Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі экспэрт: Пакуль жывы Лукашэнка, анэксіі з Расеі ня будзе


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

Незалежны расейскі палітоляг і палітгеограф Дзьмітры Арэшкін распавёў Радыё Свабода пра тое, як Расея будзе будаваць свае стасункі з Украінай і з Крымам, а таксама запэўніў, што Аляксандар Лукашэнка — гарант ненападу Расеі на Беларусь.

— Трэба пачаць з таго, чаму Масква нэрвавалася, калі Ўкраіна выказала жаданьне пераарыентавацца на эўрапейскую сыстэму каштоўнасьцяў, пра якую так мараць украінцы. Эўрапейская сыстэма каштоўнасьцяў — гэта магчымасьць больш зарабіць, гэта канкурэнцыя і магчымасьць рэалізавацца для яркіх людзей, гэта выкананьне законаў і захаваньне правоў чалавека, празрыстасьць выбараў, а таксама адчуваньне чалавека значнай часьцінай грамадзтва. Эўрапейская сыстэма каштоўнасьцяў паціху прыцягвае да сябе новых і новых людзей — як у індывідуальным парадку, так і на ўзроўні дзяржаў. З гэтага вынікае, што калі Расея хоча захаваць свае тэрыторыі, а таксама асобныя краіны ў сфэры свайго ўплыву, то яна мусіць прапанаваць сыстэму зь яшчэ больш прывабнымі пэрспэктывамі, чым эўрапейская. На жаль, тут у Расеі нічога не атрымліваецца. Таму што калі б атрымлівалася, то ня трэба было б Януковічу абяцаць 15 мільярдаў даляраў, каб ён адмовіўся ад эўрапейскага трэнду на карысьць эўраазіяцкага. Калі б Лукашэнку было выгадна мець справы з Расеяй, то нам ня трэба было б штогод прадаваць газ і нафту Беларусі са зьніжкай у 5 мільярдаў даляраў. А так Расея плаціць «верным сябрам», але ў выніку недаплачвае сваім тэрыторыям, якія пастаянна зазнаюць інвэстыцыйны голад, а падтрымлівае неэфэктыўныя рэжымы, якія вельмі любяць прысмактацца да зьніжкавых мэханізмаў.

— Што рабіць Маскве ў такой сытуацыі?

— Масква прапанаваць канкурэнтаздольную мадэль на доўгую пэрспэктыву ня можа. А глядзець, як людзі разварочваюцца ў бок Захаду, яна таксама ня можа. Адзінае, што яна можа, — гэта аказаць сілавы ціск. Так адбылося з Крымам. Але як толькі Расея далучыла Крым да сваёй гістарычнай тэрыторыі, адразу ўзьніклі праблемы, зьвязаныя, у прыватнасьці, з тым, што няма сухапутнага калідора, і ў Крым можна дабрацца толькі праз мора. А ў мірных эканамічных праблемах Расея заўсёды прайгравала Захаду. Заваяваць — гэта можна, так. Ваяваць мы ўмеем, а Захад ваяваць ня любіць, вельмі хваравіта ставіцца да чалавечых ахвяраў. У той жа час расейская армія гатовая да гэтых ахвяраў, і народ гэта прымае. Але цяпер, пасьля заваяваньня, праблема выліваецца ў эканамічную канкурэнцыю, у якой Расея будзе вымушаная паказаць крымчанам, што яны не памыліліся, што яны цяпер будуць жыць лепей, чым тэрыторыі, якія засталіся ў сувэрэннай Украіне.

— Ці ёсьць рэсурс, каб забясьпечыць такі ўзровень жыцьця ў Крыме?
Расея будзе пампаваць грошы ў Крым, не даплачваючы, умоўна кажучы, Іванаўскай, Бранскай, Калускай абласьцям

— Тут паўстае пытаньне, на якую адлегласьць бегчы — на 100 мэтраў ці на 42 кілямэтры. У марафонскай пэрспэктыве ў Расеі шанцаў проста няма, таму што мадэль, якую прапаноўвае Расея, скіраваная на ўмацаваньне вэртыкалі і ўлады, а не на паляпшэньне жыцьця людзей. Такая ж мадэль у Лукашэнкі і ў Януковіча. Вы ж бачыце, што шараговыя ўкраінцы вельмі моцна эканомілі для таго, каб у каманды Януковіча быў залаты батон. Зараз Расея будзе вымушаная кідаць у Крым вельмі шмат грошай, значную частку якіх скрадзе новае крымскае кіраўніцтва. Эфэктыўнасьць гэтых укладаньняў сумнеўная. У той жа час на спрынтэрскай дыстанцыі Крым можа здолець адарвацца ад Украіны. Грошай будзе шмат — нешта дойдзе і да насельніцтва. Украіна ў параўнаньні з Крымам будзе ў цяжэйшай сытуацыі, у якой былі ў свой час краіны Балтыі, Польшча, Чэхаславакія. Расея будзе пампаваць грошы ў Крым, не даплачваючы, умоўна кажучы, Іванаўскай, Бранскай, Калускай абласьцям.

— Што Расея будзе мець узамен?

— Атрымліваецца, што трэба плаціць Крыму, Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, Прыднястроўю, Беларусі за даволі дзіўныя рэчы — па сутнасьці, за словы. Што такога атрымлівае Расея ад Беларусі? Толькі словы пра забесьпячэньне бясьпекі. То бок калі ўявіць, што НАТО вельмі захоча захапіць Маскву, то Беларусь можа выканаць функцыю абароннага пояса. Але калі зыходзіць з рэальнасьці і разумець, што НАТО само баіцца, што Масква будзе захопліваць Латвію, Літву і Польшчу, то Беларусь — гэта не дапамога ў пляне абароны, а пляцдарм для магчымай атакі. А ўтрымліваць гэты пляцдарм — гэта вельмі дарагая прыемнасьць.

Тое самае з Крымам. Ну добра, захапілі. А як зараз яго забясьпечваць? Сухапутнага калідора пракласьці не ўдалося. Усю сыравіну для прамысловасьці давядзецца вазіць морам. Марскія тэрміналы цяпер ня ў стане прыняць такі паток грузаў. Таму пачынаецца вельмі сумнае і рутыннае выпрабаваньне, зьвязанае з эфэктыўнасьцю мэнэджмэнту, коштам вытворчасьці, карупцыяй. І тут Расея вельмі слабая. Яна ўмее сабрацца і зрабіць сілавы рывок для захопу тэрыторыі, а вось кіраваць так, каб гэтая тэрыторыя стала цукерачкай, Расея ня ўмее. Наадварот яна звычайна з такіх тэрыторыяў забірае ўсе рэсурсы, каб зрабіць наступны рывок ужо дзеля захопу іншай тэрыторыі.

— Ці Крэмль дасягнуў «чырвонай лініі» з далучэньнем Крыму? Чаго чакаць той жа Беларусі?

— Трэба разумець разыходжаньне паміж амбіцыямі і амуніцыяй. У амбіцыях той часткі кіраўніцтва, якую ў нас называюць сілавікамі, ці спэцслужбістамі, ці карпарацыяй Пуціна, ёсьць разуменьне, што чым больш тэрыторыяў, тым лепш, таму што чым больш зямель, тым большая армія. Аднак яны ня ўмеюць кіраваць заваяванымі тэрыторыямі, лічачы гэта непатрэбным заняткам. Таму ў ідэале гэтыя людзі хацелі б далучыць і Беларусь, і Прыбалтыку, і Малдову, і Ўкраіну. Яны насамрэч думаюць, што Савецкі Саюз быў цудоўнай краінай. Таму жаданьне зжэрці ёсьць. А магчымасьцяў зжэрці няма.

Калі браць Беларусь, то трэба разумець, што Лукашэнка — чалавек абсалютна замкнёны, захоплены сваёй пэрсонай і сваёй уладай. Як толькі ён адчувае нейкі замах на сваю ўладу, якую ён атаясамлівае з сувэрэнітэтам Беларусі, дык адразу становіцца сталёвым і ўпіраецца ўсімі чатырма капытамі і бадаецца рагамі. Калі Расея далучыла Паўднёвую Асэтыю і Абхазію да сябе, Лукашэнка адмовіўся іх прызнаць.Чаму ён так зрабіў? Таму што выдатна разумее, што заўтра Расея можа далучыць Магілёўскую і Гомельскую вобласьці, дзе людзі і так езьдзяць на працу ў Расею. А гэта Лукашэнку абсалютна не задавальняе. Будучы дыктатарам, ён свае дыктатарскія паўнамоцтвы дзяліць ні з кім ня хоча.

— Дык беларусы не зазнаюць агрэсіі з боку Расеі?

— Як бачым, ні Беларусь, ні Казахстан шчанячай радасьці з нагоды далучэньня Крыму да Расеі не прадэманстравалі. Таму калі ўсур’ёз распрацоўваць аншлюс Беларусі, то пачынаць трэба зь ліквідацыі Лукашэнкі. Па-іншаму далучыць Беларусь расейская карпарацыя ня ўмее. Я думаю, што Аляксандар Лукашэнка свае рубяжы ад агрэсіі з Усходу абароніць. Адкусіць ад сваёй улады ён ня дасьць. Таму пакуль жывы Лукашэнка, беларусам можна не хвалявацца наконт анэксіі з боку Расеі. Ён будзе стрымліваць яе разьвіцьцё, седзячы на ёй сваёй браніраванай задніцай, але пры гэтым нікому яе не аддасьць, абараняючы Беларусь гэтай самай задніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG