Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада беларускай інтэлігенцыі: У дыскусіях слова Бураўкіна было вырашальным


Рада беларускай інтэлігенцыі, сябрам якой доўгія гады быў Генадзь Бураўкін, адгукнулася на сьмерць паэта.

Пайшоў з жыцьця Генадзь Мікалаевіч Бураўкін — выбітны і яскравы паэт, мудры і дасьведчаны дзяржаўны дзеяч, сумленны і прынцыповы грамадзянін, адданы і шчыры патрыёт, надзейны сябар. Ён — адзін з волатаў беларускага духу, патрыярхаў беларускага прыгожага пісьменства, якія захавалі ў няпростыя часы Беларускае Слова і Беларускую Тоеснасьць.

Шматлікія пакаленьні беларусаў пачулі першыя ў жыцьці родныя словы з ягонай пяшчотнай «Калыханкі». Генадзь Бураўкін быў сапраўдным клясыкам нашай літаратуры, творы якога дапамагалі людзям асэнсоўваць сябе ў сучасным сьвеце, знаходзіць месца ў грамадзтве, вызначаць жыцьцёвы шлях.

У ягонай асобе гарманічна спалучаліся летуценнасьць, рамантызм і лірычнасьць паэта з рэалістычнасьцю, дасведчанасьцю і грунтоўнасьцю кіраўніка высокага ўзроўню. Узначаліўшы рэдакцыю часопіса «Маладосьць», а неўзабаве Беларускае радыё і тэлебачаньне, ён здолеў зрабіць гэтыя сродкі масавай інфармацыі па-сапраўднаму нацыянальнымі і, разам з тым, адпаведнымі патрабаваньням часу.

Генадзь Бураўкін годна прадстаўляў нашу краіну і на міжнародным узроўні ў якасьці Пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. На працягу ўсяго жыцьця ён заўсёды ўспрымаў праблемы народа, краіны, сьвету як свае ўласныя. Апошнія гады Генадзь Мікалаевіч аддаваў шмат часу грамадскай дзейнасьці. Ён уваходзіў у склад Рады беларускай інтэлігенцыі, Грамадзкай рады тэлеканалу «Белсат», іншых уплывовых арганізацый.

А ў шматлікіх дыскусіях па найбольш актуальных і вострых праблемах нашага грамадзтва ягонае слова і ягоная думка мелі заўсёды вялікую вагу, а часьцяком былі вырашальнымі...

Няўмольны лёс найперш забірае лепшых. Але Генадзь Бураўкін заўсёды будзе жыць у нашай удзячнай памяці сваімі вершамі, аповесьцямі, публіцыстыкай і мастацкімі перакладамі рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

Няхай родная беларуская зямелька, якую Вы так любілі і пра лёс якой так клапаціліся ўсё жыццё, будзе Вам пухам, дарагі наш Генадзь Мікалаевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG