Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку прапанавалі прамы кантакт з прадпрымальнікамі


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Лідэр рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка накіраваў ліст кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку «ад імя соцень тысяч прадпрымальнікаў».

Ён прапануе Лукашэнку «дзеля ўсталяваньня прамога кантакту без пасярэднікаў» сустрэцца з прадпрымальнікамі на іх працоўным месцы.
Паводле Шумчанкі, гэта дасьць магчымасьць выкласьці «аб’ектыўную і ўсебаковую пазыцыю па надзённых праблемах і шляхі іх вырашэньня».

8 гадоў таму, у сакавіку 2005 года, Лукашэнка сустрэўся з прадпрымальнікамі падчас наведваньня аднаго зь менскіх рынкаў. Аднак чыноўнікі праігнаравалі шэраг дадзеных тады даручэньняў.

«У выніку становішча прадпрымальнікаў істотна пагоршылася. Мы перажылі ўзмацненьне падатковага цяжару ў частцы выплаты «ПДВ у фіксаванай суме». Вядзем бізнэс, у адрозьненьне ад калегаў з Расеі, Казахстана і большасьці краін сьвету, без наёмных работнікаў»,— гаворыцца ў лісьце.

Бізнэсоўцы занепакоеныя тым, што цяпер пад айчынным індывідуальным прадпрымальніцтвам могуць «падвесьці рысу» ў сувязі з увядзеньнем Тэхрэглямэнту Мытнага зьвязу.

«Урад прапануе стварыць нейкія мітычныя аптовыя склады, на якіх нібыта будуць зьяўляцца неабходныя прадпрымальнікам і спажыўцам тавары, але гэта мы ўжо праходзілі на прыкладзе поўнага правалу экспэрымэнту зь Мінскім аптовым рынкам, у частцы яго ролі ў разгрузцы складоў айчынных прадпрыемстваў у пэрыяд крызісу», — адзначае Анатоль Шумчанка ў звароце да Лукашэнкі.

Паводле Шумчанкі, даручэньне кіраўніка краіны пра стварэньне аптовых базаў, дадзенае ўраду яшчэ ў 2005 годзе, ня выканана за 8 гадоў.

«Якім чынам гэта можна зрабіць за месяц, як казаў віцэ-прэм’ер Пракаповіч? Увядзеньне рэглямэнту з 1 сьнежня 2013 года і працы па суправаджальных дакумэнтах з 1 студзеня 2014 года для ІП — нежыцьцяздольныя дакумэнты, па якіх малому бізнэсу працаваць нерэальна», — адзначае лідэр «Пэрспэктывы».

Зь 1 сьнежня урад ўводзіць тэхрэглямэнт Мытнага зьвязу па бясьпецы прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Пра гэта 15 лістапада заявіў віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч у Менску на сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкіх структураў.

Таксама падрыхтаваны праект указу прэзыдэнта, які забароніць індывідуальным прадпрымальнікам увозіць з 1 студзеня 2014 году тавары з Мытнага зьвязу без суправаджальных дакумэнтаў.

4 лістапада прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі абмеркавалі ў Менску наступствы ўвядзеньня тэхнічнага рэглямэнту Мытнага зьвязу. У выпадку адмовы ўладаў выканаць іхнія патрабаваньні прадпрымальнікі зьбіраюцца пачаць агульны страйк зь 1 сьнежня.

«Мы маем намер прыкласьці ўсе свае намаганьні для спыненьня вар’яцтва, якое маюць намер учыніць улады на спажывецкім рынку з дапамогай увядзеньня тэхнічнага рэглямэнту», — гаворыцца ў заяве аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва».

Яны адзначаюць, што тэхрэглямэнт ня мае ніякай іншай мэты, акрамя выдаленьня з айчыннага спажывецкага рынку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама прыватных унітарных прадпрыемстваў.



25 лістапада «Пэрспэктыва» плянуе правесьці чарговы форум прадпрымальнікаў у Менску. Аднак гатэль «Юбілейны» адмовіў аб’яднаньню ў арэндзе залі, хаця яшчэ 4 лістапада заля была вольнай і выпісанай пад мерапрыемства прадпрымальнікаў, як паведамілі ў «Пэрспэктыве».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG