Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан у Эўранэсьце, Беларусь — не. Чаму?


Заўтра ў Брусэлі адкрываецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» (Эўранэст). Нацыянальны сход Беларусі ў ёй не прадстаўлены. Аднак прадстаўленыя і прымуць удзел у абмеркаваньні сытуацыі ў Беларусі дэпутаты парлямэнту Азэрбайджану.

Якая сытуацыя з правамі чалавека ў Азэрбайджане, як сфармаваны цяперашні азэрбайджанскі парлямэнт? Пра гэта наша гутарка з вэтэранам праваабарончага руху Азэрбайджану Лейлай Юнусавай.

РС: Колькі зараз у Азэрбайджане вязьняў сумленьня і палітзьняволеных, якія тут ацэнкі нацыянальных праваабаронцаў і Amnesty International?

Юнусава: Я магу казаць пра нашу арганізацыю Інстытут міра і дэмакратыі, які быў створаны ў 1995 годзе. Я ім кірую, і мы ўвесь час адсочваем гэтую сытуацыю. Amnesty International зараз выступіла з заявай аб прызнаньні вязьнямі сумленьня нядаўна арыштаваных. Але цяпер, у год выбараў, арышты ў нас ідуць
Прыкладная лічба палітвязьняў — гэта прынамсі 80 чалавек. Зь іх маюць статус вязьняў сумленьня, які дае Amnesty International — 7 журналістаў і блогераў, 4 праваабаронцы, 11 моладзевых актывістаў
увесь час, штотыдзень за краты трапляюць 2-3 чалавекі. Мы не пасьпяваем фіксаваць. Прыкладная лічба палітвязьняў, якая ўключае ў сябе і вязьняў сумленьня — гэта прынамсі 80 чалавек. Зь іх маюць статус вязьняў сумленьня, які дае Amnesty International — 7 журналістаў і блогераў, 4 праваабаронцы, 11 моладзевых актывістаў. Усе гэтыя людзі знаходзяцца за кратамі.

РС: А якія тэрміны зьняволеньня?

Юнусава: Абвінавачаньні, якія звычайна высоўваюцца супраць актывістаў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці — гэта распаўсюд ці захаваньне наркотыкаў, хуліганства, зробленае групай асобаў, ці хуліганства адносна прадстаўнікоў улады, захаваньне, набыцьцё і продаж зброі, баепрыпасаў, выбухоўкі. Пасьля таго, як у заходнім сьвеце распаўсюдзіліся антыісламскія настроі, стала папулярным прад’яўляць, у тым ліку і праваабаронцам, артыкулы — шпіянаж на карысьць Ірану, здрада радзіме, падрыхтоўка тэрактаў. Артыкулы па ўсім спэктры бываюць ад 4 да 15 гадоў. У лютым сёлета ПАРЭ абмяркоўвала рэзалюцыю, якую падрыхтаваў адмысловы дакладчык Парлямэнцкай асамблеі па праблеме палітзьняволеных у Азэрбайджане Крыстафэрам Штрасэрам. І мы былі надзвычай зьдзіўленыя, што ўпершыню за час знаходжаньня Азэрбайджана ў Радзе Эўропы рэзалюцыя была адхіленая. І гэта адкрыла дзьверы новым рэпрэсіям нашай крымінальнай улады.

РС: І ў чым гэта выразілася?

Юнусава: Літаральна празь некалькі дзён пасьля гэтага рашэньня ПАРЭ былі арыштаваныя лідэры апазыцыі, у прыватнасьці, Эльдар Мамэдаў, які меркаваў вылучацца на прэзыдэнта на сёлетніх выбарах, былі вынесеныя прысуды на працэсах, якія цягнуліся 11 месяцаў — праваабаронца Бахціяр Мамэдаў атрымаў 8 гадоў, журналіст і рэдактар Аяз Зэйналы — 9 гадоў. І адбыліся новыя арышты.

РС: Я недзе чытаў, што ў Азэрбайджане гэты працэс ідзе хвалямі, Аліеў часам вызваляе шмат палітвязьняў, потым людзей ізноў арыштоўваюць. Гэта сапраўды так? Якая дынаміка гэтых арыштаў і вызваленьняў?

Юнусава: Усё правільна. У нас у 2011 годзе 36 чалавек пасадзілі амаль адначасна за ўдзел у забароненым мітынгу, ім далі ад 2 да 6 гадоў. Яны адсядзелі прыкладна па паўтара года, потым былі памілаваныя ўвосень 2012 году. Па амністыі, якая адбылася вось зараз, выйшлі на волю 7 тысяч чалавек, але з нашага сьпісу палітзьняволеных — толькі двое. А зараз пайшла новая хваля арыштаў і каля 20 чалавек узялі з сакавіка па красавік.

РС: А гэта зьвязана з пэрспэктывай сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў?

Юнусава: Безумоўна, зьвязана. Выбары ў нас у кастрычніку сёлета і фактычна з пачатку гэтага году ў краіне ўведзенае надзвычайнае становішча. Юрыдычна, зразумела, не, але для апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці не дазволеныя ніякія мітынгі, сходы, пікеты, забаронена арэндаваць залі для канфэрэнцый і сэмінараў у гатэлях. Нашай арганізацыі на працягу 3 месяцаў адмовілі 8 гатэляў. Спыняюцца паездкі апазыцыянэраў і грамадзкіх дзеячоў у рэгіёны. Калі лідэры Народнага Фронту едуць у рэгіён, дзе ёсьць офіс партыі, каб правесьці там сход, паліцыя іх спыняе, вязе ў пастарунак, а потым вяртае ў Баку. Разганяюць нават партыйныя сходы ў афіцыйных партыйных офісах. І гэта ўсё — з пачатку году. Тое самае — з арыштамі. Актывісты моладзевых рухаў і блогеры перасьледуюцца зараз асабліва актыўна. У гэтым месяцы парлямэнт прыняў зьмены ў крымінальны кодэкс, у артыкулы аб паклёпе і зьнявазе. Зараз яны распаўсюджваюцца на толькі на друкаваныя СМІ, але і на інтэрнэт.

РС: А ў цяперашнім складзе парлямэнту ёсьць дэпутаты ад апазыцыі ці незалежныя дэпутаты?

Юнусава: Не. Выбары ў парлямэнт нельга лічыць выбарамі, яны фальсыфікаваныя, сьпісы тых, хто стане дэпутатам, фармуюцца і зацьвярджаюцца ў апараце прэзыдэнта. Са 125 дэпутатаў няма ніводнага ні незалежнага, ні апазыцыйнага дэпутата.

РС: З вашага расповяду вынікае, што сытуацыя з правамі чалавека ў Азэрбайджане падобная на беларускую. Чаму, на ваш погляд, шмат беларускіх урадоўцаў на чале з Лукашэнкам знаходзяцца пад санкцыямі, а адносна Аліева нікому не прыходзіць у галаву рабіць гэта? Заўтра ў Брусэлі пачынаецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства». Нацыянальны сход Беларусі ў ёй не прадстаўлены, паколькі быў сфармаваны, як лічыцца, на фальсыфікаваных выбарах. Парлямэнт Азэрбайджану, сфармаваны апісаным вамі спосабам, там паўнапраўна прадстаўлены. Чаму?

Не пашанцавала вам — у вас нафты няма. І нават газу няма
Юнусава: Не пашанцавала вам — у вас нафты няма. І нават газу няма. У нетрах Касьпію — вялікія радовішчы нафты і газу і якраз у тэрытарыяльных водах Азэрбайджану. У іх мае патрэбу Эўропа, каб былі альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі. Да таго ж ёсьць Аўганістан, апэрацыі НАТО там. Салдат туды трэба неяк перапраўляць. Войскі ЗША і іх саюзьнікаў дастаўляюцца ў Аўганістан і з Аўганістану менавіта празь азэрбайджанскія аэрадромы. Дэмакратычныя краіны зацікаўленыя як ў азэрбайджанскіх нафце і газе, гэтак і ў яго геапалітычным становішчы. Яшчэ ў нас такі «цудоўны» сусед на поўдні — Іран, які зьяўляецца апанэнтам Вашынгтону. Спадар Аліеў вельмі добра гэта выкарыстоўвае. Ён арыштоўвае простых вернікаў і заяўляе, што яны — тэрарысты, рыхтуюць выбухі ў ізраільскай і амэрыканскай амбасадах, і калі не падтрымаць рэжым Аліева, тут будзе пекла. Таму ідэалы дэмакратыі і правоў чалавека адносна аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі спрацоўваюць, а адносна крымінальна-мафіёзнага рэжыму Ільхама Аліева даюць збой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG