Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія грамадзкія дзеячы пра Нэльсана Мандэлу


Ва ўзросьце 95 гадоў памёр Нэльсан Мандэла, які ўзначальваў паўднёваафрыканскі рух супраць апартэіду, правёў амаль тры дзесяцігодзьдзі за кратамі, а потым зрабіўся першым чорнаскурым прэзыдэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

У 2013-м Мандэла некалькі месяцаў правёў у шпіталі зь лёгачнай інфэкцыяй.

У ліпені ў ПАР прайшлі святкаваньні яго 95-годзьдзя.

Тады ж Радыё Свабода запісала меркаваньні беларускіх грамадзкіх дзеячоў пра Нэльсана Мандэлу.


Свабода пра Нэльсана Мандэлу

Імя Афрыкі

Мандэла – не зламаўся, не пакаяўся


Аляксандар Мілінкевіч, лідэр руху «За свабоду»: Гэта афрыканскі Гавэл

Мандэла – гэта афрыканскі Гавэл. І адзін, і другі – вялікія змагары за свабоду
«Для мяне Нэльсан Мандэла – гэта афрыканскі Гавэл. І адзін, і другі – вялікія змагары за свабоду і, што вельмі важна, маральныя аўтарытэты. Бездакорныя маральныя аўтарытэты. І можа выглядаць, што Мандэла перш за ўсё змагаўся супраць апартэіду, але я думаю, што яго роля значна шырэйшая. Бо ён змагаўся за роўнасьць, за свабоду. Для афрыканскага кантынэнта гэта чалавек вялікага значэньня, але ня меншае значэньне ён мае і для ўсяго сьвету, – заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік руху «За свабоду». – Ён застаецца такім аўтарытэтам і сёньня. Таксама важна, што гэта нязломны чалавек, які 27 гадоў прабыў у турме і разам з тым не пахіснуўся, ня здаўся. І я думаю, што, знаходзячыся ў вязьніцы, Мандэла быў вялікай апорай і дэманстрацыяй сілы духу для тых, хто заставаўся на волі. Я думаю, што гэты чалавек застаўся ў гісторыі назаўсёды як адзін з самых вялікіх змагароў за дэмакратыю і правы чалавека. Гэта больш чым палітычны дзяяч, больш чым першы цемнаскуры прэзыдэнт ПАР. І дзякуй Богу, што ёсьць такія людзі на сьвеце, на якіх хочацца раўняцца, якія будуць прыкладам назаўсёды. Таму што я перакананы, што за свабоду трэба змагацца ня толькі ў краінах, дзе яе не хапае, але нават у вольных краінах за свабоду кожны дзень трэба змагацца і адстойваць свае правы».


Тацяна Равяка, праваабаронца з цэнтру «Вясна»: Сымбаль самаахвярнай барацьбы

«Імя Нэльсана Мандэлы – сымбаль самаахвярнай барацьбы з апартэідам. 27 гадоў, праведзеных у вязьніцах за гэтую барацьбу, – вялікая плата за перакананасьць, ідэйнасьць і за тое, каб сытуацыя, якую Нэльсан Мандэла лічыў несправядлівай, мянялася і ўрэшце зьмянілася канчаткова. Усё жыцьцё Нэльсана Мандэлы – прыклад таго, што калі чалавек упэўнены ў сваіх ідэалах, у сваёй слушнасьці і справядлівасьці сваіх дзеяньняў, ён можа ахвяраваць шмат чым, у тым ліку воляй, – кажа праваабаронца Тацяна Равяка. – Нэльсан Мандэла быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня і, правёўшы за кратамі 27 гадоў, такім чынам заплаціў за сваю ідэйнасьць. У яго можна павучыцца разуменьню таго, якімі мэтадамі варта змагацца.

27 гадоў, праведзеных у вязьніцах за гэтую барацьбу, – вялікая плата за перакананасьць, ідэйнасьць
Калі мы са студэнтамі Школы правоў чалавека размаўляем пра Нэльсана Мандэлу як змагара за правы чалавека, мы гаворым пра тое, што гэта чалавек, які напачатку не адмаўляў гвалтоўныя мэтады барацьбы, аднак праз трансфармацыю сьвядомасьці прыйшоў да разуменьня таго, што толькі негвалтоўныя мэтады маральныя, толькі яны даюць устойлівы вынік. Таму мы гаворым пра тое, што сьвядомасьць можа мяняцца. І што легітымнымі і прызнанымі зьяўляюцца толькі тыя мэтады, якія ёсьць негвалтоўнымі. Так паказала гісторыя ўвогуле. Так паказаў лёс Нэльсана Мандэлы, – адзначае спадарыня Равяка. – Яго роля важная ня толькі ў гісторыі ПАР, але і ўсяго чалавецтва. Калі ён казаў пра роўнасьць, пра свабоду, то ён меў на ўвазе ня толькі свабоду чорных ад белых, але і свабоду белых ад чорных. Таму гэтае абсалютнае разуменьне чалавечай свабоды, волі, раўнапраўя – для мяне ўзор таго, як у абсалюце разумеецца і павінна разумецца права і свабода чалавека».


Алесь Анціпенка, філёзаф: Мандэла – гэта чалаек-мужнасьць, чалавек-трываласьць, чалавек-змагар

Ёсьць паралелі паміж беларускай рэчаіснасьцю і лёсам Мандэлы. Сярод нашых землякоў таксама ёсьць людзі, якія за свае перакананьні сядзяць у турме
«Нэльсан Мандэла – выбітная і безумоўна знакавая асоба. Такія людзі, якія гатовыя за свае перакананьні сядзець у вязьніцы, не прасіць аб памілаваньні, не чакаць, што іх вызваляць, гатовыя ахвяраваць сваім жыцьцём за ідэі, выклікаюць вялікую павагу. Для мяне Нэльсан Мандэла – гэта чалавек-мужнасьць, чалавек-трываласьць, чалавек-змагар, – кажа філёзаф Алесь Аньціпенка. – Ёсьць паралелі паміж беларускай рэчаіснасьцю і лёсам Нэльсана Мандэлы. Усе мы ведаем, што сярод нашых землякоў таксама ёсьць людзі, якія за свае перакананьні сядзяць у турме і сваім прыкладам дэманструюць найвялікшую трываласьць і адданасьць сваім ідэям. Гэтак, як і Нэльсана Мандэлу, нашых палітзьняволеных ведаюць ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі, дзе яны таксама выклікаюць вялікую павагу».

Даведка Свабоды: Нэльсан Мандэла




Нарадзіўся 18 ліпеня 1918 году паблізу Ўмтаты (Усходняя Капская правінцыя Паўднёвай Афрыкі).

Яго прадзед быў правадыром племя Тэмбу. Адзін з сыноў правадыра насіў імя Мандэла. Ён стаў дзядулем Нэльсана, ад ягонага імя было ўтворана Нэльсанава прозьвішча.

Пры нараджэньні Мандэла атрымаў імя Роліхлахла, што азначае "той, хто абрывае галіны дрэў", а ў вобразным перакладзе зь мясцовай мовы – гарэза, баламут, парушальнік спакою. Але настаўніку ў школе было цяжка вымаўляць гэтае імя, і ён стаў называць яго Нэльсан – у гонар брытанскага адмірала.

Нэльсан Мандэла вучыўся ў каледжы Форта-Хер, зь якога ў 1940 годзе за ўдзел у студэнцкім страйку быў выключаны. Працаваў вартаўніком на шахце ў Ёганэсбургу, служыў у тым жа горадзе ў юрыдычнай канторы.

У 1943 годзе Мандэла пачаў вывучаць права ва ўнівэрсытэце Вітватэрсранда каля Ёганэсбургу, дзе правучыўся да 1948 году, але так і не атрымаў дыплёма юрыста.

Пазьней вучыўся ў Лёнданскім унівэрсытэце, але ня скончыў і яго.

Ступень бакаляўра права Мандэла атрымаў толькі ў 1989 годзе, у апошнія месяцы свайго зьняволеньня. Седзячы ў турме, ён завочна навучаўся ў Унівэрсытэце Паўднёвай Афрыкі.

У 1944 годзе Нэльсан Мандэла ўступіў у Моладзевую лігу Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу (АНК) і неўзабаве стаў адным зь яе лідэраў.

У 1950-я гады ён быў адным з найбольш актыўных змагароў супраць апартэіду на поўдні Афрыкі. Яго ня раз арыштоўвала паліцыя.

З канца 1953 году ўрад Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі забараніў Мандэлу выступаць на публічных мерапрыемствах на працягу двух гадоў і ўзнавіў гэтую забарону яшчэ на пяць гадоў у 1956 годзе.

Мандэлу абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе ў 1956 годзе. Але ў 1961-м апраўдалі.

Да 1960 году Мандэла стаў прызнаным лідэрам АНК.

Пасьля падзеяў у Шарпэвілі (1960), калі пры беспарадках былі забітыя 67 афрыканцаў, паўднёваафрыканскі ўрад забараніў АНК. Мандэла перайшоў на нелегальнае становішча.

У чэрвені 1961 году лідэры АНК вырашылі перайсьці да збройных мэтадаў барацьбы супраць апартэіду. Было сфармавана вайсковае крыло АНК на чале з Мандэлам.

У чэрвені 1964-га органы бясьпекі ПАР арыштавалі яго і прысудзілі да пажыцьцёвага турэмнага зьняволеньня.

У час свайго зьняволеньня Нэльсан Мандэла набыў усясьветную вядомасьць. У Паўднёвай Афрыцы і ў іншых краінах разгарнуўся рух за яго вызваленьне.

18 гадоў (1964–1982) ён правёў у турме на востраве Робэн. У 1982-м быў пераведзены ў Кейптаўнскую турму. Там правёў шэсьць гадоў, пасьля чаго быў шпіталізаваны, бо захварэў на сухоты.

У 1985-м Нэльсан Мандэла адхіліў прапанову прэзыдэнта ПАР Пітэра Боты аб вызваленьні ў абмен на адмову ад палітычнай барацьбы.

Мандэлу вызвалілі ў 1991 годзе. Ён ачоліў АНК.

У 1993 годзе Мандэлу і прэзыдэнта ПАР Фрэдэрыка Дэ Клерка ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй міру за намаганьні пакласьці канец апартэіду.

У 1994 годзе ў Паўднёвай Афрыцы былі праведзены першыя агульнанацыянальныя выбары з удзелам афрыканскай большасьці. Нэльсан Мандэла стаў першым цемнаскурым прэзыдэнтам ПАР.

У 1996 годзе пад ягоным кіраўніцтвам была распрацавана і прынята новая канстытуцыя Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якая гарантавала ўсім паўднёваафрыканцам роўныя правы незалежна ад расавай прыналежнасьці, полу, рэлігійных перакананьняў або сэксуальнай арыентацыі.

Застаючыся на пасадзе прэзыдэнта краіны, Мандэла ў сьнежні 1997 году сышоў з пасады лідэра АНК.

На выбарах 1999 году ня выставіў сваёй кандыдатуры на пост прэзыдэнта ПАР.

Нэльсан Мандэла – аўтар некалькіх кніг, сярод якіх прыкметнае месца займаюць "Няма лёгкага шляху да свабоды" (1965), "Я гатовы памерці" (1979).

Ён узнагароджаны мноствам урадавых узнагародаў дзясяткаў краін сьвету (у тым ліку СССР, Расеі, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Індыі і г.д.).

У лістападзе 2009 году Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 18 ліпеня Міжнародным днём Нэльсана Мандэлы ў знак прызнаньня ўкладу былога прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі ў справу міру і свабоды.

У 2011 годзе Нэльсан Мандэла ўзначаліў сьпіс усясьветных лідэраў зь бездакорнай рэпутацыяй па выніках дасьледаваньня, праведзенага кампаніяй Reputation Institute, у якім узялі ўдзел больш за 50 тысяч чалавек з 25 краін сьвету.

Нэльсан Мандэла быў жанаты трэцім шлюбам. Зь першай жонкай Эвэлін (1922–2004) ён пражыў з 1944 па 1958 год. У гэтым шлюбе нарадзіліся чацьвёра дзяцей – дзьве дачкі і двое сыноў. Адзін з сыноў памёр у маленстве.

Шлюб з другой жонкай Віні (1934–) доўжыўся з 1958 па 1996 год. Нарадзіліся дзьве дачкі.

Трэці раз Мандэла ажаніўся ў 1998 годзе з Граса Машэл (1945–), удавой прэзыдэнта Мазамбіку Самора Машэл, які загінуў у авіякатастрофе.

З усіх дзяцей ад першых дзьвюх жонак цяпер жывыя тры Мандэлавы дачкі, мноства ўнукаў і праўнукаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG