Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Загніло наша беларускае балота, застаялася. Дзесяцігодзьдзямі — адны і тыя ж твары...»


Тэма, якая ўжо на працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў нязьменна гучыць у пошце Свабоды, — стаўленьне да асобы Аляксандра Лукашэнкі, да ягонай палітыкі. Пытаньні, якія найчасьцей задаюць пры гэтым нашы слухачы (і самі ж спрабуюць на іх адказаць): «Колькі яшчэ часу ён будзе заставацца пры ўладзе?» І — «Ці хутка беларусы дачакаюцца зьменаў у сваёй краіне?»

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Аляксандра Лешыка з Баранавічаў. Разважаючы пра тое, якая частка грамадзтва падтрымлівае сёньня Лукашэнку, слухач піша:

«Ох і злуюся я, калі чую, што такога добрага правадыра, як Лукашэнка, нам не знайсьці, і што іншых нам і ня трэба. А хто яго так хваліць? Ды самотныя жанчыны-пэнсіянэркі. Якое ў іх жыцьцё? Мужыкі паўміралі — ад гарэлкі ды ад цяжкай працы. Гаспадаркі фактычна ні ў кога не засталося. Лукашэнка пазбавіў ад кароў хутчэй за якога яшчура: як ты тую карову будзеш трымаць, калі карміць няма чым? Ну, а сьвіней прыкончыла афрыканская чума. Дык цяпер гэтым пэнсіянэркам гуляй — не хачу.

Я ў акрузе — адзіны ацалелы гарманіст. Вось пайду ў нядзелю ў царкву, а пасьля царквы жанчыны запрашаюць мяне пайграць. Вядома, хочацца хоць якой забавы. Пэнсію атрымаюць — бутэлечку купяць. А потым зьбіваюцца з усіх вёсак у кучу — і хваляць Лукашэнку. Ён, маўляў, дае ім і выпіць, і пасьпяваць...

Ну, я ім спачатку граў, потым слухаў. А потым кажу: „Ды судзіць трэба гэтага вашага правадыра за ўсё тое, што ён нарабіў. Не дае людзям нармальна ні працаваць, ні жыць. А за ўладу трымаецца зубамі: пакуль нагамі наперад на могілкі яго ня вынесуць — нікому не аддасьць“. Як жа яны на мяне пасьля гэтага накінуліся — ледзь ня біцца скачуць. Ну, я тады гармонік на плячо — і ходу. Больш я іх весяліць ды забаўляць ня буду».


У сваім лісьце Аляксандар Лешык аргумэнтуе такое сваё непрыязнае стаўленьне да палітыкі Лукашэнкі. Вось як няўдала скончылася ягоная спроба трохі зарабіць на продажы вырашчанай на ўласным участку садавіны ды гародніны (яшчэ адна цытата зь ліста):

«Езьдзіў я ўвосень па справах у Менск — адным разам вырашыў прадаць на рынку сёе-тое з садавіны і гародніны: грушы, часнок ды іншае. Не марнаваць жа дабро, калі ўрадзіла. Дабраўся да Курасоўшчыны, да маленькага рынку. Цану на ўсё выставіў у чатыры разы ніжэй, чым у спэкулянтаў. Ды нядоўга ўдалося пастаяць. Тут жа зьявіўся прадстаўнік рынку, запатрабаваў даведку зь сельсавету — што ўсё гэта з маёй гаспадаркі. Хоць такія даведкі даўно адмянілі, але ён гэтага нібыта ня ведае. А яшчэ запатрабаваў электронную вагу (а ў мяне з сабой была мэханічная). Ну, раз ні вагі, ні даведкі ў мяне не было, дык з рынку выгналі. Пайшоў я за вароты. А там уздоўж дарогі на цэлы квартал расьцягнуўся шэраг такіх жа, як я, небаракаў. Стаяць, як сьвечкі ў царкве, са сваім няхітрым таварам. І каму ад гэтага лягчэй, што мы ня можам у нармальных умовах прадаць вырашчанае на сваім агародзе, а гараджане ня змогуць купіць па танных коштах тое, што ім патрэбна?» —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксандар Лешык з Баранавічаў.

Я таксама часта размаўляю зь людзьмі сталага веку, у тым ліку і ў вёсках. Вельмі рэдка апошнім часам чую пра захапленьне ад палітыкі ўладаў. Хутчэй наадварот: амаль кожны наракае на тое, што пэнсіі ўжо вунь колькі часу не падвышалі, а цэны тым часам растуць няспынна. І ў сувязі са сьвіной чумой у вясковых жыхароў да ўлады вельмі шмат прэтэнзіяў: у шмат якіх рэгіёнах чыноўнікі дзейнічалі ў гэтай справе, як акупанты — замест тлумачэньняў і грашовых кампэнсацыяў пускалі ў ход пагрозы ды шантаж...

Можа, там у вас пад Баранавічамі было па-іншаму? Хоць, здаецца, хваля прымусовага зьнішчэньня сьвінога пагалоўя накрыла і тыя мясьціны.

Пра мінулае і будучыню беларускага аўтарытарызму разважае ў сваім лісьце Ўладзімер Косьцін зь Менску. Ён піша:

«Ужо колькі разоў апазыцыя прадказвала хуткі канец рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. А ён жыве і квітнее. Вось ужо дваццацігодзьдзе хутка будзем адзначаць. Вядома, тое, што адзін чалавек гэтулькі гадоў застаецца пры ўладзе — нікуды ня варта. Загніло наша беларускае балота, застаялася. Ніякага руху наперад ня бачна. Дзесяцігодзьдзямі — адны і тыя ж твары. І кіруюць галоўным чынам замшэлыя пэнсіянэры. Дый сам Лукашэнка ўжо далёка не маладзён: на пэнсію яму пара. Але ж і вожыку зразумела, што сам ён з гэтага месца ніколі ня сыдзе — пакуль хто ня згоніць. Цікава, а на наступных выбарах апазыцыя зноў будзе прадказваць хуткі канец „дыктатарскага рэжыму“? Ці гэтым разам прыдумае што-небудзь больш арыгінальнае? Сумна. Нічога ў нас ня зьменіцца: усё паўторыцца, як ня раз тое было. А мы зноў прамаўчым і будзем адзін аднаму скардзіцца на жыцьцё, седзячы на кухнях», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ўладзімер Косьцін зь Менску.

Аўтарытарныя рэжымы, сапраўды, бываюць шматгадовымі і ўстойлівымі. Многія дзесяцігодзьдзі заставаліся ля стырна ў сваіх краінах іспанец Франка, партугалец Салазар, усходнеэўрапейскія камуністычныя аўтакраты Хонэкэр ва Ўсходняй Нямеччыне, Гусак у Чэхаславакіі, Жыўкаў у Баўгарыі, Чаўшэску ў Румыніі... І дзе цяпер тыя рэжымы, якія здаваліся непарушнымі і вечнымі? На эўрапейскім кантынэнце іхны гістарычны час даўно мінуў, эпоха іхнага росквіту засталася ў мінулым стагодзьдзі. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — анамалія, прыкры гістарычны казус, які рана ці позна будзе выпраўлены. Праўда, тое, што для гісторыі — імгненьне, для асобнага чалавека, бывае — цэлае жыцьцё.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Ушачаў. Гэтым разам ён распавёў адметную гісторыю аднаго ўшацкага даўгабуда. Спадар Кастусь піша:

«Адзін з маіх улюбёных заняткаў — вандроўкі пешшу па навакольлях Ушач. Нядаўна ногі прывялі мяне ў санаторый «Вечальле», што за 6 кілямэтраў ад райцэнтру. Гэтая грандыёзная будоўля пачалася чвэрць стагодзьдзя таму, яшчэ пры СССР. Тут меўся быць санаторый агульнасаюзнага маштабу. Згодна з праектам яго тэрыторыя займала больш за 60 гектараў. Сярод запаведных лясоў павінны былі ўзьняцца галоўны корпус, карпусы і катэджы для гасьцей, стадыён, каскад вадаспадаў, уласныя каняфэрма і пчальнік, лодачная станцыя, кацельня на прыродным газе, цэх разьліву мясцовай мінэральнай вады, якая па якасьці не саступае трускавецкай і пра гаючыя ўласьцівасьці якой вядома прынамсі ад пачатку ХІХ стагодзьдзя. Унікальныя азёры незвычайнай прыгажосьці, захапляючыя сваім хараством краявіды, лясы, багатыя на грыбы і ягады — усё гэта абяцала незабыўны адпачынак, папраўку здароўя і непераадольнае жаданьне застацца тут назаўсёды. Да чаго прыемна прайсьціся пешкі ці праехацца конна крутой зьвілістай сьцяжынкай па сасновым бары! Рыбалову-аматару цікава паспрабаваць удачы, пастаяўшы з вудай на беразе аднаго з самых глыбокіх азёр Беларусі (а па сярэдніх глыбінях дык і самага глыбокага). Немагчыма ўстаяць перад жаданьнем акунуцца ў чысьцюткую, як сьляза, ваду, пранізаную зіхатлівымі сонечнымі промнямі. А што можа быць лепш, чым паласавацца ў лесе чарніцамі, суніцамі, малінамі ды іншымі ягадамі? І на заканчэньне, смачна павячэраўшы, схадзіць на дыскатэку, што ладзіцца на адкрытай пляцоўцы па-над возерам, у якім адлюстроўваюцца незвычайна яркія зоркі — у горадзе такіх ніколі ня ўбачыш! А вярнуўшыся з дыскатэкі, заснуць сном немаўляці пад лагодны шэпт векавых соснаў за вакном...

Але не шукайце, шаноўнае спадарства, гэтую лясную казку на мапе нашага раёну,— піша Кастусь Сырэль з Ушачаў. — Не гартайце тэлефонныя даведнікі, каб знайсьці нумары кантактных тэлефонаў і замовіць пуцёўку — усе вашыя высілкі будуць марныя. Ад недабудаванага санаторыя «Вечальле» засталіся толькі руіны, а хутка і яны патонуць у падрастаючым навокал маладым лесе. Неўзабаве пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі фінансаваньне будаўніцтва спынілася. Былі ўзьведзеныя і карпусы, і катэджы, і дапаможныя пабудовы — кацельня, падстанцыі, газаразьмеркавальны пункт, цэх мінэральнай вады, гаражы, шмат чаго іншага. Былі праведзеныя ўсе камунікацыі — электралініі, каналізацыя, водаправод, газавая траса.

Цяпер усё гэта разбураецца прыродай і руйнуецца чалавекам. Калі глядзіш на ўсё гэта, не пакідае пачуцьцё, што тут адбыўся нейкі разбуральны прыродны катаклізм — землятрус або цунамі. Якая сума грошай укладзена ў будоўлю, застаецца таямніцай. Колькі, напрыклад, каштавала толькі правесьці сюды праз балоты і лясы каля пяці кілямэтраў газавай трасы? А пабудаваць такой сама працягласьці дарогу з двума мастамі празь лясныя рачулкі? А высакавольтныя электралініі, якія ўжо зарасьлі маладым сасоньнікам вышэй правадоў? А закапаныя кілямэтры водаправодных, газавых і каналізацыйных труб?

Віцебскі аблвыканкам на сваім сайце прапануе інвэстыцыйны праект «Гостиничный комплекс на базе санатория Вечелье в Ушачском р-не» з разьліковым аб’ёмам інвэстыцый 5 мільярдаў 200 мільёнаў рублёў. Але ахвотнікаў укласьці ў гэтыя руіны пяць з гакам мільярдаў рублёў пакуль не знайшлося».


Падчас вандроўкі Кастусь Сырэль зрабіў некалькі здымкаў і даслаў нам разам зь лістом. Дзеля параўнаньня прыклаў таксама здымкі тых самых аб’ектаў, зробленыя ім чатыры гады таму. Тады яшчэ была надзея нешта дабудаваць, рэканструяваць. Здымкі 2013 году такой надзеі ўжо не пакідаюць: будынкі напаўразбураныя, ацынкаваныя дахі пазьдзіралі злодзеі. Усё, што можна было адкруціць ці адбіць — адкручана і адбіта.

Свой ліст на Свабоду слухач заканчвае наступнай высновай:

«...Часам я пытаю сам у сябе: а што застанецца ў нашым раёне на памяць пра эпоху Лукашэнкі? Зачыненыя школы, сельскія клюбы, ФАПы, бібліятэкі? Ліквідаваныя фэрмы, зьнішчаныя вёскі, высечаныя лясы, ды вось яшчэ руіны гэтага недабудаванага і кінутага санаторыя?»

Вельмі красамоўны прыклад. Акалічнасьці таго, чаму раптам аб’ект, у які былі ўкладзены дзясяткі мільёнаў даляраў, застаўся недабудаваным — зразумелыя. Грошы выдаткоўваліся з саюзнага бюджэту. СССР распаўся, гаспадар зьнік: маскоўскім чыноўнікам на пачатку 90-х гадоў было не да таго. Іншае пытаньне: а дзе ў той момант былі мясцовыя чыноўнікі? Паводле заканадаўства ўся саюзная ўласнасьць пасьля сьнежня 1991-га стала беларускай. Чаму мясцовыя ўлады больш як два дзесяцігодзьдзі моўчкі назіралі за тым, як мільёны народных рублёў ператвараюцца ў пыл? Так, уласных грошай на тое, каб усё гэта давесьці да ладу, не было. А прадаць тады, калі ўсё гэта яшчэ выглядала прывабным і каштоўным — было немагчыма? Ды ўрэшце, калі ўжо не знаходзіўся пакупнік (у што цяжка верыцца) — чаму хаця б не паставілі вартаўніка, каб засьцерагчыся ад марадзёраў?

Вось яна, сапраўдная, рэальная эфэктыўнасьць той вэртыкалі ўлады, якую Лукашэнка пазбавіў усялякай адказнасьці перад людзьмі, аргумэнтуючы гэта якраз інтарэсамі справы, магчымасьцю лёгка і хутка кіраваць. Дакіраваліся....

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG