Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малады Фронт тлумачыць, каго лічыць героямі


Банэр Маладога Фронту з партрэтамі пяці беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў, які прынесьлі на шэсьце 25 сакавіка актывісты, выклікаў рэакцыю з боку амбасадара Расеі Аляксандра Сурыкава.

Дыплямат на прэсавай канфэрэнцыі 27 сакавіка выказаў занепакоенасьць, што маладафронтаўцы на Дзень Волі несьлі выявы ўкраінскіх і беларускіх нацыянальных дзеячаў, у тым ліку Сьцяпана Бандэры. На гэта Малады Фронт адказаў Сурыкаву, што толькі народ можа вырашаць, хто яго герой і чый партрэт павінен быць на штандарах.

А каго апроч Сьцяпана Бандэры Малады Фронт лічыць героем?

На рэзанансным банэры, апроч Сьцяпана Бандэры, былі Станіслаў Булак-Балаховіч — вайсковы і палітычны дзеяч часоў Грамадзянскай вайны ў Расеі, генэрал расейскай Белай арміі і Войска Польскага; Міхал Вітушка — беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік беларускага антысавецкага руху; Раман Шухевіч — украінскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, член галіцкага краявога проваду Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў; і Вінцэнт Гадлеўскі — каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, публіцыст, які адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску.

Радыё Свабода запыталася ў сустаршыні Маладога Фронту Андруся Цянюты пра тое, чаму гэтыя пяць дзеячаў разам з надпісам «Героі не паміраюць» трапілі на плякат.
Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта
«Гэтае шэсьце адбывалася ў падтрымку Ўкраіны, таму на нашым плякаце чаргаваліся беларускія і ўкраінскія героі. Атрымалася, што Булак-Балаховіч, Міхал Вітушка і Вінцэнт Гадлеўскі — беларускія дзеячы, а Сьцяпан Бандэра і Раман Шухевіч — украінскія. Гэтым чаргаваньнем мы хацелі паказаць, што беларускі і ўкраінскі народы цягам усёй гісторыі былі вельмі блізкія, і нацыянальныя рухі ў гэтых краінах разьвіваліся ў вельмі падобных умовах. Гэтаксама героі на плякаце Маладога Фронту маюць істотнае значэньне для гісторыі Беларусі і Ўкраіны, афіцыйнымі ж уладамі яны не прызнаюцца».

Андрусь Цянюта лічыць, што дзякуючы канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай адбылася актуалізацыя некаторых гістарычных постацяў, якія раней абдзяляліся ўвагай тых, хто рыхтаваў плякаты для дэманстрацыяў і шэсьцяў:

«Усе гэтыя гістарычныя людзі вартыя таго, каб папоўніць традыцыйны пералік герояў, выявы якіх выкарыстоўваюцца на акцыях дэмакратычных сілаў Беларусі. Усе неяк прызвычаіліся, што гэта Кастусь Каліноўскі, Вацлаў Ластоўскі, Васіль Быкаў, Колас, Купала. Аднак Булак-Балаховіч, Вітушка, Шухевіч, Бандэра і Гадлеўскі павінны таксама заняць вартае месца, тым больш іх значнасьць актуалізаваная новымі ўмовамі перадзелу ўплыву ў сьвеце. Усе гэтыя людзі ў свой час змагаліся з усходняй агрэсіяй, якая паходзіла з Расеі. І цяпер, калі Расея ізноў праводзіць захопніцкую палітыку, імёны гэтых герояў сталі вельмі актуальнымі», — адзначыў актывіст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG