Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе знаходзіцца ксёндз Лазар, невядома


Уладзіслаў Лазар
Уладзіслаў Лазар

Сястра ксяндза Ўладзіслава Лазара Яніна на пытаньне пра тое, дзе зараз знаходзіцца яе брат, вызвалены з турмы КДБ пад падпіску аб, адказала Свабодзе, што айцец Лазар «ня можа зараз размаўляць».

Яна нічога не змагла распавесьці пра ўмовы, у якіх зараз знаходзіцца Ўладзіслаў Лазар.

Былы адвакат, цяпер праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка лічыць, што да Ўладзіслава Лазара ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту з пэўнымі асаблівасьцямі:

Павал Сапелка
Павал Сапелка
«Мера стрыманьня, якая ўжытая адносна ксяндза Лазара, відавочна называецца „хатні арышт“. Бо калі абрана проста падпіска пра нявыезд і прыкладныя паводзіны, дык не прадугледжваецца абавязковая яўка ў органы ўнутраных спраў для адзначэньня, тым больш штодзённая. А вось хатні арышт можа суправаджацца ня толькі забаронай свабоднага перасоўваньня ці размоваў па тэлефоне, але і абавязкам асабіста зьяўляцца для адзначэньня ў орган, які ажыцьцяўляе нагляд за абвінавачаным ці падазроным. У такім выглядзе гэта нетыповая мера стрыманьня, хаця збольшага знаходзіцца ў межах працэсуальнага закону. Але і справа ксяндза Лазара сама па сабе нетыповая».

Павал Сапелка зьвярнуў увагу на фармулёўку, якая зьмешчаная на сайце catholic.by. Паводле сайту, «сьвятар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэньня і дзеяньня, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленьні міліцыі».

«Калі гэта гаворка пра хатні арышт, дык тут абмежаваньні на выхад могуць накладацца, а могуць і не накладацца. Як і на тэлефонныя размовы — могуць накласьці забарону, а могуць і не накладаць. Паглядзім. Магчыма, што тут наклалі толькі адно абмежаваньне ў выглядзе абавязковай яўкі штодня з адзначэньнем у міліцыі», — кажа Павал Сапелка.

Паводле спадара Сапелкі, калі на чалавека накладаецца мера стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і прыкладных паводзінах, але накладаюцца яшчэ і дадатковыя абавязкі, дык гэта робіцца незаконна.

Прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх сёньня пацьвердзіў, што ксяндзу Ўладзіславу Лазару была зьмененая мера стрыманьня з утрыманьня ў СІЗА КДБ на падпіску пра нявыезд:

«Абіваначанаму Лазару на падставе артыкулу 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу была зьмененая мера стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску пра нявыезд і неабходныя паводзіны. Расьследаваньне крымінальнай справы працягваецца».

Аб затрыманьні ксяндза Лазара стала вядома празь некалькі дзён пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спэцслужбаў затрыманы за працу на замежнымі дзяржавамі:

"Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спэцслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы зьвязаны з замежнымі дзяржавамі, і ня толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой«,— сказаў Лукашэнка. 29 ліпеня інфармацыю аб затрыманьні ксяндза Лазара пацьвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёла Беларусі.

Аб вызваленьні Лазара з СІЗА КДБ паведаміў увечары 3 сьнежня сайт Рымска-каталіцкага касьцёла:

«Было прынятае рашэньне, што падчас сьледзтва, якое яшчэ працягваецца, сьвятар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэньня і дзеяньня, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленьні міліцыі. Апостальскага Нунцыя папрасілі забраць ксяндза Лазара са сьледчага ізалятара КДБ».

Ксёндз Уладзіслаў Лазар утрымліваўся ў СІЗА КДБ зь сярэдзіны ліпеня. Пра ягоную справу вядома няшмат: ксёндз абвінавачваецца паводле пункту 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасьцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць іншай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG