Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імя Афрыкі


11 чэрвеня 1964 году, важна пабліскваючы акулярамі, паўднёваафрыканскі судзьдзя Квартус дэ Вэт абвясьціў сваё рашэньне па справе Нэльсана Мандэлы і ягоных паплечнікаў. Яшчэ не адбыўшы да канца трохгадовы тэрмін за нелегальнае перасячэньне мяжы і заклікі да страйку, гэтым разам Мандэла быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня — за сабатаж і плянаваньне ўзброенага супраціву ўладам. Так яму, чорнаму, і трэба, з палёгкай уздыхнулі законапаслухмяныя грамадзяне. На сьвятое замахнуўся!.. Бедны судзьдзя дэ Вэт падумаць ня мог, што адпраўляе ў турму будучага прэзыдэнта сваёй дзяржавы.

Калі б судзьдзі кожны раз, выносячы палітычныя прысуды, думалі пра тое, як нечакана можа павярнуцца гісторыя... І пра тое, наколькі часам законапаслухмянасьць не адрозная ад звычайнага фашызму. Надышоў бы канец сьвету. Прыкладна такі па сваіх маштабах, які перажыла ў пачатку дзевяностых белае насельніцтва ПАР — у час, калі архаічны, спарахнелы апартхэйд нарэшце сканаў, пакінуўшы па сабе толькі нянавісьць і прагу помсты. Не зусім тыя рэчы, якіх хацеў дасягнуць Мандэла — і ўсё ж непазьбежныя, як шнары пасьля апэрацыі.

...Калі ён пайшоў у школу, настаўніца сказала яму, што з гэтага часу яго будуць зваць Нэльсан. Таму што ў нармальнага чалавека, які хоча чагосьці дасягнуць у жыцьці, мусіць быць брытанскае імя. У турме яму далі нумар 46664 — лічбы азначалі, што Мандэла быў 466-м асуджаным у 1964 годзе. Таксама імя — у нейкім сэнсе... Калі ён зробіцца прэзыдэнтам, яго будуць называць Мандзіба, паважліва і зусім па-афрыканску. На кожную траціну жыцьця — па новым імі.

...Большую частку свайго зьняволеньня ён адбываў на высьпе Робэн, дзе працаваў у вапнавым кар’еры. І завочна вучыўся ў адным з брытанскіх унівэрсытэтаў, стаўшы ўрэшце бакаляўрам права. Наўрад ці, дарэчы, у Савецкім Саюзе, дзе Мандэлу любілі маляваць на марках і паштоўках з надпісам «Змагар за свабоду народаў Афрыкі» і дзе Паўднёвую Афрыку цалкам справядліва называлі запаведнікам расізму, нехта са зьняволеных — белых зьняволеных — мог скончыць завочна замежны ўнівэрсытэт... Затое ў вас нэграў лінчуюць, казалі савецкія людзі — праўда, не паўднёваафрыканцам, а амэрыканцам, прадстаўнікам краіны, дзяржаўнае ўладкаваньне якой Мандэла лічыў ледзьве ня ўзорным. Ой, няпроста было савецкаму чалавеку разабрацца з гэтай Афрыкай...

«За нашу і вашу волю» — гэты лёзунг быў і ягоным лёзунгам. На афрыканскі кшталт, вядома. «Усё сваё жыцьцё я прысьвяціў барацьбе за афрыканскі народ. Я змагаўся супраць панаваньня белых і змагаўся супраць панаваньня чорных. Мой ідэал — дэмакратычнае, вольнае грамадзтва, дзе ўсе людзі будуць жыць у згодзе і карыстацца роўнымі магчымасьцямі,» — сказаў Мандэла ў сваёй прамове за паўтара месяца да вынесенага яму прысуду. Наперадзе былі дваццаць сем гадоў турмы, Нобэлеўская прэмія, паціснутая ім рука дэ Клерка, белая рука былога гаспадара... І праведзены ў ПАР чэмпіянат сьвету па футболе — самае прыгожае ўвасабленьне яго Перамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG