Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Барок пра справу ксяндза Лазара: «Гэта правакацыя спэцслужбаў»


У Каталіцкім касьцёле Беларусі не камэнтуюць вызваленьне ксяндза Лазара са сьледчага ізалятара КДБ.

Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх Біскупаў ксёндз Юры Санько спасылаецца на паведамленьне апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, разьмешчаным на інтэрнэт-сайце касьцёла саtholic.by.

Сваімі ўражаньнямі пра навіну са Свабодай падзяліўся ксёндз Юры Барок:

«Я даведаўся са сродкаў масавай інфармацыі, зь інтэрнэту, з нашага сайту саtholic.by. Калі ўвечары праглядаў навіны, то і пабачыў гэта паведамленьне. Натуральна, што гэта выклікае толькі радасьць. Вельмі неспадзявана, але добра, што такія неспадзяванасьці здараюцца».

Карэспандэнтка: «Ці вы верылі, што менавіта так адбудзецца?»

«Ведаеце, пасьля таго, як затрыманьне зацягнулася — затрымалася больш, як на тры месяцы, то такіх спадзяваньняў ужо не было. Былі такія меркаваньні, што яго будуць трымаць, будзе цягнуцца сьледзтва. У сьвятарскіх колах да канца ня верылі, што ён будзе асуджаны. Альбо што вось гэтую адсідку ў КДБ пазьней яму залічаць, як нейкі тэрмін. Бо, напэўна, КДБ яго цалкам ня можа апраўдаць, паколькі апынецца ў дзіўнай сытуацыі, гэта значыць, самі сябе скампрамэнтуюць. Таму мне падавалася, што пэўны час яго будуць утрымліваць. Таму тое, што яго вызвалілі,— гэта нечакана, але вельмі прыемна, бо бачна, што падзеі разгортваюцца па іншым сцэнары. Але гэтае меркаваньне — доказ таго, пра што я выказваўся месяц ці два назад, як толькі яму афіцыйна інкрымінавалі саўдзел у шпіянажы і гэтак далей. Я і тады казаў, што гэтыя абвінавачваньні сьмехатворныя, і яны ня змусілі сьвятара Лазара прызнаць віну, якую яму хацелі інкрымінаваць».

Карэспандэнтка: «Вы добра знаёмыя і дастаткова блізка ведаеце ксяндза Лазара, ці хацелі бы зь ім зараз скантактавацца і ці будзеце спрабаваць гэта зрабіць?»

«Мы разам вучыліся ў Гарадзенскай сэмінарыі на адным курсе, некаторы час нават жылі ў адным пакоі, таму сапраўды ведаю яго вельмі добра. І пазьней, калі ён ужо працаваў сьвятаром, таксама час ад часу мелі сустрэчы. Насамрэч, было б вельмі добра пабачыцца зь ім, паразмаўляць, выказаць словы падтрымкі. Бо, паўтаруся, я ад пачатку казаў пра тое, што гэта абсалютная правакацыя спэцслужб. Што іх абвінавачаньне абсалютна абсурднае і ня мае ніякай глебы пад сабой. І пацьверджаньнем таму тое, як разгортваюцца падзеі, што гэтая справа ўся сыплецца. І ў гэтай сувязі я хацеў бы зь ім пабачыцца і выказаць словы падтрымкі і салідарнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG