Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя возьме ўдзел у «Эўранэсьце»


1 красавіка прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі возьмуць удзел у пасяджэньні працоўнай групы па Беларусі ў рамках сэсіі парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст») у Брусэлі.

Заўтра ў Брусэлі адбудзецца паседжаньне рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі «Эўранэсту».

Ад Беларусі ў паседжаньні возьмуць удзел лідэр Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.


Цяпер ў «Эўранэсьце» няма афіцыйнага прадстаўніка ад Беларусі, таму што Палата прадстаўнікоў не прызнаецца ў Эўропе, а апазыцыя пакуль што туды не запрошаная.

«Але нас запрашаюць на кожнае паседжаньне працоўнай групы, для таго, каб атрымаць інфармацыю зь першых вуснаў пра актуальны стан палітычнай сыстэмы ў краіне і нашы прагнозы на прэзыдэнцкія выбары 2015 году. Такія паседжаньні праводзяцца 1 раз на год», — паведаміў Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Тэмай сёлетняга паседжаньня будзе пытаньне, ці трэба ўключаць прадстаўнікоў Беларусі ў Парлямэнцкую Асамблею «Эўранэсту».

«Мы, як і раней будзем адстойваць варыянты альбо 5 прадстаўнікоў ад улады і 5 ад апазыцыі ў якасьці гасьцей, альбо, калі ўлады адмаўляюцца ўдзельнічаць, 10 прадстаўнікоў апазыцыі ў якасьці назіральнікаў. Таксама я асабіста буду прапаноўваць увесьці ў склад працоўнай групы прадстаўніка Рады БНР», — дадаў Аляксей Янукевіч.

Падчас сэсіі «Эўранэста» пройдуць спэцыяльныя слуханьні па беларускім пытаньні з удзелам экспэртаў і дэпутатаў Эўрапарлямэнту, на якіх будзе абмяркоўвацца цяперашняя палітычная і эканамічная сытуацыя ў Беларусі, зьнешнеэканамічныя сувязі Беларусі зь іншымі краінамі.

Пасьля слуханьняў пройдзе пасяджэньне рабочай групы па Беларусі, на якім будзе абмеркавана «шырокае кола пытаньняў беларуска-эўрапейскага ўзаемадзеяньня ў рамках „Усходняга партнэрства“, а таксама пытаньні разьвіцьця палітычных працэсаў у Беларусі».

«Эўранэст» — парлямэнцкае вымярэньне праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Гэты орган складаецца з дэпутатаў Эўрапарлямэнту і парлямэнтаў краін — удзельніц ініцыятывы, за выключэньнем Палаты прадстаўнікоў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG