Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі пераклад важнейшы за арыгінал


Такое бывае, запытаеце? Арыгінал жа ёсьць арыгінал, а пераклад — заўсёды адлюстраваньне, гэта значыць, копія, а копій можа быць колькі заўгодна. За копію вам не заплацяць столькі грошай, як за арыгінал.

Бываюць, аднак, сытуацыі, калі пераклад аказваецца важнейшым за арыгінал. Сёньня Міжнародны дзень перакладчыка, а таму я згадаю тры такія сытуацыі, каб крыху заступіцца за перакладчыкаў і напомніць тым, да каго яшчэ гэта не дайшло, што перакладчыкі ня менш важныя за арыгінальных аўтараў, а часам бывае, што і важнейшыя...

Нідэрляндзкі пісьменьнік угандыйскага разьліву

Калі ў 1998 годзе ў Амстэрдаме выйшла кніжка «Abessijne kronieken» (Абісынскія хронікі), увесь нідэрляндзкамоўны літаратурны сьвет ахнуў і сказаў — вось гэта крута! (das was wel echt een ding!). У нас зьявіўся свой Габрыель Гарсія Маркес! Каб зразумець гэтую рэакцыю поўнасьцю, то трэба мець на ўвазе, што нідэрляндзкая — адзіная заходнеэўрапейская мова з угрунтаванай літаратурнай традыцыяй, якая яшчэ не дачакалася літаратурнага нобэля.

Аўтарам гэтай кніжкі аказаўся 35-гадовы чарнаскуры эмігрант Мозэс Ісэгава, які прыехаў у Нідэрлянды ў 1990 годзе, пасяліўся каля Амстэрдаму, рупліва вывучыў нідэрляндзкую мову і напісаў свой першы раман. Кніжку адразу пераклалі на больш чым дзясятак эўрапейскіх моваў, і нечаканы дэбютант здабыў міжнародны розгалас. Але — стоп... Потым аказалася, што ўсё гэта было як быццам і так, але адначасова і па-іншаму.

У зман уводзіць ужо сам загаловак раману — «Абісынскія хронікі» — таму што аповед вядзецца не пра Абісынію-Этыёпію, а пра Ўганду. Кніга Ісэгавы — сямейная сага, напісаная ад першай асобы, пра жыцьцё ва Ўгандзе ў 1960-1990 гг.

Мозэс Ісэгава (сапраўднае: Сэй Вава) нарадзіўся ў сталіцы Ўганды, Кампалі, у досыць заможнай каталіцкай сям’і. Ягоныя бацькі былі ў змозе запэўніць яму адукацыю ў добрых ангельскамоўных школах і ўнівэрсытэце. Пасьля заканчэньня вучобы ён працаваў настаўнікам гісторыі. У 1990, як я ўжо згадаў, эміграваў у Нідэрлянды.

У 1999 Мозэс Ісэгава апублікаваў свой другі раман па-нідэрляндзку — «Slangekuil» (Клубок гадзюк), пра жыцьцё ва Ўгандзе ў часы дыктатуры Ідзі Аміна — і ягоная рэпутацыя як вядучага нідэрляндзкага аўтара была ўстаноўлена. У 2001 ён атрымаў нідэрляндзкае грамадзянства.

У 2001 годзе ягоны першы раман выйшаў па-ангельску адначасова ў Вялікабрытаніі і ЗША пад загалоўкам «Abyssinian Chronicles», і тады раптам аказалася, што Ісэгава насамрэч піша свае раманы па-ангельску. Кнігі «Abessijne kronieken» і «Slangekuil», якія прынесьлі яму міжнародную славу, былі перакладамі з ангельскай, якія Ісэгава толькі «адрэдагаваў». Імя перакладчыка/перакладчыцы Ісэгавы на нідэрляндзкую шырэйшай чытацкай грамадзкасьці не паведамляецца і па сёньняшні дзень.

Кажуць, што ангельскамоўную вэрсію свайго першага раману Ісэгава прапанаваў выдаць двум дзясяткам выдавецтваў на сьвеце і што ўсе яны адмовіліся, палічыўшы кніжку слабой і «некамэрцыйнай». Ну дык вось: як жа пасьля гэтага выпадку казаць, што перакладчык — усяго толькі капіроўшчык?

Сьпевы і танцы сярод пінскіх балотаў

Хрэстаматыйным прыкладам беларускай сытуацыі, у якой пераклад непараўнальна больш важны за арыгінал, зьяўляецца «фарс-вадэвіль у адной дзеі» пад назвай «Пінская шляхта». Давайце падымем рукі тыя, хто з нас прачытаў арыгінал гэтай п’есы. Максімюк — раз... А далей?

У тэатральнай традыцыі ў Беларусі арыгінал «Пінскай шляхты» ня мае вялікага значэньня, бо амаль усе людзі, якія гэты спэктакль глядзелі або чыталі тэкст п’есы, рабілі гэта ў вэрсіі, «абеларушанай» Янкам Купалам і Язэпам Лёсікам. Гэтая вэрсія ўпершыню была апублікаваная ў 1918 годзе ў газэце «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная вэрсія «Пінскай шляхты» настолькі ўгрунтаваная і зацьверджаная традыцыяй, што мала хто ў Беларусі зьвярнуў увагу, што «Пінскую шляхту» ў яе арыгінальнай вэрсіі ня так даўно паставіў Палескі драматычны тэатар зь Пінску. Гэтая пастаноўка не засталася, аднак, не заўважанай на Падляшшы, куды гэты тэатар завітаў у кастрычніку 2009 году і даў тры спэктаклі, у Беластоку, Бельску і Гайнаўцы. Спэктаклі прайшлі з аншлягам і велізарным энтузіязмам публікі, паколькі большасьць гледачоў складалі падляскамоўныя беларусы, для якіх арыгінальная мова «Пінскай шляхты» ўспрымаецца амаль як свая родная.

«Пінская шляхта» — гэта ня толькі загадка для мовазнаўцаў і гісторыкаў, хто яе напісаў (Дунін-Марцінкевіч ці, ня выключана, нейкі падляшук, які таксама згадваецца сярод кандыдатаў на магчымага аўтара), але і загадка для тэарэтыкаў перакладу — што насамрэч зрабілі з арыгіналам Купала і Лёсік? У «Вольнай Беларусі» ў 1918 годзе яны напісалі, што іхняя вэрсія зьяўляецца «выпраўленым на беларускі лад» тэкстам, які быў напісаны на «пінчуцкай гаворцы». Нават беглае параўнаньне «выпраўленьня» з арыгіналам дазваляе ўбачыць, што «абеларушаньне» палягала на збольшага аўтаматычнай трансфармацыі арыгінальных словаў у іх беларускія фанэтычна-марфалягічныя адпаведнікі. Гэта дае неблагі вынік у выпадку звычайных сцэнічных рэплік — бо сынтаксіс і лексыка «пінчуцкай гаворкі» мала адрозьніваецца ад сынтаксісу і лексыкі беларускай літаратурнай мовы. Але пры перакладзе песьняў, якіх у п’есе шмат, гэты прынцып аўтаматызму не спрацоўвае, з увагі на акцэнтуацыйныя і марфалягічныя розьніцы абедзьвюх моваў. Тут, так сказаць, Купала зь Лёсікам ня «выправілі», а «папсавалі»...

Але ўсё гэта ня так істотна. Супраць традыцыі не папрэш. А традыцыя адназначна аддала перавагу перакладу.

Ведзьмакі і іншая чартаўшчына

Я закончыў чатырохгадовы ліцэй у Польшчы, у якім урокі польскай мовы і літаратуры былі ў нас чатыры разы на тыдзень, але так і не дачуўся ні разу, што ў палякаў у ХІХ стагодзьдзі быў такі пісьменьнік, які называўся Ян Баршчэўскі. Калі нехта і згадвае пра Яна Баршчэўскага ў Польшчы, то хутчэй за ўсё падчас нейкага ўнівэрсытэцкага сэмінару перад студэнтамі польскай філялёгіі. Дый то я ня ўпэўнены...

І гэта для нас, беларусаў, вельмі камфортная сытуацыя. Бо мы, так сказаць, можам «прысабечыць» Яна Баршчэўскага і ягонага «Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» поўнасьцю. Палякі ня будуць мець ні вялікіх, ні малых прэтэнзій. У польскай літаратуры Баршчэўскага не відаць як мінімум з-за трох шэрагаў важнейшых за яго пісьменьнікаў.

Канешне, ніхто з нас не чытаў «Шляхціца Завальню» па-польску. Але ёсьць сярод нас такія шчасьліўчыкі, якія прачыталі выдадзены ў 1990 годзе «Мастацкай літаратурай» знакаміты беларускі пераклад гэтай кнігі ў выкананьні Міколы Хаўстовіча. Тое выданьне кнігі пра ведзьмакоў, цмокаў, русалкі і іншую чартаўшчыну зь віцебскіх лясоў і балотаў суправаджалася фантастычнымі ілюстрацыямі Валеры Славука, ад якіх мароз эстэтычнай асалоды бегае па скуры не слабей, чым ад расповедаў Баршчэўскага.

Ну дык вось — наша жывая і нязмушаная лучнасьць зь беларускай літаратурай ХІХ стагодзьдзя грунтуецца галоўным чынам на двух перакладах, адным вельмі слабым, а другім — вельмі клясным. Карыстаючыся гэтай нагодай, я хачу пажадаць падобнага творчага плёну і ўплыву на беларускую культурную публіку ўсім перакладчыкам — і тым знакамітым, і тым крыху менш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG