Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год сталічныя кватэры падаражэлі на 40 працэнтаў. І будзе толькі горш


Сярэдні кошт квадратнага мэтра ў Менску — 1831 даляр. Усяго за некалькі месяцаў гэтага году кошты на нерухомасьць дасягнулі рэкордных паказьнікаў.

Расьце ў цане і ўжыванае жытло, і новабудоўлі. Спэцыялісты ня могуць адназначна адказаць, чаму цэны так скачуць уверх, аднак упэўненыя — купляць жытло беларусы будуць за ўсякую цану.

«Галоўная прычына росту цэнаў — рэзкае зьмяншэньне колькасьці новабудоўляў па „бюджэтных“ коштах, — кажа старшыня беларускай асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў. — У гэтым годзе зямельных участкаў выдзялялася надзвычай мала. І што да коштаў, вы ўлічыце, што дом будуецца як мінімум тры гады. Дык калі сёлета так мала ўчасткаў выдзелілі, то ў наступным годзе і ў 2015-м мне нават цяжка сабе ўявіць, што будзе з коштамі».

Разабрацца з забудоўшчыкамі Аляксандар Лукашэнка заклікаў у чэрвені. Па ягоных словах, «будаўнічая галіна надта карумпаваная»:

«Сёньня зажэрліся да немагчымасьці, закладаюць у праекты такія аб’ёмы, што фактычна будаўнікі нават ня могуць столькі нарабаваць, пабудаваўшы дом па гэтых нормах, закладзеных у праекце».

У выніку з 1 верасьня пачаў працаваць прэзыдэнцкі ўказ № 258, які закліканы ўдасканаліць парадак выманьня і наданьня зямельных участкаў.

«Ствараецца манаполія, — кажа Мікалай Прасталупаў, — зьмяншэньне колькасьці забудоўшчыкаў прывядзе да таго, што менавіта яны будуць вызначаць кошты на жытло, і кошты гэтыя зьніжацца ня будуць».

У выніку ад цяперашніх забудоўшчыкаў застанецца якіх 10 працэнтаў, — турбуецца экспэрт па нерухомасьці.
Зьмяншэньне колькасьці забудоўшчыкаў прывядзе да таго, што менавіта яны будуць вызначаць кошты на жытло, і кошты гэтыя зьніжацца ня будуць

«Гэта ставіць перашкоды нядобрасумленным забудоўшчыкам. Цяпер будуць абірацца тыя замоўцы, якія сапраўды могуць рэалізаваць праект. А ня так, як раней было — панабіраюць участкаў, а па факце нічога ня робяць. І ў нас даўгабуд, людзі скардзяцца… — тлумачыць начальнік аддзелу жыльлёвага будаўніцтва Камітэту будаўніцтва і інвэстыцый Менгарвыканкаму Ірына Гонтарава. — Цяпер зямельныя ўчасткі камэрцыйным забудоўшчыкам даюцца толькі па выніках конкурсу. Ужо ня так, як раней, паводле заяўнага прынцыпу было. І яшчэ ўпраўленьням капітальнага будаўніцтва раёну і гарвыканкаму».

«Па Менску такіх дамоў, калі сапраўды „кідалі“ дольшчыкаў, — на пальцах пералічыць, — пярэчыць Прасталупаў. — Гэта вядомы дом на Прытыцкага „Тэра-інвэст“».

«Ёсьць практыка затрымкі здачы дамоў, — тлумачыць экспэрт, — гэта ня толькі нашая праблема. Праўда, у капіталістычных краінах — там на штрафы людзі за гэта „пападаюць“. Але будаўнікі сутыкаюцца шмат зь якімі рэчамі, якіх нельга было спрагназаваць раней. Гэта не праблема».

«А што тычыцца даўгабудаў, зь якімі цяпер змагаецца камісія Кабякова (камісія па праблемах у будаўнічым комплексе — рэд.), дык гэта ж СПК, — працягвае Прасталупаў, — гэта арганізацыі, якія кепска фінансуюцца. Гэта не камэрцыйнае жытло».

«Аб’ёмы будаўніцтва ня падаюць, — пераконвае чыноўніца. — На ўзроўні мільёна квадратных мэтраў у год нам даводзяць, і гэтыя паказьнікі не мяняюцца. На наступны год заплянавана ўвесьці ў эксплюатацыю 1 млн квадратных мэтраў жытла».

На пытаньне, чаму ж растуць кошты, Гонтарава адказвае проста: ёсьць попыт.

Міхал Залескі
Міхал Залескі
„У людзей проста ёсьць грошы, — перакананы й эканаміст Міхал Залескі. — Ёсьць вялікі попыт, і кошты растуць. Не стаяць жа пустыя кватэры. Вы ж бачылі, затрымалі начальніка спажывецкай каапэрацыі. Яму давалі хабар у 500 тысяч даляраў. Гэта колькі можна кватэраў пабудаваць?“

„Кватэры купляюць усе, — кажа Залескі. — І чыноўнікі, і пралетарыі, і сяляне. Зь вёскі прыяжджаюць і купляюць, у Маскве працуюць і купляюць. За паўгода насельніцтва перавяло ў Беларусь толькі афіцыйна больш за 500 мільёнаў даляраў. За гэтыя грошы і купляюць“.

Прычына, па словах Залескага, — адсутнасьць рынку каштоўных папераў і іншых формаў ашчаджэньня грошай, адзіны спосаб іх укласьці — нерухомасьць. „Грошы гэтыя пазычаныя, перапазычаныя, але купляюць“, — кажа эканаміст.
«80% нашых прадаўцоў і пакупнікоў — гэта адны і тыя ж людзі

«80% нашых прадаўцоў і пакупнікоў — гэта адны і тыя ж людзі, — тлумачыць Прасталупаў. — Нашыя грамадзяне, каб палепшыць свае жыльлёвыя ўмовы, вымушаныя прадаць тое жытло, якое ў іх ёсьць. „Чыстых“ грошай у іх няма. Гэта не ўкладаньне грошай».

«Чаму ж тады ўлада баіцца камэрцыйных забудоўшчыкаў? — пытаемся ў Прасталупава.

«Гэта няправільнае пытаньне. Гэтая ўлада нікога не баіцца. У гэтай зямлі ёсьць гаспадар, і яго нічога адсюль не зварухне. Праблема ня ў тым, што яны баяцца. Найхутчэй, ідзе размова пра абмежаваньне аб’ёмаў будаўніцтва. Спачатку пачаліся праблемы з выдзяленьнем зямельных участкаў, пасьля пачалося з забудоўшчыкамі. Напэўна будзе і наступны крок. Але гэта не таму, што баяцца. Вось Кабякоў з даўгабудамі за два месяцы разабраўся».

«Што адбываецца, трэба пытацца ў чыноўнікаў, якія ходзяць на высокія сходы і перад імі там ставяць задачы, — падсумоўвае Прасталупаў. — Тыя крокі, якія цяпер прадпрымаюцца, выклікаюць толькі апасеньні і чаканьне, што будзе яшчэ горш. А якія мэты ставіць перад сабой дзяржава, мы ня ведаем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG