Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Насельніцтва — усё менш, чыноўнікаў — усё больш...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 13 лістапада 2013 году.

Апошнім часам беларуская ўлада раз-пораз распачынае размовы пра неабходнасьць мадэрнізацыі эканомікі. Адбываецца гэта на тле ўсё больш яўных эканамічных і фінансавых праблемаў, зь якімі сутыкаецца аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

На гэтую тэму — значная частка пошты апошніх тыдняў. Наш слухач Аляксей Былінскі з Рэчыцы, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову, разважае пра тое, наколькі рэальна прымусіць чыноўніцкі апарат у Беларусі працаваць па-новаму. Ён піша:

«Лукашэнка на працягу апошняга часу нярэдка гаворыць пра абнаўленьне дзяржавы і мадэрнізацыю эканомікі, але асабіста я ў такую магчымасьць мала веру. Самога Аляксандра Рыгоравіча можна коратка падстрыгчы, зрабіць яму гарачыя кампрэсы да і пасьля галеньня, накласьці танальны крэм, падцягнуць скуру ці нават зрабіць плястычную апэрацыю — словам, заўважна памаладзіць твар. Але сутнасьці ягонай гэта ня зьменіць: ён так і застанецца грамадзянінам Лукашэнкам, 1954 году нараджэньня, якому ў наступным годзе споўніцца 60, і яму належыць выйсьці на пэнсію.

...На працягу ўсіх 19 гадоў кіраваньня Лукашэнкі я заклікаю ўладу не разьдзьмуваць штаты і ашчаджаць на ўсім, уключна са структурнымі пераўтварэньнямі. З гэтай нагоды напісаў горы папераў. І што ж?

Спынюся на адным эпізодзе. Мной высьветлена, што да 1994 году ў штаце Рэчыцкага райвыканкаму значылася ад 12 да 15 асобаў, уключна са старшынём і прыбіральшчыцай. Пры тым, што колькасьць насельніцтва тады складала 130 тысяч чалавек.

Цяпер насельніцтва істотна скарацілася — да 102 тысяч. А вось колькасьць толькі начальнікаў у сыстэме райвыканкаму вырасла да 24 асобаў. Народ вымірае, а чыноўнікі размнажаюцца...

Якая з гэтага можа быць зроблена выснова? Патрэбна масавае скарачэньне чыноўнікаў. Галоўныя ўпраўленьні ў сыстэме дзяржустаноў трэба ліквідаваць увогуле, ператварыўшы іх у аддзелы. У тым ліку скараціць пасады намесьнікаў начальнікаў у Адміністрацыі прэзыдэнта — звольніўшы супрацоўнікаў з выплатай ім належных кампэнсацыяў. А зэканомленыя такім чынам сродкі накіраваць у бюджэт — на пагашэньне інфляцыі ці дзяржаўных даўгоў»
.

Фармальна ў Беларусі на працягу мінулых двух гадоў адбывалася істотнае скарачэньне чыноўніцкага апарату — нібыта нават на 30 працэнтаў. З адначасовым сур’ёзным падвышэньнем заробкаў тым, хто застанецца на сваіх пасадах. Тое, што заробкі чыноўнікаў нашмат вырасьлі — вядома дакладна. Столаначальнік сярэдняй рукі ў райвыканкаме атрымлівае сёньня ня менш за тысячу даляраў. А вось ці адбылося рэальнае скарачэньне чыноўнікаў — пытаньне спрэчнае. Самі яны на гэты конт асабліва не выказваюцца, статыстыка пра гэта таксама маўчыць. Вонкава кабінэтаў у выканкамаўскіх будынках меней ня стала, як і людзей за пісьмовымі сталамі. Звычайна ў такіх выпадках — калі «зьверху» паступае дырэктыва пра скарачэньне — начальства пускае «пад нож» так званых «мёртвых душ» — тыя малапатрэбныя пасады, якія і так былі не занятыя і трымаліся ў штатным раскладзе галоўным чынам дзеля таго, каб скараціць, як пачнецца адпаведная кампанія.

Наш слухач Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну пэрыядычна вяртаецца да лёсу адзінокіх старых ды інвалідаў, якіх усё больш становіцца ў беларускіх вёсках. У сваім новым лісьце на Свабоду спадар Антон піша:

«Мне ўжо 58 год. Сам я — інвалід зь дзяцінства. Блізкіх людзей практычна не засталося. Даводзіцца з трывогай думаць пра тое, хто дапаможа ў старасьці...

У нас у Лунінецкім раёне ў вёсках адна за адной зачыняюцца бальніцы. Будынкі галоўным чынам добрыя, трывалыя. І абсталяваныя ўсім патрэбным для жыцьця. Але які іхны далейшы лёс? Паспрабаваў цікавіцца. Кажуць: міліцыя зьбіраецца адкрываць там так званы ЛТП (лячэбна-працоўны прафілякторый). Гэта значыць, паселяць гэтых алкашоў, якія ўсім замінаюць жыць праз сваё беспрабуднае п’янства. А ў раёне ж столькі бездапаможных старых, інвалідаў, якія не па сваёй віне апынуліся ў безвыходным становішчы. Як ім жыць? Няўжо нельга адкрыць прытулак для іх у гэтых зачыненых бальніцах?

Мне кажуць: у мясцовай улады для гэтага бракуе грошай. Але ж нам гатовыя дапамагчы. Вунь колькі гуманітарнай дапамогі прывозяць зь Нямеччыны. І яшчэ прывязуць — калі папрасіць. Дый у нас ёсьць свае камэрсанты. Няхай бы заняліся гэтай справай»
.

Так, спадар Антон: і мясцовыя камэрсанты могуць заняцца (калі іхную дабрачынную дзейнасьць вызваліць ад падаткаў і стымуляваць ільготамі); і замежныя дабрачынцы возьмуцца дапамагчы (калі не разглядаць дапамогу з-за мяжы як падазроную ды падрыўную і не прымушаць іх праходзіць праз усе кругі чыноўніцкага пекла)... Але галоўная праблема ўсё ж ня ў гэтым. Кіраўнікі беларускай улады пры кожным зручным выпадку паўтараюць, што пабудавалі пасьпяховую і эфэктыўную сацыяльна арыентаваную дзяржаву. Што ж гэта за сацыяльная арыентацыя, калі на лядовыя палацы і на новую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю грошай хапае, а на прытулкі для пакалечаных і абяздоленых — не?

Чуткі пра хітрую і жорсткую помсту, якую нібыта рыхтуе расейскі алігарх Сулейман Керымаў, на калійны бізнэс якога зрабіў замах Аляксандар Лукашэнка, цікавяць нашага слухача Аляксандра Каржа з Добруша. Некаторыя незалежныя мэдыі распаўсюдзілі інфармацыю, што ў бліжэйшыя паўгода на сумежных зь Беларусьсю расейскіх тэрыторыях (у Смаленскай і Бранскай абласьцях) будзе пабудавана сетка танных гіпэрмаркетаў, якія б не саступалі беластоцкаму Auchan і віленскаму Akropolis, але зь яшчэ ніжэйшымі коштамі. У выніку беларусы рвануць праз адкрытую мяжу па танныя тавары — вывезуць усю валюту і абрынуць беларускую фінансавую сыстэму. А пасьля гэтага ўсе самыя прывабныя актывы беларускай дзяржавы (уключна зь «Беларуськаліем») можна будзе скупіць за бесцань. Слухач Свабоды Аляксандар Корж з гэтай нагоды піша:

«На першы погляд, плян выглядае абсурдным. Але гэта — толькі на першы погляд. Насамрэч у сьвятле эканамічнай нестабільнасьці Беларусі задума зусім не пазбаўлена сэнсу. Паводле разьлікаў некаторых экспэртаў, дзеля таго каб вывесьці беларускую банкаўскую сыстэму з раўнавагі, дастаткова арганізаваць стабільны адток валюты з краіны ў аб’ёме адзін мільярд даляраў штогод.

Асабіста мне бачыцца, што Керымаў толькі пачынае сваю „ўсходнюю“ шахматную партыю, дзе пераможцу ня судзяць, а запраграмаваны шах — гэта яшчэ і мат у тры хады. Падступны плян пакрыўджанага алігарха цалкам можа спрацаваць і паводле больш драматычнай схемы, але зь меней затратным сцэнарам, чым будоўля гандлёвай сеткі. Дастаткова Керымаву стварыць на тых жа памежных тэрыторыях уласную прыватную банкаўскую сыстэму, якая б прымала ад замежных грамадзянаў дэпазытныя ўклады ў замежнай валюце пад параўнальна высокі працэнт — і банкаўская сыстэма Беларусі збанкрутуе шпаркімі тэмпамі. Бо паглядзіце: сёньня ў беларускіх банках працэнтныя стаўкі па валютных укладах не перавышаюць пяці працэнтаў. Пры гэтым менавіта на такія ўклады прыпадае дзьве траціны ўсіх ашчаджэньняў беларусаў. А калі дзе-небудзь у Смаленску ці Бранску ў беларусаў пачнуць прымаць даляравыя ўклады пад 10–12 працэнтаў — што будзе? Вядома ж, усе пабягуць туды. Тым больш — на тле пастаянных чутак пра тое, што беларуская дзяржава ў любы момант можа нацыяналізаваць валюту шляхам прымусовай канвэртацыі ў беларускія рублі паводле афіцыйнага курсу Нацбанку.

На маю думку, такі сцэнар выглядае зусім ня больш фантастычным, чым разьлікі Лукашэнкі на тое, што Керымаў паслухмяна выканае ягоны ўльтыматум і заплаціць 100 мільёнаў даляраў за вызваленьне Баўмгертнэра. Тут ёсьць над чым задумацца і дзяржаўным дзеячам, і іхнай нязьменнай апазыцыі...»
.

Сапраўды, спадар Аляксандар, гісторыя ведае прыклады, калі хцівыя мільярдэры дзеля сваіх карысьлівых інтарэсаў праз хітрыя спэкулятыўныя схемы падрывалі фінансавыя сыстэмы цэлых дзяржаў — прытым дзяржаў значна больш заможных, чым Беларусь. Напрыклад, у Вялікай Брытаніі дагэтуль нядобрым словам згадваюць фінансіста Джорджа Сораса, які два дзесяцігодзьдзі таму ледзь не абрынуў брытанскі фунт стэрлінгаў. Зь беларускімі ўладамі, аднак, у такія гульні гуляць складана і рызыкоўна. Гэта сёньня мяжа з Расеяй адкрытая. Але аднавіць працу мытных пастоў пад Бранскам і Смаленскам можна на працягу сутак: няўжо нехта сумняецца, што гэта імгненна будзе зроблена, калі ўзьнікнуць падобныя пагрозы для трываласьці рэжыму Лукашэнкі? Гэта ж датычыць і авантурнай ідэі з адмысловымі расейскімі банкамі для беларусаў. Дарэчы, адкрываць замежныя рахункі за мяжой беларускім грамадзянам забаронена і цяпер — пад страхам адміністратыўнага штрафу. Ну, а калі б нехта адважыўся ініцыяваць падобную падрыўную кампанію — беларускія ўлады, відавочна, маглі б увесьці за гэта і крымінальную адказнасьць.

І на заканчэньне — ліст ад Аляксандра Крапівы з Фаніпаля Дзяржынскага раёну. Уражаны тым, як беларускія ўлады ў розных рэгіёнах краіны бязьлітасна змагаюцца з пагрозай эпідэміі афрыканскай чумы сьвіней, слухач піша:

«Перадачы Беларускай Свабоды сталі для мяне ня толькі крыніцай інфармацыі, але часам даюць імпульс для творчасьці. Вось аднаго разу слухаў рэпартаж пра тое, як жыхары вёскі Крупец Добрускага раёну вымушаны выконваць загад чыноўнікаў і забіваць сваіх сьвіней — каб уратаваць калгасныя сьвінакомплексы ад эпідэміі. І неяк раптам міжволі ў галаве пачалі ўзьнікаць рыфмаваныя словы на гэтую тэму».

У выніку ў спадара Аляксандра атрымалася байка. Вось некалькі строфаў зь яе:

«У Крупцах жыла сьвіньня.
Хоць яна мне не радня,
Ды яе трагічны лёс
Ўсхваляваў мяне да сьлёз.
Ідэйных поглядаў ня мела...
Па вечарах БТ глядзела.
Ну, вось звычайная сьвіньня,
Зь якімі бачымся штодня».


Далей падзеі ў байцы разгортваліся гэтак жа, як і ў беларускай рэчаіснасьці. Да каго было зьвяртацца беднай жывёліне перад пагрозай зьнішчэньня? Яшчэ адна цытата зь вершаванага ліста:

«Яна рашыла: пра бяду
Усё Гаранту давяду!
Чаму чыноўны парасяткі,
Што выгляд маюць такі гладкі,
Не баяцца і чумы:
Будуюць велькія дамы?
Вакол дзяржаўнага карыта
Уся зямля дашчэнту зрыта».


Ну, а заканчваецца байка Аляксандра Крапівы з Фаніпаля тым жа, чым скончыліся падобныя гісторыі тысяч і тысяч вясковых гаспадароў, якія трымалі сьвіней: дзеля выратаваньня калгасных сьвінафэрмаў прыватную жывёліну загадана было зьнішчыць — нягледзячы на ўсе скаргі і ўгаворы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG