюць, што Расея праз «Газпром» будзе працягваць палітыку ціску на Кіеў, і далей пагражаючы спыненьнем паставак газу. Аднак, калі гэта і адбудзецца, то часова, бо мэта Крамля — аказваць нешта накшталт «кантраляванага крызісу», тым больш, што цяпер — летам — спажываньне блакітнага паліва скарачаецца амаль на трэць у параўнаньні зь зімой.

У той жа час аналітык і віцэ-прэзыдэнт варшаўскага Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Адам Эбэрхард сьцьвярджае, што сур’ёзнага газавага крызысу ня будзе, таму што ў інтарэсах Расеі — не прыпыняць пастаўкі блакітнага паліва ва Ўкраіну і ЭЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG