Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Прыгараў: Сёньня на «Стоп-падатак» пайду пешшу


Дзьмітры Прыгараў
Дзьмітры Прыгараў

Аўтамабіль BMW, забраны ў 28-гадовага менчука Дзьмітрыя Прыгарава падчас акцыі «Стоп-падатак» 20 сьнежня, дагэтуль знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС Менску.

Паводле супрацоўнікаў ДАІ, аўтамабіль дастаўлены туды для правядзеньня экспэртызы, якая мае высьветліць, ці не «перабітыя» нумары кузава. Пра апошнія навіны ў канфлікце Свабода распытала самога Дзьмітрыя Прыгарава:

— Як рухаецца справа з праверкай вашага аўто?

— Вось сёньня мне нарэшце патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС і сказалі, што ня могуць завесьці маю машыну. Я са зьдзіўленьнем спытаўся, куды на ёй зьбіраюцца ехаць. Адказ быў: «Як куды — на экспэртызу». Я, дарэчы, прасіў, каб экспэртызу праводзілі толькі ў маёй прысутнасьці. Зразумела, што гэтую просьбу яны таксама праігнаравалі. А завесьці ня могуць таму, што я, калі пакідаў машыну ў РУУС, выцягнуў рэле з сыгналізацыі, каб ніхто ня мог завесьці машыну і паехаць на ёй. Карацей, папрасілі зараз прыехаць да іх і прывезьці рэле.

— Як вы абыходзіцеся без машыны?

— Асноўная праблема ў тым, што мая 80-гадовая бабуля цяпер ляжыць у шпіталі, у яе цукровы дыябэт. Ёй пэрыядычна трэба адвозіць лекі, якіх няма ў шпіталі, якія мы набываем самастойна. Вядома, я малады і здаровы, мне ня тое што вельмі складана на грамадзкім транспарце езьдзіць па горадзе. Але, вядома, з машынай усё было прасьцей і нашмат хутчэй. Ну, што ж, часам даводзіцца нечым ахвяраваць дзеля таго, каб адбыліся зьмены.

— Дзьмітры, сёньня будзе наступная акцыя «Стоп-падатак». Як лічыце, ці магчымае паўтарэньне вашай гісторыі зь іншымі яе ўдзельнікамі?

— Думаю, што так. Паўторыцца абавязкова. Але, магчыма, іншым чынам, таму што мая справа выклікала вельмі вялікі грамадзкі рэзананс. Магчыма, супрацоўнікі ДАІ пачнуць больш разумна дзейнічаць. Але я думаю, што будуць эвакуацыі, будуць нумары перапісваць, выклікаць на разборы. Будуць душыць і далей. Але з гэтым трэба змагацца.
Шмат хто зь іх выяжджае на ўласным аўто пару разоў на год на лецішча. За што яны павінны плаціць такія грошы, я не разумею

— Чаму вы пацярпелі першым, як думаеце?

— Таму што ехаў у першым радзе. Музыка ў мяне грала гучна. Таксама на вакно была налеплена ўлётка «Хватит обдирать!» Вядома, гэта прыцягнула ўвагу.

— Да канфіскацыі вашага BMW вы былі актыўным аўтамабілістам. Чаму ня згодныя плаціць новую дзяржпошліну?

— Таму што апроч мяне ёсьць шэраг іншых людзей, пра якіх таксама трэба падумаць. Тыя ж пэнсіянэры. Шмат хто зь іх выяжджае на ўласным аўто пару разоў на год на лецішча. За што яны павінны плаціць такія грошы, я не разумею. А таксіст які-небудзь кожны дзень езьдзіць і гэтым яшчэ і грошы зарабляе. Дзе справядлівасьць? У нас не такія вялікія пэнсіі, каб пэнсіянэры маглі такія вялікія грошы плаціць невядома за што. Дый увогуле ёсьць шмат людзей, хто карыстаецца аўто ў выпадку вострай неабходнасьці, а грошы зьдзіраць будуць з усіх аднолькава. Закон, відавочна, недапрацаваны. Таксама трэба ўлічыць, што цана на паліва павышаецца вельмі часта.

— Ці падтрымаеце сёньняшнюю акцыю?

— Так, абавязкова. Толькі пайду пешшу гэтым разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG