Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан уплывае на сытуацыю самім фактам свайго існаваньня


Астап Крыўдык
Астап Крыўдык

У інтэрвію Свабодзе сваім бачаньнем сытуацыі ў Кіеве, дзе цяпер назіраецца пэўнае «зацішша», няма брутальны дзеяньняў але і няма перамоўнага працэсу, падзяліўся ўкраінскі палітоляг і публіцыст Астап Крыўдык, у мінулым — удзельнік Аранжавай рэвалюцыі 2004 года і актывіст Грамадзянскай кампаніі «Пора».

— У мінулую нядзелю ў Кіеве адбылося дзясятае Народнае веча. Як вы ацэньваеце на дадзены момант пазыцыі ўсіх бакоў супрацьстаяньня: грамадзян, апазыцыі, улады?

— Публічна ўлада хоча перамоваў і заклікае да міру. Рэальна ж працягваюцца арышты, рэпрэсіўныя захады адміністрацыйнага і крымінальнага характару (з дапамогай «цітушак», якія кантралююцца ўладай). Адбываецца зьбіцьцё і запалохваньне ключавых актывістаў. Рэпрэсіўныя «законы пра дыктатуру» праз памылкі заканадаўцаў працягваюць дзейнічаць. Таму «міратворчая» пазыцыя ўлады зьяўляецца толькі дымавой завесай над далейшым нагнятаньнем сытуацыі.

Партыйна арганізаваная апазыцыя вядзе тры прэзыдэнцкія кампаніі. Яе інстытуцыйныя прапановы фармуюцца ў рамках фармату, зададзенага уладай, якая выкарыстоўвае канстытуцыйны працэс для зацягваньня часу і перагрупоўкі.

Грамадзянская супольнасьць дастаткова фрагмэнтаваная і не гаворыць у адзін голас, аднак менавіта яна найбольш хоча зьмяненьняў і стымулюе іх. Рэальнай дынамікі Майдану надае яго актыўнае крыло, куды ўваходзяць і радыкалы — Самаабарона Майдана.

Апошняе Народнае веча ня мела значнага «дабаўленага кошту», акрамя простага працягу працэсу.

— Ці гучаць цяпер нейкія дзейсныя заявы, якія здольныя зьмяніць расклад сілаў?

— Расклад сілаў мяняюць дзеяньні, а не заявы. Заявы толькі агучваюць дзеяньні і прапануюць далейшы заклік. Час мітынгаў дзеля мітынгаў скончыўся.
Існуюць аб’ектыўныя патрэбы. Першая — даціснуць пытаньне датэрміновых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Другое — выбраць адзінага кандыдата ад апазыцыі. Трэцяе — падрыхтаваць глебу для люстрацыі.

Аб гэтых рэчах цяпер ніхто ня кажа. Канстытуцыйная рэформа Яцанюка, дэбаты Клічко з Януковічам, рэвалюцыйны антыкрамлёўскі папулізм Цягнібока не ўспрымаюцца людзьмі.

— Няўжо ўлада цяпер настолькі слабай, што можна ўздымаць пытаньне люстрацыі? Хіба гэта не спалохае многіх функцыянэраў, не прымусіць іх абараняць рэжым да апошняга?

— Мэтай рэвалюцыі зьяўляецца не замена пэрсанажу наверсе, а замена сыстэмы. Таму зрабіць гэта, не напалохаўшы чыноўнікаў, будзе нерэальна. Ім ужо відавочна, што пры зьмене ўлады яны страцяць свае пазыцыі.

— Якія варыянты разьвіцьця сытуацыі вы зараз лічыце найбольш рэальнымі?

— Гвалт, перамовы і статус-кво. Трэці — самы небясьпечны, таму што канцэнтруе нявырашаныя пытаньні і можа падарвацца яшчэ большым гвалтам. Другі — ня вельмі верагодны, таму што ўлада паталягічна ня здольная да выніковых перамоваў. І першы — самы просты, аднак горшы, таму што гэта сцэнар маральнай перавагі ўлады над пратэстуючымі.

Аднак тут менавіта ўлада задае фармат апазыцыі і нясе адказнасьць за гэта. Ад улады залежыць як адказаць апазыцыі — і ўцёкі Януковіча ў Сочы ў распал супрацьстаяньня пакідаюць мала надзеі як на адэкватнасьць ўлады, так і на мірны працэс.

— Наколькі моцны Майдан — і ў пляне супрацьстаяньня з сіламі МУС, і ў пляне палітычнага фактару?

— Як абарона — гэта адна тэрыторыя, што выразна паказала ноч на 11 сьнежня. Як наступ на дзейную ўладу — гэта да дзясятка розных суб’ектаў, кожны з якіх у той ці іншай ступені зьяўляецца палітычным, мае іншыя інтарэсы. Гэта не надта эфэктыўна, але іншага Майдану ў нас няма.

— Цяперашняя тактыка — гэта проста стаяць і абараняцца?

— Гэтую тактыку падтрымліваюць усе, таму яна і адбываецца. Адносна тактыкі наступальных дзеяньняў агульнага бачаньня пакуль яшчэ няма.

— Дык якім чынам можа Майдан паўплываць на сытуацыю? Бо ўлада можа проста ігнараваць яго існаваньне...

— Майдан ужо ўплывае на сытуацыю самім фактам свайго існаваньня. На працягу трох гадоў улады рабілі ўсё, каб ні адзін намёт ня прастаяў на плошчы даўжэй, чым 5 хвілін. Усімі сіламі ўлада паказвала, што яна кантралюе Майдан Незалежнасьці, і ў гэтым была крыніца яе мудрагелістай легітымнасьці «таму што іншых няма» . Цяпер гэтая легітымнасьць крышыцца .
Вядома ж, чакаць, пакуль «згінуць ворагі, як раса на сонцы», не даводзіцца — але гэта першая і важная падстава для перамогі: існуе тэрыторыя, свабодная ад рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG