Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У калгасе пад Слуцкам спрабавалі вырошчваць рыс...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У гэтыя апошнія лютаўскія дні у многіх аўтараў Свабоды думкі і настроі ўжо зусім вясновыя. Тым больш што надвор’е ў Беларусі цяпер нагадвае хутчэй раньні красавік, а ня позьні люты...

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Вячаслава Сухарэбскага зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну. На вёсцы ў гэтыя дні ўжо рыхтуюцца да сяўбы. Спадар Вячаслаў назірае за падрыхтоўкай і разважае пра лёс айчыннай сельскай гаспадаркі:

«Як заўсёды ў гэты час, стваральнікі і кіраўнікі нашай „аграгарадковай“ сыстэмы ўвальваюць у падрыхтоўку і правядзеньне пасяўной кампаніі трыльёны рублёў. І грошы гэтыя калгасы ніколі ня вернуць. За іх будзе выраблена нерэнтабэльная прадукцыя, якую па дэмпінгавых коштах вывезуць за мяжу — у асноўным у Расею.

А што ж застанецца насельніцтву Беларусі? Гэтыя ж няякасныя прадукты харчаваньня — але ўжо не па дэмпінгавых, а па грабежніцкіх цэнах. А яшчэ — страшна забруджаная ўгнаеньнямі і хімікатамі тэрыторыя краіны. У абсалютнай большасьці нашых калодзежаў у вёсках (думаю, што і ў гарадах таксама) вада не прыдатная для піцьця. Асабіста ў маім калодзежы колькасьць нітратаў перавышае норму ў чатыры разы. Ведаю, што ў іншых калодзежах вада яшчэ горшая. І гэта — на дадатак да той радыяцыі, якою пасыпала нас у 1986 годзе чарнобыльская станцыя, пабудаваная, так бы мовіць, „самымі перадавымі расейскімі атамшчыкамі“.

А вынік усяго гэтага — жудасны. Чуў, што ў нас зарэгістравана больш за 250 тысяч хворых на рак. А колькі не зарэгістравана?

Лукашызм пры дапамозе расейскага імпэрыялізму стварае на Гарадзеншчыне другі Чарнобыль — Астравецкую АЭС. І гэта ў раёне, дзе ў 1909 годзе адбыўся землятрус магнітудай каля сямі балаў. Сёньняшнія заправілы пра гэта ведаюць, але працягваюць рабіць сваю чорную справу. Дык што — рыхтуецца зьнішчэньне краіны Беларусь? Людзі павінны ведаць, што ім падрыхтаваў рэжым, якая будучыня можа чакаць нашых дзяцей і ўнукаў. І — зрабіць адпаведныя высновы».

Насамрэч анкалягічная статыстыка ўсё ж не настолькі змрочная, спадар Вячаслаў. Паводле леташніх зьвестак Міністэрства аховы здароўя, хворых на рак у Беларусі цяпер каля 43 тысяч. Але дынаміка, сапраўды, несуцяшальная. За апошнія 10 гадоў колькасьць захварэлых павялічылася больш як на 20 працэнтаў і штогод расьце. Сёньня ў краіне на 100 тысяч чалавек — каля 400 анкахворых. У дачарнобыльскую эпоху было ўдвая меней. І пры гэтым улада без усялякага грамадзкага абмеркаваньня і без абяцанага раней рэфэрэндуму пачала будоўлю атамнай электрастанцыі — на расейскія грошы і рукамі расейскіх жа праектантаў. Запэўніваньні ў тым, што гэта — самы перадавы і саамы бясьпечны праект, на фоне таго, што адбылося ў Чарнобылі, гучаць зусім непераканаўча.

✉ ✉ ✉

Балючую для многіх старых, самотных і абяздоленых людзей тэму закранае ў сваім лісьце на Свабоду Ўладзімер Баброўнік з Гомеля. Тыя дзяржаўныя кватэры, жыхары якіх ня хочуць альбо ня змогуць прыватызаваць іх да 2016 году, будуць пераведзеныя ў разрад арэндных. Адпаведна, плаціць за арэнду давядзецца зусім ня тыя сымбалічныя сумы, што раней:

«Упэўнены, што гэтая праблема цікавіць і турбуе ня толькі мяне, але і многіх іншых людзей. Што будзе пасьля таго, як у 2016 годзе гэтая распачатая ўладамі прыватызацыя кватэр скончыцца? Па сутнасьці, чыноўнікі праводзяць яе гвалтоўна, прымусова, не пакідаючы людзям іншага выйсьця. А нямала ж людзей адзінокіх, бязьдзетных, зь мізэрнымі заробкамі і пэнсіямі. У складанай сытуацыі і тыя сем’і, у якіх маленькія дзеці. На прыватызацыю кватэр у іх папросту няма грошай. Ну, а старым ды самотным проста няма сэнсу прыватызаваць кватэры: пакідаць жа іх пасьля сьмерці няма каму. Дык навошта марнаваць немаленькія грошы на прыватызацыю? Бясплатна ж прыватызаваць улада ўжо не дазваляе.
Я ўпэўнены, што перавод дзяржаўных кватэр у арэндныя — гэта проста падстава дзеля рэзкага падвышэньня квартплаты
Зь іншага боку, плаціць за арэнднае жыльлё такія людзі яўна ня змогуць. Бо асабіста я ўпэўнены, што перавод дзяржаўных кватэр у арэндныя — гэта проста падстава дзеля рэзкага падвышэньня квартплаты. І што такіх людзей у выніку чакае?».

Бясплатная прыватызацыя дзяржаўных кватэр цягнулася 20 гадоў, з пачатку 90-х да 2 сакавіка 2013 году. Даволі дзіўна, што значная частка беларусаў гэтай магчымасьцю не скарысталася. Мяркую, справа тут ня толькі ў юрыдычнай непісьменнасьці ці ляноце. Асабіста ведаю некаторых людзей, якія ўсур’ёз лічылі, што такі «сацыялізм» будзе працягвацца бясконца. А лёгіка іх зразумелая: паколькі кватэра — дзяржаўная, дык і капітальны рамонт у ёй павінен праводзіцца за дзяржаўны кошт. Ну, і іншыя выдаткі павінен несьці ўласьнік.

Але сацыялізм скончыўся і тут. Зразумела, што перавод кватэр у так званы арэндны фонд пацягне за сабой значнае падвышэньне платы. Гэта ўжо не здагадкі: асабіста Лукашэнка пра гэта паведаміў. Паабяцана, праўда, што арэндная плата будзе ніжэйшая за рынкавую — але такая, каб дзяржава атрымлівала прыбытак. Іншымі словамі, гэтак танна, як раней, ня будзе: кошт арэнды падвысіцца ў разы.

Што ў такой сытуацыі рабіць тым, хто адчувае сябе падманутым? Дзяржава дала магчымасьць прыватызацыі ў растэрміноўку: 10 працэнтаў ад кошту трэба заплаціць адразу, астатняе — можна пагашаць на працягу сарака гадоў. Даволі выгадная прапанова.

Ну, а тым, хто і гэта заплаціць ня здольны, застаецца спадзявацца на ласку чыноўнікаў. Наўрад ці дзяржава наважыцца выкідваць з кватэр самотных старых ды маламаёмных: напэўна, прадугледзіць для іх нейкія льготы. Праўда, давядзецца пахадзіць па чыноўніцкіх кабінэтах, каб тыя льготы атрымаць. Ну, і, зразумела, пакінуць такую кватэру ў спадчыну ўжо не атрымаецца...

✉ ✉ ✉

Цікавыя ўспаміны пра сваё вялікае і багатае на падзеі жыцьцё даслаў нам Іван Барцэвіч зь Менску. Зь вялікага тэксту вылучу адзін фрагмэнт — пра тое, як у 1944 годзе ў толькі што вызваленай ад немцаў вёсцы Падліпцы Слуцкага раёну аднаўлялі калгас. Вось як запомніліся тыя падзеі Івану Барцэвічу, якому было на той час 14 гадоў:

«Амаль усе мужчыны яшчэ былі на фронце. Тым ня менш са Слуцку прыехалі раённыя начальнікі, сабралі некалькі вясковых жанчын і склалі пратакол, у якім запісалі, што калгас аднаўляецца. Ніхто зь вясковых цётак таго калгасу надта не жадаў, але адмовіцца было боязна: якраз у той час пачалі арыштоўваць тых, хто браў удзел у разбурэньні калгаса ў 1941-м...

Ураджай таго 1944-га году з аднаасобніцкіх надзелаў звозілі ўжо ў калгасныя гумны. Гэта быў вялікі ўраджай — значна лепшы, чым калгасны ў 1941-м.

Я на той час ужо працаваў на зямлі. Адразу адчуў, як па-рознаму ставяцца людзі да сваёй уласнасьці і да калгаснай. Напрыклад, калі звозілі снапы са свайго поля, мой тата заўсёды, перш чым укладваць снапы, засьцілаў воз посьцілкай. На посьцілцы заўсёды заставалася зерне, якое высыпалася з каласоў: яго ашчадна зьбіралі.

У калгасе мяне таксама паслалі на поле: я складаў снапы на фурманку. Але ніякай посьцілкі там, зразумела, не было. Возчык увесь час падганяў мяне: яго працу ацэньвалі колькасьцю вазоў. Тое, што зерне сыплецца з воза на зямлю, яго зусім не турбавала.

Абмалочвалі калгасны ўраджай у гумне з дапамогай трафэйнай нямецкай малатарні. Малатарня моцна грукатала. Да таго ж увесь час вісела шчыльная сьцяна пылу. Пра меры бясьпекі, вядома ж, ніхто ня дбаў. Жанчыны абвязвалі галовы хусткамі. І ўсё роўна вочы ўвесь час сьлязіліся, вушы і рот былі забітыя чорным пылам.
Рыс на Случчыне расьці не захацеў

Машын не было, коней таксама бракавала. У першыя пасьляваенныя гады выручалі валы. Першая машына ў калгасе зьявілася ўжо пасьля вайны — пасьля таго як у Слуцак прыгналі калёну франтавых машын. Але нашаму калгасу машына трапілася ня дужа ўдалая: наш шафёр доўга рамантаваў яе...

Потым пачалі вэрбаваць зь вёсак моладзь на будоўлю Менскага аўтазаводу. Аўтазавод гэты быў ня наш: па рэпарацыях вывезьлі станкі зь Нямеччыны. Мае сёстры Ніна і Зоя паехалі туды ад нашага безграшоўя. Зоя потым засталася працаваць на заводзе, а Ніна вярнулася ў вёску.

Яшчэ запомнілася, як у 1949 годзе спрабавалі вырошчваць кок-сагыз — гэта такая расьліна, зь якой атрымліваюць сыравіну для вырабу гумы. Экспэрымэнт ня ўдаўся, хоць і зямлю для гэтага добрую адвялі, і адмысловае зьвяно з працавітых дзяўчат стварылі.

Быў і яшчэ адзін экспэрымэнт: на поўдзень ад вёскі спрабавалі вырошчваць рыс. Адмыслова праклалі мэталічныя трубы, каб вадой з рэчкі забалоціць луг. Але нічога не атрымалася: рыс на Случчыне расьці не захацеў. А трубы потым доўга ляжалі без патрэбы ды так і паржавелі...».

Дзякуй за цікавыя ўспаміны, спадар Іван. Вельмі красамоўныя дэталі, якія без усялякіх эканамічных дасьледаваньняў ды лічбавага аналізу даюць адказ на пытаньне: чаму калгасная сыстэма аказалася нежыцьцяздольнай і ўрэшце развалілася. Уразіла, што ў слуцкім калгасе спрабавалі вырошчваць рыс. Гэта ж у якую мудрую начальніцкую галаву прыйшла такая ідэя, дзеля рэалізацыі якой трэба было знайсьці немалыя грошы. І гэта ў той час, калі калгасьнікам увогуле нічога не плацілі — выдавалі па некалькі сот грамаў зерня на працадзень...

Дарэчы, манілаўшчына з начальніцкіх галоў, якія кіруюць паўзбанкрутавалай беларускай сельскай гаспадаркай, і дагэтуль ня выветрылася. Нездарма ж, напрыклад, у Гомельскай вобласьці спрабуюць вырошчваць кавуны, разьлічваючы на вялікія прыбыткі ў гэтай справе... А некаторыя ўсур’ёз кажуць, што няблага было б таксама паспрабаваць — ці ня вырастуць у беларускім клімаце дыні ды ананасы? Натуральна, для экспэрымэнтаў запатрабуецца адпаведнае дзяржаўнае фінансаваньне.



Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG