Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дабяруцца да татараў і сюды»


Татары Іўя: «У нас свая Свабода — беларуская»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:14 0:00
У Крым сьцягваюцца расейскія войскі. Крым не сыходзіць зь першых палос галоўных газэт усяго сьвету. Але ў Беларусі ёсьць адна нацыянальная група, якая непасрэдна з Крымам зьвязаная. Беларускія татары, нашчадкі крымчакоў. Ці адчуваюць яны роднасьць са сваімі далёкімі супляменьнікамі? Як бачаць крымскія праблемы са свайго беларускага далёка? І чаго жадаюць крымцам?

Гукі арабскай мовы падчас намазу на фоне аднапавярховай івейскай местачковай забудовы гучаць вельмі незвычайна. Лішні раз пераконваесься, што беларускія татары — гэта сапраўдны цуд. Супольнасьць людзей, якая не дала сябе асыміляваць на працягу шасьці стагодзьдзяў. Дзякуючы веры. І драўляная, па-хатняму ўтульная мячэць, чый невысокі мінарэт пануе над татарскімі гародамі і парнікамі, таксама цуд. Бо малітва ў ёй не перапынялася нават пры таварышу Сталіну.

З маім калегам Алесем Матафонавым мы чакалі заканчэньня пятнічнага намазу, каб запытацца ў беларускіх мусульман, што яны думаюць пра падзеі ў Крыме. І ці хвалююцца за сваіх суродзічаў. Пакуль цягнулася малітва, мы вырашылі пашпацыраваць па мястэчку. У якім дзьверы ледзь ня кожнай хаты гасьцінна адчыняюцца перад журналістамі. Насельнікі старых хат звыкліся са сваёю мэдыйнай рольлю экзатычных беларускіх людзей.

Якуб Мустафавіч Шабановіч, падцягнуты высокі прыгажун з глыбокімі маршчынамі на твары. Для яго ўсе мусульмане на зямлі — гэта татары.

— Нас хвалюе, што ў нас, у Беларусі. А тыя хай што хочуць, тое і робяць. Нас тут жменечка івейскіх татар. І тое ўжо палавіна павыяжджала, пажаніліся з рускімі. Мы прывыклі да мясцовых людзей, да беларусаў, рускіх, былі яўрэі. Была адна сям’я. Мы адны з аднымі жылі і так дажываць зьбіраемся. А тое, што робіцца на белым сьвеце, дык Бог яго ведае. Вы пра Крым, пра татар. А ўзяць, што ў Сырыі, у Лібане, у Лібіі. Што тамака робіцца! Адзін з адным, татарын з татарынам б’ецца. Яны самі з сабой ня мірацца. А што нам перажываць? Я вам скажу адно — як ваююць адны з аднымі, дык усіх шкада. І тых, і тых, і тых. А хто там правы, Бог іх ведае.
Якуб Мустафавіч Шабановіч
Якуб Мустафавіч Шабановіч

— А вы ведалі тады, напрыканцы 40-х гадоў, што крымскія татары былі дэпартаваныя?

— Гаварылі, што іх выселілі. Чуткі такія даходзілі. А за што, Бог іх ведае.

Невысокі, хударлявы стары, Саліх Халілавіч Шабановіч, корпаўся ў гародзе. Пра Ўкраіну ў пана Саліха думкі непаліткарэктныя, затое свае.

— Крымскіх татар даўно Сталін павывозіў на Сыбір. Іх там мала засталося. Хай мірацца. Бо хахлы ўрэдныя. Я ў арміі служыў, у мяне сяржант быў хахол такі ўрэдны. Увогуле яны ўрэдныя, хахлы. У вайну абіралі людзей. Немец не чапаў. Яны расстрэльвалі хадзілі. Украінцы. І літоўцы таксама бандэраўцы былі. А нам што? Хай мірацца. Што, мы пойдзем паможам? Хай Пуцін зь імі разьбіраецца. Пуцін меўся салдат паслаць. А потым адумаўся. Яны ўжо апякліся на адным. Як у Аўган паслалі. Цяпер баяцца туды пасылаць. Бо будзе ізноў. Маладых пашлюць неабучаных, і будзе кансэрва тады ізноў.

«Будзе зноў кансэрва». Гэта пра цынкавыя труны. Гумар змрочны, але ён выдатна вяртае ў сёньняшні час. Пакуль яшчэ мірны. Сусед Саліха, Джаміль Радкевіч, яшчэ не стары моцны мужчына, займаецца выключна агародніцтвам.

— Як кажа мая жонка, калі б мы так працавалі ў Амэрыцы, мы былі б ужо мільянэрамі. А тут што мы маем? Ну, домік, машынку. Дзяцей вырасьцілі. У мяне ўжо трое дзяцей, чацьвёра ўнукаў.

Сапраўды, гледзячы на памер татарскіх парнікоў, разумееш, што Джамілю не да навінаў.

— Я далёка ад гэтай палітыкі. Я не разумею, за што яны ваююць. За што яны б’юцца. Худа-бедна, але трэба мірна жыць. Каб не пралівалася кроў. Як у нас, у Беларусі. Як ні ёсьць, але спакойна. Я далёка ад Крыму. У нас пачынаюцца работы ў гародах. Да позьняга працуеш. І няма калі слухаць гэтыя навіны.

Між тым зь мячэці выйшаў народ. Пара тузінаў людзей рознага ўзросту. Вось спыніўся сівы вусаты стары.

— Што вы думаеце наконт крымскіх падзеяў?

— Што вы хочаце пачуць? Перажываем, тут і думаць няма чаго. Перажываем. Там жа некалі было Крымскае ханства. І да вайны была аўтаномная вобласьць. Я ня ведаю, хай яны самі вырашаюць. Як можна замінаць ім? Перажываю, і ўсё. Так што тут як Алах пашле, так і будзе.

А вось дзьве ўсьмешлівыя кабеты.

— Што думаем? Кепска думаем. Перажываем. Ня дай Бог. Спадзяемся, што будзе добра ў Крыме. Спадзяемся, што ўсё будзе добра.

А вось выйшаў спадар, які ведае, як размаўляць з журналістамі.

— Я ня ведаю, дзе ён знаходзіцца, той Крым. Калі самастойнасьць іх задавальняе, ня трэба мяшацца.

— Вас тэма Крыму хвалюе? Вы адчуваеце роднасьць з тымі людзьмі?

— Не. Кожны павінен сам. А хвалюе гэта розных амэрыканцаў і розных швэдаў. А мы не павінны ўмешвацца. Усё.

І нарэшце падышла галасістая жэншчына-камандзірка. Менш за ўсё я чакаў сустрэць гэты савецкі тыпаж у такім несавецкім месцы.

— Журналіст? Ваша ўдаставірэніе. І к какому вы прыпісаны каналу?

— Радыё Свабода.

— Мы ня любім такое радзіо. У нас свая свабода, беларуская.

Апошняя фраза, што ў іх «свая свабода, беларуская», вельмі нагадвае фразу «У советских собственная гордость». Беларускае для многіх суграмадзян за часамі Лукашэнкі стала сынонімам слова «савецкае». Хоць, па сутнасьці, гэта словы-антыподы. Для мяне такія словазлучэньні, як «беларуская піянэрыя», «беларускі АМАП», «беларускі калхоз» гучаць як аксюмаран. Але што павінна адбыцца, каб гэтыя паняцьці нарэшце разышліся па розныя бакі сьвядомасьці?

Мустафа Радкевіч — старшыня мусульманскага таварыства, асоба амаль афіцыйная. Таму і ў выказваньнях пан Мустафа асьцярожны.
Мустафа Радкевіч
Мустафа Радкевіч

— Гэта нашы мусульмане. Мы адзін Каран, адну веру вызнаем. І сувязі трымаем з крымскімі татарамі. Яны нам нават дапамагаюць. І мы абыякава ня ставімся да іх. Гэта вялікая трагедыя для ўкраінскага народу і для ўсіх нацыяў, якія пражываюць там. Нам ёсьць за каго перажываць. Мы перажываем, вядома, за ўсіх. Я гляджу прэсу і чытаю радыё. Ну, яны зараз ідуць да нас, да расіян. Яны не задаволеныя гэтым, што там адбылося. І не падпарадкоўваюцца Кіеву.

— Я чуў, што крымскія татары за тое, каб Крым застаўся ва Ўкраіне.

— Ну, вось па тэлевізары яны ідуць да Расеі. Да Кіева ня хочуць.

Думаю, што большасьці крымскіх татараў паведамленьне, што яны з радасьцю ідуць «да нас, да расіян», было б неспадзяванай навіной. Але дзякуй Мустафу Радкевічу. За тое, што лішні раз дае нагоду задумацца беларусам, ці сапраўды яны «расіяне».

Навукоўцы кажуць, што ген — неўміручы. Пэўна, дзякуючы гэтаму бесьсьмяротнаму гену татары, што прыйшлі на Беларусь яшчэ за Вітаўта, захаваліся да нашых дзён. Але загадка: як доўга будзе жыць савецкі ген? Які нарадзіўся адносна нядаўна, але працягвае жыць у крыві людзей розных нацыянальнасьцяў і розных узростаў.

— Я сам не мясцовы. Я са Смаргонскага раёну. У нас там і мячэць была, і свая гаспадарка. І бацька нябедна жыў. Але прыйшоў час такі, калектывізацыя. І бацьку майго ледзь ня вывезьлі. Такія часы. Нічога ня зробіш.

— А людзі што-небудзь гаварылі тады пра дэпартацыю крымцаў?

— Шапталіся. Такога не было, як цяпер. Адзін аднаму ціхенька, баяліся. Пры Сталіну слова сказаў — і пайшоў. Маўчалі. Я сам зьбег са свайго раёну.

На ціхай вуліцы соннага мястэчка, над якім пануе драўляная вежа мінарэта, нішто ня кажа пра нейкі тэктанічны зрух у сусьветнай палітыцы. Такая ж ціша тут панавала і ўвосень 1938-га. Калі ў далёкіх, незнаёмых Судэтах адбываўся нейкі рэфэрэндум. Што ціша гэтая падманлівая, даў зразумець сымпатычны і гаваркі мужык, які назваўся Алікам. Даў зразумець ня столькі словамі, колькі інтанацыяй. Хоць і над словамі гэтага мудрага чалавека пакуль яшчэ ёсьць час падумаць.

— Там хутка нас завядуць у тупік. А калі ўлезе яшчэ гэты самы... з Расеі хоча ўзяцца за іх. Я ня ведаю, што будзе. Дабяруцца да татараў і сюды. Такую кашу зробяць. Бог яго знае, што будзе. І да чаго гэту краіну давядуць... Я ня ведаю, да чаго дажывецца. Калі войскі ўвядуць, там каша будзе. І тады зьмяшаецца, хто за каго — як разьбірацца? Вось я татарын, ты рускі, і што рабіць нам, калі сустрэнемся? Спачатку нармальна жылі. Ці цябе забіваць, ці з табой жыць... Як гэта атрымаецца?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG