Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нешта няладнае робіцца з нашымі прадпрыемствамі...»

абноўлена

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тэма, якая апошнім часам часта гучыць у пошце Свабоды, — стан айчыннай эканомікі. Хоць трывожнае чаканьне чарговай гвалтоўнай дэвальвацыі беларускага рубля пасьля Новага году спакваля зьменшылася, адчуваньне няпэўнасьці і хісткасьці ўсяго, што адбываецца цяпер у нацыянальнай гаспадарцы — застаецца.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму, які даслаў наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

«Нешта няладнае робіцца з нашымі прадпрыемствамі — нават тымі, якія ўлада заўсёды лічыла пасьпяховымі. Вось хоць бы завод газавай апаратуры ў Берасьці. Аказваецца, там навыраблялі столькі кухонных пліт, што іх няма куды падзець. А „зьверху“ за перагружанасьць складоў і лаюць, і караюць. Дык яны што прыдумалі? Каб заводзкая тэрыторыя выглядала прывабнай і парожняй і каб кантралёры ня бачылі гэтага завалу — вывезьлі ўвесь „неліквід“ у суседні Маларыцкі раён. Там у сяле Зальшаны ад савецкай арміі засталіся вялікія ваенныя склады, дык месца хапае. Але ж склады тыя апошнія 25 год ніхто не рамантаваў: дахі цякуць. Вада трапляе на пліты. І каму яны будуць патрэбныя пасьля таго, як пастаяць там зіму ды вясну, паржавеюць? І хто ў выніку заплаціць за ўсе страты?».

Тыповы спосаб пусьціць пыл у вочы начальству. У сёньняшняй Беларусі ён вельмі распаўсюджаны. На нядаўняй нарадзе, прысьвечанай вонкаваму гандлю, Лукашэнка жорстка лаяў за гэта сваіх падначаленых: маўляў, што з таго, што вы расьпіхалі непрададзеную прадукцыю па розных кутках, вывезьлі яе за вароты прадпрыемства, на чужыя склады? Грошы ж за гэта на вашых рахунках не зьявіліся...

Адметна, што раней Лукашэнка гэтак жа сувора патрабаваў ад дырэктараў нарошчваць аб’ёмы вытворчасьці. Хоць ужо тады было зразумела: праблема збыту гэтай прадукцыі пры яе сумнеўнай якасьці і высокім кошце паўстане непазьбежна...

✉ ✉ ✉

Аляксей Былінскі з Рэчыцы за свой новы ліст на Свабоду ўзяўся пасьля таго, як пачуў паведамленьне пра збор подпісаў сярод лекараў «хуткай дапамогі» — з патрабаваньнем падняць заробкі:

«Мэдыкі, настаўнікі і выхавацелі дзіцячых садкоў у Беларусі — гэта працоўная інтэлігенцыя. На Захадзе гэтая катэгорыя працаўнікоў, як правіла, вызначаецца высокімі заробкамі — значна большымі, чым у сярэднім па краіне. У сёньняшняй аўтарытарнай Беларусі — усё наадварот.

На маю думку, мэдыкам і пэдагогам трэба быць больш настойлівымі. Арганізаваць масавы збор подпісаў — групамі па 10–15 асобаў. І перадаць гэтыя лісты не ў галіновае міністэрства, а непасрэдна прэзыдэнту Беларусі. А копіі — у інтэрнэт, у тым ліку на прэзыдэнцкі сайт. І патрабаваць афіцыйнага адказу па сутнасьці — як тое прадугледжана Канстытуцыяй. І ня трэба баяцца ніякага КДБ: там працуюць нармальныя хлопцы, і ў іх — тыя ж праблемы.
І ня трэба баяцца ніякага КДБ: там працуюць нармальныя хлопцы, і ў іх — тыя ж праблемы
Так, адказ чыноўнікаў лёгка прадбачыць: яны будуць спасылацца на адсутнасьць грошай у бюджэце. У сувязі з гэтым трэба патрабаваць, каб самі чыноўнікі цалкам прадэкляравалі ўсе свае даходы, уключна са службовымі акладамі, прэміямі, матэрыяльнымі дапамогамі, так званымі „лячэбнымі“ даплатамі, бясплатнымі санаторнымі пуцёўкамі, бясплатным харчаваньнем на забаўляльных імпрэзах і г.д. Калі ўсё гэта дакладна высьветліць і прааналізаваць — адразу стане зразумела, чаму ў нас сярод мэдыкаў і настаўнікаў пануе галеча.

Лічу, што ні прэзыдэнт, ні „вэртыкаль“ улады ня маюць права ні на якія прэміяльныя даплаты. Прэміі выплочваюцца за вытворчую дзейнасьць, якой чыноўнікі не займаюцца.

Увогуле, у „вэртыкалі“ ўлады — дзясяткі спосабаў сумленна зарабіць грошы на сваё ўтрыманьне. Але нашы чыноўнікі цяжка працаваць ня хочуць, аддаючы перавагу стылю жыцьця кляшчоў — выцягваюць з чалавека апошнія сокі. Многія зь іх толькі тым і займаюцца, што ствараюць бачнасьць бурнай дзейнасьці».

Ня думаю, спадар Аляксей, што прычына нізкіх заробкаў мэдыкаў і настаўнікаў — у тым, што гэтыя грошы пераразьмеркаваныя на карысьць чыноўнікаў. Колькасьць пэрсаналу шпіталяў, паліклінік, школ і дзіцячых садкоў у маштабах краіны вымяраецца сотнямі тысяч. Чыноўнікаў у Беларусі — непараўнальна меней. Нават адабраўшы звышдаходы ў начальнікаў, зьнізіўшы іх заробкі да сярэдняга памеру — праблему ня вырашыш.

Увогуле, у дэмакратычных краінах такія пытаньні вырашаюцца ў парлямэнце, калі распрацоўваецца і прымаецца бюджэт. Цяжка ўявіць, што ва ўмовах, калі настаўнікі і лекары ледзь зводзяць канцы з канцамі, дэмакратычна абраны парлямэнт накіруе паўмільярда даляраў зь дзяржаўнай казны на будаўніцтва новага прэзыдэнцкага палаца...

✉ ✉ ✉

Пра сваё незвычайнае захапленьне распавядае ў новым допісе наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў:

«Як толькі ня бавіць час беларускі пэнсіянэр дваццаціградуснымі студзеньскімі маразамі, калі жыве на пятым паверсе ў кватэры з усімі выгодамі! На рыбу не паедзеш, бо надта марозна, дый ня надта хоча яна, рыба, кляваць на піку зімы. Даглядаць хатнюю жывёлу ня трэба, бо яе няма. Сячы дровы, паліць у печы, насіць ваду са студні, чысьціць сьнег таксама не выпадае. Тэлевізар — занятак гадзіны на дзьве, кампутар... ну, гэта як калі, можаш і болей за дзьве гадзіны праседзець. Майстраваць нешта — дык хвароба невылечная амаль абезрухоміла правую руку, і мала што можаш зрабіць. Шпацыр — і так хаджу кожны дзень кілямэтраў па восем, для такіх маразоў дастаткова. Чым яшчэ сябе заняць?

Пэўна, мала хто з пэнсіянэраў прыдумае сабе такі занятак, якому я прысьвяціў апошні тыдзень.

...Я шукаў Яго на небе амаль палову свайго жыцьця, ды ўсё ніяк ня мог знайсьці. І вось нарэшце — зьдзейсьнілася... Ён — гэта плянэта Мэркурый, названая рымлянамі ў гонар бога гандляроў і заступніка падарожнікаў. Старажытныя грэкі называлі яго Гермэс.

...Мэркурый — вельмі складаная для назіраньня плянэта, асабліва ў нашых, паўночных шыротах. У нас яго можна ўбачыць толькі вечарам ці толькі раніцай, і толькі зьмярканьнем, калі неба на захадзе ці ўсходзе палымнее ўсімі адценьнямі „цёплай“ часткі сонечнага спэктру ад жоўтага да крывава-барвовага. Улетку ўбачыць Мэркурый няўзброеным вокам проста немагчыма з-за надта доўгага зьмярканьня».

Далей у сваім лісьце Кастусь Сырэль падрабязна апісвае — як выбіраў месца і час для назіраньняў, як шукаў, як узіраўся ў зорнае неба. І вось яно — зьдзейсьнілася:

«Памылкі быць ня можа: добра відаць, што ён не міргае, як міргаюць зоркі — гэта першае адрозьненьне плянэт ад зорак. Іншых падобных па сьвяцільнасьці плянэт у гэтай частцы неба няма, бо Марс і Сатурн цяпер адпаведна ў сузор’ях Панны і Шаляў, Вэнэра будзе відаць толькі раніцай на ўсходзе, а Юпітэр — вось ён, асьляпляльна блішчыць за маёй сьпінай.

Я — шчасьлівейшы за Мікалая Капэрніка, бо яму, выбітнаму астраному і навукоўцу, які вынайшаў геліяцэнтрычную сыстэму, на працягу ўсяго 70-гадовага жыцьця так і не пашчасьціла ўбачыць Мэркурый!
Я — шчасьлівейшы за Мікалая Капэрніка, бо яму на працягу ўсяго 70-гадовага жыцьця так і не пашчасьціла ўбачыць Мэркурый!
На наступны дзень, 25 студзеня, я зноў быў на маім месцы. Мэркурый я знайшоў літаральна за хвіліну — напярэдадні „прывязаў“ яго да наземных арыенціраў. Плянэта за суткі заўважна перамясьцілася крыху лявей і вышэй.

26 і 27 студзеня неба на захадзе надта захмарыла, і ісьці на сустрэчу з богам гандляроў і падарожнікаў было бессэнсоўна. Потым плянэта пачне візуальна набліжацца да Сонца, пакуль ня зьнікне ў ягоных промнях. І так будзе паўтарацца шмат разоў — вечарам, раніцай, вечарам, раніцай... Але якія будуць умовы для назіраньня — ня скажа ніхто. Можа, неба на даляглядзе засьцеле аблокамі. Так што, магчыма, я бачыў гэтую плянэту першы і апошні раз у жыцьці.

...Часьцей глядзіце на зоркі, шаноўныя сябры! Ня ведаю, што скажуць з гэтай нагоды лекары, але я бяруся сьцьвярджаць, што гэта наймагутнейшы псыхатэрапэўтычны сродак! Назіраньне зорак і плянэт заспакоіць вас, прывядзе ў душэўную раўнавагу, здыме галаўны боль і нармалізуе ціск. А калі вы запомніце назвы і здолееце знаходзіць на небе хаця б дзесяць найярчэйшых зорак і дзесяць самых прыкметных сузор’яў, то будзеце адчуваць сябе пры гэтым, бы сярод самых верных і адданых сяброў».

Вельмі кранальны расповед. Ня ведаю, ці многія людзі (асабліва вашага, спадар Кастусь) веку маюць такое захапленьне. Думаю, што такіх ня надта шмат. А шкада... Напэўна, толькі мудры і дасьведчаны чалавек можа атрымліваць ад гэтага радасьць, асалоду і адчуваньне паўнаты жыцьця. Прынамсі, вядомы расейскі філёзаф Павал Фларэнскі, пішучы запавет сваім дзецям, даваў прыблізна такую ж параду: «Часьцей глядзіце на зоркі. Калі будзе на душы кепска, калі сумна, калі вас пакрыўдзяць, калі нешта ня будзе атрымлівацца, калі надыдзе на вас душэўная бура — выйдзіце на паветра і застаньцеся сам-насам зь небам...»

Ну, і згадваецца таксама Максім Багдановіч:

«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»

Гэтымі незабыўнымі радкамі Максіма Багдановіча і скончым сёньняшнюю размову.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG