Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі вывучаюць магчымасьць санкцыяў да ўладаў Украіны


У панядзелак у Брусэлі міністры замежных спраў 28 краін Эўразьвязу зьбіраюцца абмеркаваць магчымыя санкцыі ў дачыненьні да асоб, вінаватых у гвалце ва Ўкраіне.

Праўда, пакуль гэта робіцца неафіцыйна. У парадку дня сустрэчы дыпляматы таксама абмяркуюць стратэгію Эўразьвязу адносна дзеяньняў Расеі, якая цісьне на краіны-суседзі і перашкаджае іх збліжэньню з эўрапейскім садружнасьцю.

Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў, сабраўшыся на чарговую раду, паставяць пытаньне санкцый супраць украінскіх палітыкаў і алігархаў. Як гаворыцца ў парадку дня, адным з першачарговых пунктаў абмеркаваньняў стане «Ўсходняе партнэрства». Некаторыя эўрапейскія дыпляматы пацьвярджаюць — пытаньне санкцый ключавым не будзе, але, несумненна, яго абмяркуюць.

Пра пачатак абмеркаваньня санкцый у дачыненьні да адказных за гібель людзей, гвалт і парушэньні грамадзянскіх свабодаў ва Ўкраіне ў інтэрвію Радыё Свабода заяўляў і міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус:

«Мы ўжо пачынаем пра гэта казаць, скажам, на працоўным узроўні. Падчас пасяджэньня Рады міністраў у Брусэлі, дзе ў парадку дня „Ўсходняе партнэрства“, Украіна будзе на першым месцы з-за падзей, якія там адбываюцца. Калі мы там пабачым пачатак канструктыўнага дыялёгу, то санкцыі ўжываць не павінны. Але калі сытуацыя пойдзе ў непажаданы бок, то ўжыць варта ўсе захады, уключна з санкцыямі», — кажа кіраўнік літоўскага дыпляматычнага корпуса.

У канцы мінулага тыдня ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнта было вылучанае патрабаваньне абмежаваць ўезд у Эўразьвяз і заблякаваць рахункі і ўласнасьць тых, хто мае дачыненьне да парушэньняў, у тым ліку ўкраінскіх чыноўнікаў, заканадаўцаў і алігархаў. Разам з тым дэпутаты краін Эўразьвязу заклікалі ЭЗ, ЗША і міжнародныя фінансавыя ўстановы прыкласьці намаганьні для пошуку пакета дапамогі Ўкраіне, эканоміка якой церпіць ад спаду .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG