ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менску пройдзе «Чарнобыльскі шлях». Збор удзельнікаў – а 16-й каля кінатэатру «Кастрычнік». Сёлета тэмамі акцыі стануць небясьпека паўтарэньня атамнай аварыі ў Беларусі, будаўніцтва беларускай АЭС і ўзмацненьне эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі ў зьвязку зь яе будаўніцтвам.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама, працягваючы сваё турнэ па Азіі, наведае Малайзію.
Украінскі прэм’ер Арсені Яцанюк накіроўваецца зь візытам у Ватыкан.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1589 – у Магілёве створанае праваслаўнае брацтва гарбароў, адно зь першых у Беларусі. Пазьней пры ім адкрылася агульнаадукацыйная школа.
1740 – заснаваная Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў (Слуцкая пэрсіярыя), што належала князям Радзівілам.
1945 – савецкая разьведка затрымала ў Бэрліне беларускага палітыка і дзеяча культуры Кастуся Езавітава. Езавітава пераправілі ў Маскву, дзе ён памёр у турэмнай лякарні ў часе сьледзтва.
1986 – здарылася самая вялікая тэхнагенная катастрофа XX стагодзьдзя – выбухнуў чацьвёрты блёк Чарнобыльскага рэактару. Ужо традыцыйна гэты дзень адзначаецца ў Беларусі масавай маніфэстацыяй «Чарнобыльскі шлях». У часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі «Чарнобыльскі шлях» стаў апазыцыйным. Найбольш жорсткі разгон найбольш масавай дэманстрацыі адбыўся ў Менску ў 1996 годзе.
1989 – упершыню прайшоў Чарнобыльскі шлях.
У гэты дзень нарадзіліся:
1696 – Міхал Чартарыйскі, дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай, вялікі канцлер літоўскі.
1863 – Яўстафі Арлоўскі, беларускі краязнавец, гісторык, пэдагог.
1929 – Юры Туронак, беларускі дзяяч і гісторык.
1929 – Мікалай Сьлюнькоў, у 1983-1987 гадах першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі.
У гэты дзень памерлі:
1883 – Напалеон Орда, беларускі мастак, кампазытар, пісьменьнік.
1945 – Павал Скарападзкі, гетман Украіны з 29 красавіка па 14 сьнежня 1918 году.
2002 – Міхаіл Пташук, беларускі кінарэжысэр, актор, прадусар (загінуў у аўтааварыі).
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасьці.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цьвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасьцеш.
Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй – пад колер сталі –
праменьне яснае люблю.
Ніколі пройме зь дзікім ветрам
не разьвіваць дзявочых кос.
Імкнесься да Камуны Сьвету,
каб радасьць красавала скрозь.
Варожасьць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расьце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цьвет!
Уладзімір Дубоўка