Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч папярэдзіў, што прашэньне аб памілаваньні могуць напісаць за яго


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Палітвязень Мікалай Статкевіч не выключае, што пасьля нядаўніх прапаноў «папрасіць пра памілаваньне» патрэбнае прашэньне могуць напісаць за яго.

Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч.

«Восеньню 2011 году начальнік атрада прапанаваў мне напісаць заяву на імя начальніка калёніі з патрабаваньнем (!) вызваліць мяне, пажадана па-беларуску. Я заяву напісаў, пераказаў у ёй частку апошняга слова ў судзе і назваў прозьвішча сапраўднага злачынцы. Потым, падумаўшы, перадаў [...], што мажлівая фальсыфікацыя „прашэньня“ ад майго імя. (Прачытаў потым пра такую мажлівасьць у газэце, за што ўдзячны)», — напісаў у лісьце палітвязень.

Як вынікае зь ліста, падцьверджаньне такой магчымасьці Мікалай Статкевіч атрымаў яшчэ падчас знаходжаньня ў шклоўскай калёніі і адрэагаваў на яго адпаведна, паведамляе сайт statkevich.org.

«Пазьней, у студзені 2012 году, калі я сядзеў у «спэцкамэры» ПКТ і чакаў суду па «крытай», адзін супрацоўнік апэратыўнага аддзела сказаў мне, што такі плян у іх насамрэч быў. Нават пахваліўся, што «зрабілі» б такое «прашэньне», якое б «ніводная экспэртыза ня выявіла», — піша Статкевіч.

Палітвязень паабяцаў тады, што выйшаўшы на волю, здолеў бы «адкамэнтаваць» такую фальсыфікацыю так, каб не пакінуць уладзе шанцаў «захаваць твар».

Статкевіч патлумачыў, што піша пра ўсё гэта, «каб ні ў кога падобнай спакусы і цяпер не зьявілася».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Мікалай Статкевіч сваёй віны ў судзе не прызнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG