Абнародаваны топ-10 сьпісу самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Усяго ў сьпісе будзе 200 асобаў, але пакуль названыя прозьвішчы толькі першай дзясяткі. У чым асаблівасьці і што аб’ядноўвае самых заможных беларускіх камэрсантаў?
У сьпісе самых пасьпяховых бізнэсоўцаў паводле вэрсіі інтэрнэт-штотыднёвіка «Ежедневник» лідэрам стаў уладальнік «Трайпла» Юры Чыж, які пачынаў бізнэс зь перапродажу ў Расею беларускай гарэлкі. Замыкае дзясятку Валянцін Байко, які яшчэ год таму быў у рэйтынгу багацеяў на 39-й пазыцыі.
Журналіст «Ежедневника» Вадзім Сяховіч, які рэдагаваў працу групы экспэртаў, заўважае, што праект, які ён узначаліў, — адукацыйны: у рэнкінгу, у адрозьненьне ад рэйтынгу, улічваецца ня толькі сума капіталу, але і ўплыў і месца чалавека ў грамадзтве, якія вымяраюцца ня толькі грашыма:
«Грамадзтва павінна ведаць бізнэсоўцаў, якія зарабляюць грошы, ствараюць працоўныя месцы, плацяць падаткі. Дастаткова такіх пасьпяховых кампаній, якія паводле падаткаў ужо апярэджваюць і дзяржаўныя прадпрыемствы. Грамадзтва бачыць гэтых людзей, ганарыцца імі, і краіна квітнее».
Сярод самых квітнеючых — ураджэнец вёскі Сабалі Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці 50-гадовы Юры Чыж. Пачынаў бізнэс з продажу ў Расею машыны беларускай гарэлкі, а цяпер валодае фірмай «Трайпл», якая займаецца, сярод іншага, і нафтавым бізнэсам. Юры Чыж таксама ўласьнік заводу будаўнічых матэрыялаў у Бярозе, ён пабудаваў лядовую пляцоўку на праспэкце Дзяржынскага, будуе «Чыжоўка-Арэну», якая стане другой па значнасьці пляцоўкай для хакейнага чэмпіянату ў Менску, заплянаванага на 2014 год. Яшчэ Юры Чыж валодае футбольным клюбам «Дынама — Менск», але пакуль вялікіх посьпехаў у гэтым відзе спорту не дасягнуў. Хіба што праславіўся як уласьнік, які зьмяніў за некалькі гадоў больш як 20 трэнэраў. У 2007 годзе Юрыя Чыжа затрымалі праваахоўныя органы, але неўзабаве ён выйшаў на волю і ні ў якай крымінальнай справе не фігураваў.
На другім радку ў сьпісе — старшыня рады дырэктараў «Амкадора» Аляксандр Шакуцін. Былы камсамольскі функцыянэр, як і Юры Чыж, сышоў дзеля бізнэсу з МТЗ і здабыў вялікі ўплыў у Беларусі літаральна за апошнія два-тры гады. Гэта ён спансіраваў сёлетні выступ на «Эўрабачаньні» беларускай сьпявачкі Алены Ланской, якая здолела прарвацца ў фінал конкурсу, хоць і заняла там усяго 16-е месца. Годам раней сьпявачка апынулася ў цэнтры скандалу з падробкай вынікаў галасаваньня пры адборы на «Эўрабачаньне», але гэта не спыніла ані яе, ані ейнага спонсара. «Упарты і пасьлядоўны» — кажуць пра бізнэсмэна Аляксандра Шакуціна, якога сапраўды цяпер ведае ўся краіна.
Чацьвёртым у сьпісе «Ежедневника» аказаўся Павал Тапузідзіс, уладальнік сеткі гіпэрмаркетаў «Карона», рэстаранаў на ўзьбярэжжы Менскага мора і гандлёвага комплексу «Замак», які суседнічае з новай рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі «Палац незалежнасьці» на скрыжаваньні вуліцы Арлоўскай і праспэкту Пераможцаў. Павал Тапузідзіс, як і Аляксандар Шакуцін, уваходзіць у кіраўніцтва праўладнага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». У 2010 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў ён нават быў старшынём участковай выбарчай камісіі.
Актывістам «Белай Русі» называюць і ўладальніка «Санта Брэмара» ды кантрольнага пакету акцыяў «Савушкінага прадукту» Аляксандра Машэнскага. Шмат хто лічыць гэтага бізнэсмэна зь Берасьця трэцім у бізнэсе паводле капіталу, але ў рэнкінгу «Ежедневника» ён займае толькі 5 месца. Бізнэс падымаў спачатку безь відочнай дзяржаўнай падтрымкі, з дапамогай крэдыту ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. А цяпер лічыцца чалавекам, набліжаным да вышэйшых уладаў — на былых прэзыдэнцкіх выбарах нават трапіў у лік давераных асобаў кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
«Ляяльнасьць да ўладаў» — гэта агульная рыса нашых алігархаў. Безь яе ніводзін бізнэсмэн ня стаў бы пасьпяховым«, — лічыць незалежны эканаміст Сяргей Балыкін:
«Калі яны кажуць, што мы па-за палітыкай, то чаму тады публічна падтрымліваюць гэтую ўладу? А калі даводзіць, што гэта і іх палітычныя перакананьні, дык назіраецца нейкае супадзеньне, што чалавек становіцца пасьпяховым, калі падтрымлівае таго, хто дае яму вельмі добра зарабляць. Калі б улада зьмянілася, магчыма, яны і не змаглі б гэтак зарабляць? Тут яшчэ такая цікавая сытуацыя складаецца: дзяржава ня толькі цісьне бізнэс, некатораму бізнэсу яна ж спрыяе. Калі ціснуць на аднаго, то іншы можа заняць ягонае месца на рынку. У такіх суб’ектаў гаспадараньня будзе меншая канкурэнцыя, і яны змогуць больш зарабляць. Ці ня так адбываецца ў нас?»
Працяг сьпісу самых пасьпяховых бізнэсмэнаў выданьне «Ежедневник» абяцае апублікаваць пазьней.
Фірмы Юрыя Чыжа знаходзяцца ў «чорным сьпісе» тых, хто трапіў пад санкцыі ЗША і Эўразьвязу за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. У 2012 годзе сярод кандыдатаў у такі сьпіс фігуравалі таксама бізнэсмэны Аляксандар Шакуцін, Павал Тапузідзіс і Аляксандар Машэнскі, але ўрэшце іх у сьпіс не ўключылі.