Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто баксаў з носу


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
– Тук-тук.

– Хто там?

– Гэта я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

– Што яшчэ?

– Дазвольце часова выехаць за мяжу.

– Часова – гэта на колькі? Дазвол на выезд ёсьць?

– Ёсьць-ёсьць! Штамп у пашпарце! І зваротны квіток. Зараз-зараз, гэта восем гадзінаў выходзіць, але калі на мяжы доўга стаяць будзем, то менш.

– Поняў, з вас восем эўра: па эўра за кожную гадзіну. Папярэджваю: калі падманіш, кожная гадзіна будзе каштаваць дзесяць эўра штрафных. Каб потым не было сьцянаньняў і заклінаньняў: я ня ведаў, прабачце, радзі бога! Няведаньне закону не вызваляе ад пакараньня, Дзяржынскі яшчэ падкрэсьліў, «ВЧК».

Праз восем гадзінаў:

– Тук-тук, гэта я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

– Чаго трэба?

– Пусьціце назад, падыміце шлягбаўм, калі ласачка.

– Колькі знаходзіўся за мяжой?

– Восем гадзін дакладна!

– Без спазьненьня? Тады восем эўра…

Гэта я фантазірую яшчэ даволі памяркоўна. Вядома, што Лукашэнка выказаў жаданьне, каб з кожнага, хто выяжджае за мяжу, бралі сто даляраў. Раз улада хоча, значыць так будзе. Памежная служба атрымае касавыя апараты: здаеш пашпарт у акенца і сто баксаў. Пакуль што гэта караецца як дача хабару, любая выпадковая купюра ў пашпарце. Але потым бяз соткі пагранцу нельга будзе выехаць! Там, дзе выручка, там пляны зьверху адразу спускаюць: павялічваць зборы ў бюджэт каб. Прастора для дзейнасьці! Менш выходзіць, чым хочацца? Камэнданцкую гадзіну зрабіць: не пасьпеў своечасова вярнуцца з-за кардону – пяцьсот базавых яму «і ніякіх гвазьдзей»! А пакуль штраф ня сплоціць, вядома, будзе ў сьпісе невыязных.

Сто баксаў за кожны выезд! – чухаюць галовы тыя, хто мае ў пашпарце візу. Улада, яна прагматычная: хай нават большасьць адмовіцца, будзе сядзець дома. Чорт зь імі. Ад астатніх у касу паступяць грошы, ніяк не заробленыя дзяржавай! Халяўныя ў найвышэйшай ступені! Гэта славутыя «грошы зь нічога», «вышэйшы пілятаж» у такіх справах.

Намесьнік міністра спорту і турызму падтрымлівае намечаную меру: свае будуць менш езьдзіць тады, рэзка зьменшацца чэргі на мяжы, а значыць – аўтаматычна – павялічыцца «ўязны» турызм. Але наколькі павялічыцца? Ці спрабаваў хтосьці прагнозы рабіць? Не? Ну дык я паспрабую: на адзін-два, максымум тры адсоткі. Марнаваньне часу на мяжы – толькі адна зь перашкодаў для аўтобусаў з замежнікамі, калі больш дакладна – з палякамі. Хто-хто, а яны жывуць пад бокам, ім добра вядома, што ў нас тут за тэатар. Іх не падманеш грымам, хоць рот да вушэй малюй на масцы краіны. Калі аблічча непрывабнае для звычайнага эўрапейца, то ніякія піяр-лорды не дапамогуць, не пагоняць табуны турыстаў за наш калючы дрот.

Улады хочуць адрадзіць колішні «дазвол на выезд», толькі яшчэ ў больш хцівай форме. Пачало было забывацца нядаўняе: плаціш за новы пашпарт і трэба яшчэ за штамп «пашпарт прыгодны для шматразовых выездаў ва ўсе краіны сьвету». Але была пэўная «свабода дзеяньняў» – можаш за год, а можаш адразу за пяць, калі грошай не шкада. За кожны год – адну базавую (сто тысяч рублёў сёньня, адзінаццаць даляраў), але можна тады больш-менш спакойна езьдзіць. Віза безь міліцэйскага штампу ня дзейнічала.

Потым канстытуцыйны суд зьнянацку праявіў нечуваную сьмеласьць і самастойнасьць: прызнаў штамп у пашпарце не адпаведным закону і заклікаў скасаваць! Але пацягнуліся гады, мы працягвалі аплочваць сабе дазвол на выезд, ажно аднойчы гэты штамп сапраўды зьнік. Зараз можна будзе толькі марна ўздыхаць па старых парадках, «усяго» па ста тысячах за гадавы дазвол.

Раней у касе, калі едзеш у Польшчу, трэба было заплаціць плюс да квітка «экалягічны збор». Яго зацьвярджалі ўлады памежных раёнаў. Потым падатак зьнік. Зараз вышэйшая ўлада прагне ўсё вярнуць, але з большымі нулямі. Хіба мала начальству, што мытня дае мільярдныя прыбыткі? Канфіскуе налева і направа. Няўжо недастаткова, што яна змагаецца зь несумленнымі пасажырамі, з той цёткай, зь якой на гарадзенскім вакзале зьнялі адразу два дзясяткі кофтаў? Няўжо кожнага трэба зрабіць такім парушальнікам, які «парушае» мяжу сваім жаданьнем зазірнуць за калючы дрот?

Чаму так? Інтэрнэт поўніцца здагадкамі. Падпісаўшы дамовы з суседнімі Літвой і Польшчай аб спрошчаным перасячэньні мяжы жыхарамі памежных раёнаў, улада – замест апошняга подпісу – вырашыла пераключыць увагу на «унутраных ворагаў», перайсьці ў наступ.

На чарзе – пошліна за дазвол жыць у Рэспубліцы Беларусь, выказвае дапушчэньне адзін з удзельнікаў гарачага абмеркаваньня. Другі яшчэ больш пэсымістычны: наступнай стане пошліна за карыстаньне паветрам, якое не знаходзіцца ў нас у прыватным карыстаньні, а належыць дзяржаве!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG