Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настае момант, калі ўсё новыя „страшылкі“ ўлады перастаюць спрацоўваць.....»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Значная частка пошты апошняга часу — гэта роздум над пражытым і перажытым, спробы асэнсаваць шлях, якім дзе Беларусь у невядомую будучыню, развагі пра настроі і чаканьні цяперашняга беларускага грамадзтва.

Адзін з такіх лістоў, зь якога пачну сёньняшнюю размову, даслала на Свабоду Тацяна Колышава зь Менску:

«Як жа мы прызвычаіліся да свайго ганебнага прыніжанага стану. Начальства глядзіць на нас як на быдла, на парабкаў. А ўсё праз тое, што на ўсе больш-менш высокія пасады кіраўнікоў прызначае толькі ён, наш нязьменны. Галоўны крытэр пры гэтым — асабістая адданасьць. Дзелавыя і маральныя якасьці ў разьлік не бяруцца.

У выніку на кіраўнічыя пасады часта трапляюць асобы, якія, здаецца, нават асалоду атрымліваюць з таго, што зьневажаюць падначаленых, калечаць іхныя лёсы і здароўе.

Справу давяршае павальная кантрактная сыстэма, з дапамогай якой нас пакрысе ператвараюць у маўклівых паслухмяных рабоў, ня здольных на супраціў.

Мы ўжо звыкліся з тым, што на вуліцы нас могуць схапіць нейкія невядомыя людзі ў цывільным, падобныя да бандытаў; што ў судах сьведкі-міліцыянты хлусяць, не чырванеючы; што судзьдзі выносяць карныя прысуды невінаватым людзям.... Толькі за тое, што мы моўчкі стаялі на вуліцы, нас хапалі „амапаўцы“, зьбівалі, везьлі ў пастарунак і суд, асуджалі каго на суткі, каго да велізарных штрафаў...

І нас ужо не зьдзіўляе, што пасьля кожных прэзыдэнцкіх выбараў амаль усе кандыдаты, якія былі канкурэнтамі Лукашэнкі, апынаюцца ў турме. У Беларусі гэта стала нормай.

І мы ня ведаем, што яшчэ выдумае той, хто мае „царскія паўнамоцтвы“ і хто, як кажуць ягоныя лёкаі, „вышэй за Бога“, каб нікога не дапусьціць да прэзыдэнцкага крэсла.

Але я думаю, што перад Лукашэнкам — сумная пэрспэктыва. Абсалютная большасьць народа ўжо ўсё разумее і не ўскладае на яго ніякіх надзей. Ягоная палітыка правалілася: гэта сёньня відавочна ўсім, хто здольны цьвяроза глядзець на рэчаіснасьць. Людзям засталося толькі стукнуць кулаком па стале і крыкнуць: „Досыць! Цярпець яго больш ня будзем!“».

Вось гэта апошняе, спадарыня Тацяна, што, як Вы пішаце, толькі і засталося зрабіць беларусам — бадай, самае складанае і вызначальнае. Найперш таму, што вымагае ад людзей асабістай мужнасьці. Добраахвотна гэты рэжым уладу не аддасьць, якім бы відавочным ні быў правал ягонай палітыкі і як бы ні галасавалі людзі на выбарах. Калі беларускае грамадзтва сапраўды сасьпела для пераменаў, калі яны яму насамрэч жыцьцёва неабходныя — давядзецца прадэманстраваць гэта ўласнымі грамадзянскімі дзеяньнямі. Ня будзе такіх дзеяньняў — давядзецца цярпець рэаліі так званага «рынкавага сацыялізму» і далей.

✉ ✉ ✉

Марк Саньнікаў з Добрушу ў сваім электронным лісьце на Свабоду апісаў кранальную гісторыю, сьведкам якой аднаго разу стаў на гарадзкой вуліцы. Слухач піша:

«Ніколі не забуду карціну, якую ў дажджлівы восеньскі дзень я назіраў на алеі, што вядзе да Цэнтральнага рынку ў Гомелі. Акуратна апранутая дзяўчынка гадоў 12-14 прапаноўвала мінакам бясплатна ўзяць двух кацянят. Людзі ў асноўным раўнадушна праходзілі міма. Было холадна, імжыла. Было бачна, што дзяўчынка зьмерзла. У гэты час да яе наблізіліся два пэрсанажы ў міліцэйскай форме з пагонамі невялікага званьня. Спыніліся, параіліся між сабой і, відаць, вырашылі навесьці парадак на падуладнай тэрыторыі. Пасьля іхных слоў дзяўчынка пачала мітусьліва падымаць з асфальту кардонную каробку з кацянятамі, каб сысьці. Кацяняты жаласна мяўкалі. На твары дзяўчынкі былі відаць ці то каплі дажджу, ці то сьлёзы...
Нейкае суцэльнае вялізнае пудзіла сярод нашага беларускага агарода
Дагэтуль дакараю сябе: чаму не заступіўся за безабароннае дзіця — нават калі б давялося адседзець за гэта 15 сутак.

Што мы за дзіўная нацыя, калі ставімся так нават да добрых дзіцячых намераў?
Думаю, многае тлумачыцца тым, што ўсе — запалоханыя. Працоўных запужваюць кантрактамі і пагрозамі звальненьняў; моладзь — адлічэньнямі з ВНУ за вальнадумства; сельскіх жыхароў — пазбаўленьнем казённага жытла; чыноўнікаў — „адкручваньнем галоў“, беспрацоўных — падаткамі за „дармаедзтва“... Усіх „пужалак“ нават і не пералічыш... Нейкае суцэльнае вялізнае пудзіла сярод нашага беларускага агарода. Але, думаю, надыходзіць момант, калі ўсё новыя і новыя страшылкі, якія прыдумляюць улады, перастаюць спрацоўваць. Неўзабаве яны пачнуць выклікаць ня жах і пакорлівасьць, а саркастычныя кпіны і сьмех...».

Напэўна, той момант, калі гэта адбудзецца, спадар Марк, і стане момантам зьмены ўлады ў краіне. Праўда, пакуль казаць пра тое, што рэпрэсіўныя захады ўлады не спрацоўваюць і што яны выклікаюць толькі насьмешкі і кпіны, — усё ж заўчасна.

✉ ✉ ✉

Цікавую гісторыю ўласнай сям’і распавяла нам даўняя слухачка і прыхільніца Свабоды Галіна Вячорак з Баранавічаў. І дзядоў яе, і бацькоў бурныя падзеі мінулага стагодзьдзя ня раз змушалі бадзяцца па сьвеце. Дзеда-чыгуначніка зь сям’ёй пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны царскія ўлады эвакуявалі ўглыб Расеі, у Самару. Беларусаў там было багата. Дагэтуль ў сям’і пераказваюць такі жарт:

«Ходзіць па самарскім рынку мужык-беларус ды крычыць: «Каму яйцы вароныя!» Расейская кабета падыходзіць, зазірае ў кошык ды зьдзіўлена кажа: «Так они же куриные». Мужык ёй у адказ: «Я ж і кажу — вароныя»...

У савецкай Расеі дзяды заставацца не захацелі — у 1924 годзе вярнуліся дамоў, у Баранавічы. Тады гэта была Польшча. Бацька паехаў вучыцца ў Варшаву, атрымаў там дыплём інжынэра-чыгуначніка. Ажаніўся. Мама мая родам з горада Кола, гэта цэнтральная Польшча. Жылі ў Варшаве. У сакавіку 1939-га нарадзілася я. А ў верасьні Варшаву бамбілі, пачалася вайна.

Бацьку як чыгуначніка польскія ўлады накіравалі ў Баранавічы, дзе вайны яшчэ не было. Дабіраўся ён туды ў асноўным пехатой, хаваючыся ў варонкі ад бомбаў. Стаптаўшы ўшчэнт боты — дайшоў.
Міліцыянт грэбліва адказаў: „Запомні, такой дзяржавы — Польшча — няма, не было і ня будзе!“
Маці разам са мной пазьней ехала да Берасьця ў цягніку зь немцамі. У вагоне немцы пыталіся ў яе, навошта яна ўцякае ад іх у Баранавічы, калі яны ўсё роўна неўзабаве туды прыйдуць. Пазьней, дабраўшыся-такі да Баранавічаў, маці расказала пра гэта сваякам. На яе зашыкалі: нельга было такое казаць, маглі абвінаваціць у панікёрстве і антысавецкай агітацыі...

У 1940 годзе маці пайшла ў міліцыю афармляць пашпарт. У графе „Месца нараджэньня“ напісалі: „Германія“. Маці запярэчыла: маўляў, ніколі не жыла ў Германіі, нарадзілася ў Цэнтральнай Польшчы. Міліцыянт грэбліва адказаў: „Запомні, такой дзяржавы — Польшча — няма, не было і ня будзе!“»

У якасьці ілюстрацыі спадарыня Галіна даслала ксэракопію таго савецкага пашпарту ўзору 1940 году, якія выдавалі жыхарам Заходняй Беларусі пасьля таго, як гэту тэрыторыю заняла Чырвоная армія. Пашпарт — цалкам расейскамоўны, пры гэтым аформлены нейкім паўпісьменным пісарам НКВД з памылкамі. Сапраўды, месцам нараджэньня ўладальніцы пашпарта названая Нямеччына. Калі б у чэрвені 1941-га карнікам НКВД не давялося так хутка кінуцца наўцёкі на Ўсход, гэта магло б мець для маці Галіны фатальныя наступствы... Далей у сваім лісьце слухачка распавядае пра сябе:

«Мне 74 гады. Адукацыя — вышэйшая. Цяпер — на пэнсіі, вэтэран працы. Адпрацавала 36 гадоў — праекціроўшчыкам-сантэхнікам у „Брэстграмадзянпраекце“. Зарабіла пэнсію — 2 300 000. Доўгі час працягвала працаваць і на пэнсіі — амаль 19 гадоў. Так што агулам адпрацавала фактычна 55 гадоў. Але пераліку пэнсіі ў бок падвышэньня за гэты час ніводнага разу не было.

Слухаю ваша (і маё) радыё амаль зь дзяцінства. Ужо колькі дзесяцігодзьдзяў зьбіралася напісаць вам...Нарэшце — зьдзейсьнілася. Ня ведаю, можа, нарабіла шмат памылак, бо напісала гэты ліст па-беларуску. А звычкі ні пісаць, ні размаўляць на беларускай мове я ня маю. Такія вось мы, беларусы....Шкада. Прабачце, калі ласка.

З павагай і ўдзячнасьцю за ваша існаваньне —

Галіна Вячорак, Баранавічы».

Уражваюць, спадарыня Галіна, і пакручастыя жыцьцёвыя сьцежкі Вашых блізкіх, і Ваша багатая біяграфія. А найбольш — тое, што за 55 год працы налічылі Вам такую пэнсію... Цяперашняя пэнсійная сыстэма ў Беларусі такая, што памер выплат ад колькасьці адпрацаваных гадоў мала залежыць. Будзе ў цябе стаж дваццаць гадоў ці пяцьдзясят — сума ўрэшце рэшт усё роўна будзе вагацца каля двух мільёнаў рублёў. Выключэньне чыноўнікі і дэпутаты зрабілі толькі для сябе. У іх — асаблівы парадак налічэньня пэнсіяў і асаблівыя іх памеры, якія, прынамсі, удвая вышэйшыя, чым у простых сьмяротных. Чаму? За якія дасягненьні ці за якія асаблівыя ўмовы працы такі прывілей? Няма адказу...Хоць здагадацца пра сапраўдную прычыну няцяжка.

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — ліст-прапанова ад нашага даўняга слухача і сябра Ігара Сьцябулі зь Менску:

«Вельмі падабаюцца мне „Падарожжы Свабоды“, якія вядзе Зьміцер Бартосік. Слухаючы адно зь іх, падумаў, што няблага было б вам падрыхтаваць цыкл перадач пра наш савецкі Менск вачыма замежнікаў — амэрыканца, паляка, немца, швэда, італьянца, француза...Карацей кажучы, людзей з заходнім досьведам і сьветаўспрыманьнем. Пра што яны думаюць, калі бачаць нашу савецкую архітэктуру, помнікі бальшавіцкім правадырам, ходзяць па вуліцах, названых у гонар камуністычных дзеячаў, заходзяць у нашы савецкія сталоўкі зь ненавязьлівым сэрвісам... А калі гартаюць праўладныя газэты ў шапіку „Белсаюздруку“ (а іншых газэт там і няма — хіба толькі расейскія глямурныя часопісы)? А калі глядзяць наша тэлебачаньне, у якім што ні перадача — дык хваласьпевы мудрай палітыцы нашага нязьменнага прэзыдэнта? І — ніякага іншадумства... Напэўна, для замежнікаў усё гэта выглядае дзікім і нецывілізаваным. Відаць, таму іх у Беларусі так мала...».

Дзякуй за цікавую прапанову, спадар Ігар. Замежных турыстаў (асабліва з Захаду) у Менску сапраўды няшмат. Але, думаю, зусім не таму, што іх ня вабіць савецкая архітэктурная ды гістарычная спадчына, якая сустракаецца тут на кожным кроку. Якраз наадварот: Менск як «узорны савецкі горад» мог бы стаць вельмі прывабным турыстычным аб’ектам для замежнікаў — для Эўропы гэта своеасаблівая экзотыка, рэдкасьць. Замінае разьвіцьцю турызму іншае: абсурдна высокі кошт беларускіх візаў для грамадзянаў заходніх краінаў; недахоп і дарагоўля камфартабэльных гатэляў, неразьвітая сфэра паслугаў (а найперш — узровень сэрвісу ў беларускіх кавярнях і рэстаранах).

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG