Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Смаленску: нелегальны гандаль як спосаб выжываньня


Беларусы ўжо ня першы год возяць у бліжэйшыя расейскія гарады прадукты харчаваньня.

Саматужны гандаль «зь зямлі» ў Смаленску забаронены. Але беларусы-гандляры амаль не хаваюць свайго занятку: прадаюць малако і сьмятану, кілбасу і гарэлку на самых людных месцах, каб падзарабіць перад навагоднімі сьвятамі.

На плоце найбуйнейшага ў Смаленску Жалябаўскага кірмаша вісіць вялікая, мэтраў 3 на 5, аб’ява — пра тое, што гандаль харчовымі прадуктамі тут забаронены. Аднак уздоўж плота і пагрозьлівага надпісу пра штраф за парушэньне гэтага правіла стаяць саматужныя гандляры зь Беларусі.

Спадарыні і спадары, маладыя і старыя прыяжджаюць сюды ў асноўным зь Віцебшчыны і Магілёўшчыны. І кожны, як можа, рэклямуе свой тавар — прыкладам, гэтая спадарыня:

«Гэта ж усё беларускае, усё такое добрае. Браць будзеш? Во сьмятанку паглядзі, нідзе ў Расеі такога няма, „Прастаквашына“ рознае — гэта ўсё ня тое! Во наша, лепельская. Во тут напісана — „Лепелька — лепшы сябар“. Возім, бо на нашай „Лепельцы“ што плацяць — дык вельмі мала. І нам капейка лішняя... А там во дзевачка адна гандлюе кілбаскай, з аршанскага мясакамбінату возіць. Харошая кілбаска! „Маскоўскую“ ў яе паглядзіце. Кажуць, глыбоцкая добрая, але і аршанская таксама смачная».





Смалянаў агітаваць асабліва й ня трэба: многія тут — сталыя пакупнікі. Адзін зь іх далучаецца да нашае гаворкі:

«Бярыце-бярыце, нармальная сьмятанка! Мы рады, што беларусы прывозяць, мяжа адкрытая, яны ж тут побач, амаль што свае. Можа, гарэлка трэба? Во ў іх там, у сумцы стаіць. Я ўжо ўзяў, „Прыдзьвіньне“, віцебскую. Добрая гарэлка, ні разу не атруціўся!»

Гарэлка ды іншыя сьпіртовыя напоі — адзінае, што ня выстаўлена гандлярамі навідавоку. Бутэлькі трымаюць у асобных кайстрах паблізу. Кажуць — каб не пабіць, калі давядзецца ўцякаць ад паліцыі. А такое часам бывае, бо гандаль усё ж забаронены. Яшчэ пару месяцаў таму беларускія гандляры не наважваліся выкладаць і харчы, трымаючы іх у багажніках сваіх машын. Але цяпер нібыта рэйды паліцыянтаў зрабіліся радзейшымі, і беларусы-«бізнэсмэны», асабліва ў выходныя дні, пачуваюцца вальней.

Дый сыстэма спавяшчэньняў пра небясьпеку ўжо адладжаная, працягвае спадарыня зь Лепеля:

«Вунь, паглядзіце, там напісана „Забаронена“ — гэта нам гандляваць забаронена. Але ў нас ёсьць свой „назіральнік“, мы „прыкормліваем“ трохі чалавечка, дык ён папярэдзіць, калі трэба ўсё пахаваць... Паліцыя ганяе, але ж іхныя жонкі самі ў нас усё купляюць! Дык і Новы год блізка, а тут — сьмятанка да стала! Мы тут даражэй трошкі прадамо і таньней купім. Цукеркі дзецям во тут таньнейшыя. Жыць жа трэба. І смалянам жыць трэба, бо купляюць жа — падабаецца, значыць? Ну, сьмятанка ж наша — не параўнаць?»

Рэкляма беларускіх тавараў у Смаленску
Рэкляма беларускіх тавараў у Смаленску


Пастаяўшы каля гандлёвых радоў, лёгка пераканацца, што беларускія прадукты дужа даспадобы смаленскім гаспадыням і гаспадарам:

«Беларусы выручаюць нас, вядома. Кілбасу прывозяць, яна ў іх добрая. Наш во Мікаянаўскі завод такое робіць, што кілбаса і нясмачная, і як зьясі — то цаглінай у страўніку ляжыць... А беларусы малайцы, беларусы мне падабаюцца!»

«Там жа ў іх дагэтуль ГОСТы, а тут у нас нейкія незразумелыя стандарты ўвялі.. І прадукты добрыя, яны як з Савецкага Саюзу, зь дзяцінства ўсё знаёмае. І абутак беларускі йдзе на „ўра“ — і „Белвест“, і „Марка“. Паглядзіце, я во і сам маркаўскія боты нашу».

Дарэчы, беларускі абутак у Смаленску таньнейшы ў параўнаньні зь Віцебскам, дзе яго робяць. А смаляне гатовыя плаціць за якасьць. На шыльдах можна ўбачыць і рэкляму беларускай касмэтыкі, і беларускага адзеньня. А ў раёне смаленскага аўтавакзалу — цэлы шэраг невялікіх крамак, якія прадстаўляюць і менскі ЦУМ, і «Мілавіцу», і прапануюць нават хлеб ды печыва... Адно што жыхары Смаленску, нахвальваючы беларусаў за якасьць тавараў, вельмі часта параўноўваюць Беларусь з Савецкім Саюзам. Але саматужных гандляроў зь Віцебшчыны гэта мала турбуе.

"Беларускія" крамы каля смаленскага аўтавакзалу
"Беларускія" крамы каля смаленскага аўтавакзалу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG