Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы замежжа рыхтуюць Сусьветную акцыю 19 сьнежня


23 лістапада падчас онлайн-канфэрэнцыі прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў розных краінах абмеркавалі сумесныя дзеяньні супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

У размове бралі ўдзел Алесь Міхалевіч і Аляксей Францкевіч («Асацыяцыя за мадэрнізацыю»), Ганна Сурмач («Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне»), Вольга Карач («Наш Дом»), Зьміцер Бародка («Разам за Беларусь»), Юры Жылка («Беларускі інфармацыйны цэнтар у Антвэрпэне»), Вячаслаў Сіўчык («Беларускі цэнтар ва Ўкраіне»), Зьміцер Шчыгельскі («Беларусы ў выгнаньні»), а таксама асобныя эмігранты з розных краінаў.

Паколькі прадстаўнікі беларускай дыяспары знаходзяцца ў розных краінах, нарада адбывалася праз скайп. Асноўнае пытаньне, якое абмеркавалі падчас нарады, — каардынацыя інфармаваньня сусьветнай грамадзкасьці пра сытуацыю ў Беларусі.

У якасьці першага кроку беларусы замежжа плянуюць 19 сьнежня правесьці Сусьветную акцыю, прысьвечаную трэцяй гадавіне разгону Плошчы 2010 году.
«Сэнс у тым, каб у розных краінах адбыліся разнастайныя крэатыўныя акцыі. Галоўнае, каб гэта адбылося ў адзін дзень і інфармаваньне пра іх таксама прайшло супольна», — кажа Алесь Міхалевіч.

Ініцыятары ўпэўненыя, што сілаў для правядзеньня Сусьветнай акцыі дастаткова, таму што за кожным з удзельнікаў онлайн-нарады стаіць пэўная арганізацыя, якая яднае шматлікіх беларусаў. Мяркуецца, што ў акцыі возьмуць удзел беларусы ня толькі з традыцыйна моцных гарадоў, такіх як Варшава, Прага, Вільня, але і зь іншых гарадоў, пра беларусаў зь якіх інфармацыя зьяўляецца ня так часта.

Дата 19 сьнежня абраная невыпадкова: па-першае, ужо праведзеная вялікая праца для папулярызацыі гэтай даты як сымбалю беларускага змаганьня, а па-другое, паводле меркаваньня арганізатараў, пакуль у турме застаецца адзін зь непасрэдных удзельнікаў Плошчы-2010 кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, гэтая дата будзе па-ранейшаму выклікаць шмат эмоцыяў, зьвязаных з парушэньнем правоў чалавека.

«Насамрэч ёсьць шмат арганізацыяў, а таксама асобных беларусаў, якія б хацелі нешта праводзіць, але яны даведваюцца пра акцыі толькі тады, калі яны ўжо адбыліся, то бок постфактум. Мы паставілі задачу зьвязацца з усімі беларусамі, якія зараз жывуць па-за межамі Беларусі, і скаардынаваць правядзеньне акцыі 19 сьнежня, а таксама інфармаваньне пра яе. Такім чынам, мы прыцягнем увагу эўрапейскіх і сусьветных СМІ і распавядзем ім пра сытуацыю ў Беларусі», — гаворыць каардынатар Сусьветнай акцыі Аляксей Францкевіч.

На думку Аляксея Францкевіча, Сусьветная акцыя, прысьвечаная гадавіне разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 году, стане добрым адказам намаганьням афіцыйнага Менску «абяліць» сучасны рэжым у Беларусі праз працу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары:

«Зараз афіцыйны Менск праводзіць вельмі вялікую працу зь беларусамі замежжа, скіраваную на „абельваньне“ дзейснага рэжыму і адпаведна на адмену эканамічных санкцый і скасаваньне сьпісаў невыязных чыноўнікаў. Гэта розныя сьвяты беларускай культуры, кірмашы беларускай кухні, якія дэманструюць сувязь афіцыйных дыпляматычных прадстаўніцтваў зь беларускімі дыяспарамі. Таму наша задача — паказаць, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні, дзейнічае сьмяротнае пакараньне, парушаюцца правы чалавека. Беларусаў у сьвеце ня так шмат, як кітайцаў. Мы ладзім акцыі, але на іх выходзіць па 15-20 чалавек. Таму каб прыцягнуць увагу СМІ, трэба, каб такіх акцыяў у адзін дзень прайшло вельмі шмат».

Арганізатары пагадзіліся, што зараз вельмі спрыяльны час для падрыхтоўкі да такога кшталту Сусьветнай акцыі, таму што шмат беларусаў у розных краінах самі праяўляюць ініцыятыву ў тым, каб мець магчымасьць атрымліваць інфармацыю пра пратэстныя мерапрыемствы, якія плянуюць праводзіць беларускія арганізацыі ў замежжы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG