Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаву раяць больш чытаць расейскіх гісторыкаў


Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота
Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі сёньня падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за пазыцыю наконт Крыму і выказаў занепакоенасьць тым, што беларуская апазыцыя падтрымлівае «ўкраінскіх нацыяналістаў». Ён таксама заявіў, што Масква гатовая адмовіцца ад выняткаў па экспартным мыце на нафту ў рамках Эўразійскага саюзу. Камэнтары да галоўных выказваньняў расейскага амбасадара запісаў Уладзімер Глод.

Аляксандар Сурыкаў заявіў: Расея ўдзячная Аляксандру Лукашэнку за ягоную пазыцыю ў справе Крыму. Паводле амбасадара, Лукашэнка «зафіксаваў факт таго, што Крым стаў расейскім».

«Крамлю вельмі патрэбна, каб хоць нехта цалкам падтрымаў ягоныя дзеяньні ў Крыме. Дзеля гэтага расейскі амбасадар наўмысна перабольшвае пазыцыю кіраўніка Беларусі», — кажа палітоляг Алесь Лагвінец:

«Мне падаецца, што Лукашэнка ў сваіх выказваньнях стараўся лявіраваць і не пакрыўдзіць ніводзін з бакоў. А выказваньні амбасадара Сурыкава — гэта, хутчэй, іронія. А можа, нават і правакаваньне, каб Лукашэнка вызначыўся са сваёй пазыцыяй ня толькі па Крыме, але і па ўсёй Украіне.
Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
То бок мне падаецца, што гэта ідзе такая гульня нібыта неразуменьня. Але такога фасаднага, павярхоўнага. Бо расейцы цудоўна ведаюць, што Лукашэнка трапіў у пастку. І яму вельмі цяжка цяпер рухацца да канца ці ў той, ці ў супрацьлеглы бок. Расейцы чакаюць ад яго нашмат большага. Ён нешта робіць, але, відаць, ня ўсё, што адпавядала б расейскім інтарэсам».

Аляксандар Сурыкаў сказаў, што яго хвалюе шэсьце Дня Волі 25 сакавіка ў Менску:

«Нас насьцярожвае шэсьце маладафронтаўцаў з партрэтамі нацыяналістаў. Маладыя людзі забываюць, ад каго пакутавалі іх бацькі, маці, бабулі. Нямецкая армія ўвайшла ў Львоў, і разам зь ёй — атрады ўкраінскіх нацыяналістаў. І ў першую ж ноч былі выразаныя ўсе габрэі. Гэта зрабілі не фашысты», — заявіў амбасадар.

Адзін з заяўнікаў шэсьця, гісторык Анатоль Сідарэвіч так пракамэнтаваў Свабодзе выказваньні расейскага дыплямата:
Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч
«Я б параіў амбасадару Сурыкаву пачытаць артыкул расейскага гісторыка Барыса Сакалова ў ягоным блогу, які рэпублікаваны на сайце grani.ru. Барыс Сакалоў — гэта той гісторык, які паказаў, што немцы ў пачатку Сталінградзкай бітвы выселілі амаль усё сталінградзкае насельніцтва ў Растоў ды іншыя гарады, каб пазьбегнуць масавых людзкіх ахвяр.

І вось гэты гісторык паказвае, што ў атрадах украінскіх нацыяналістаў змагаліся нават габрэі. І генацыду габрэям украінцы не чынілі. Дзейнасьць украінскай паўстанцкай арміі, украінскіх фармаваньняў была больш скіраваная супраць палякаў на Валыні і ў Галіцыі.

Увогуле Сурыкаву трэба больш чытаць расейскіх гісторыкаў».

Расейскі дыплямат таксама заявіў, што Масква гатовая адмовіцца ад выняткаў па экспартным мыце на нафту ў рамках Эўразійскага саюзу. Але толькі з 2015 году, а ня ўжо сёлета, як патрабуе кіраўнік Беларусі. Да таго ж амбасадар ня ўпэўнены, як гэта будзе зроблена: цалкам ці ня цалкам.

«Сыр-борам» называе гэтае выказваньне дырэктар Лібэральнага клюбу па дасьледаваньнях Яўген Прэйгерман:
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
«Літаральна ўчора прышлі зьвесткі з Расеі. Першы намесьнік кіраўніка ўраду Ігар Шувалаў сказаў, што зноў давядзецца пакінуць пытаньне аб вынятках нявырашаным. Бо пазыцыі бакоў, якія цяпер ёсьць, не зусім кампрамісныя. І таму цяжка будзе на нешта выйсьці. А крышачку раней ад прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі Беларусі можна было пачуць, што нібыта ўжо ўсё вырашана і пытаньне можна зьняць з парадку дня.

Цяжка сказаць, што і як будзе. Таму інфармацыю спадара Сурыкава я не разглядаў бы як канчатковую. Бо ён не аднойчы казаў пэўныя рэчы, якія пасьля не рэалізоўваліся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG